Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабуля палоннай беларускі: «Што ж ты не была на сваёй зямлі?!»


Зінаіда Маркіяновіч

Зінаіда Маркіяновіч

Бабуля Сьвятланы Маркіяновіч — дзяўчыны, якую захапілі ў палон сырыйскія паўстанцы, — учора ўпершыню пабачыла відэаролік з удзелам унучкі.

Зінаіда Маркіяновіч: «Усё глядзела „Известия“, бачыла ўнучачку. Наплакалася. Сьвета сядзела, дык я надзівілася на ўсё жыцьцё. Такая спакойненькая, такая ўжо пакрыўджаная. Я думаю, што ж ты не была на сваёй зямлі, а кудысьці паехала?!»

У Сьвятланы ёсьць яшчэ дзядзька і цётка - родныя брат і сястра яе маці, якая памерла ўжо тры гады таму. Яны рэагуюць вельмі стрымана. Пры гэтым дзядзька ў адным з інтэрвію нават паведаміў, што Сьвятлана ўскосна прычынілася да таго, што ягоная сястра памерла так рана. Маўляў, Сьвятлана паводзіла сябе ня надта добра. Менавіта Сьвятланіна цётка Ірына пазнала яе на відэа.

Ні праваахоўныя органы Беларусі, ні прадстаўнікі МЗС да Зінаіды Міхайлаўны не зьвярталіся. Яна спадзяецца, што ўнучка хутка вернецца дахаты. Пакуль жанчыну, якой амаль 90 гадоў, падтрымліваюць сын і дачка. У яе ёсьць яшчэ дзьве ўнучкі 12 і 20 гадоў.

Сёньня МЗС Малдовы і Беларусі пацьвердзілі, што дзяўчаты — грамадзянкі адпаведна Малдовы і Беларусі.

Беларуска Сьвятлана Маркіяновіч і малдаванка Карына Кольца зьявіліся ў відэароліку, які, верагодна, быў зьняты адным з атрадаў паўстанцкай Сырыйскай свабоднай арміі. Ролік разьмясьціў 9 жніўня карыстальнік Shaker Motlak на канале Youtube пад назвай «Расейская сям’я прызнаецца ў працы на „Хізбулу“».

У прысутнасьці мужчынаў у масках і з аўтаматамі, дзяўчыны кажуць, што яны прыбылі ў Сірыю пад выглядам журналістак і працуюць на ваенізаваную ісламскую групоўку «Хізбала», якая ваюе на баку войскаў ураду.
XS
SM
MD
LG