Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларуска і малдаванка трапілі ў палон, бо іх прынялі за расеек


«Расейская сям’я прызнаецца ў працы на „Хізбулу“» — так называецца відэаролік, на якім беларуска Сьвятлана Маркіяновіч і малдаванка Карына Кольца пад дуламі аўтаматаў прызнаюцца ў працы на ісламскую ваенізаваную групоўку «Хізбула».

Сьветлавалосыя дзяўчаты маглі стаць ахвярамі палітычнага канфлікту.

Шыіцкая ісламісцкая тэрарыстычная арганізацыя «Хізбула» ваюе ў Сырыі на баку войскаў ураду, таму сірыйскае паўстанцкае войска можа быць зацікаўленае ва ўсялякай дыскрэдытацыі гэтага руху. Магчыма, таму, калі відэа толькі зьявілася, яго палічылі пастановачным.

Вядома, што Расея падтрымлівае рэжым сырыйскага прэзыдэнта Башара Асада эканамічнай дапамогай і пастаўкамі зброі. Яшчэ ў траўні New York Times пісала, што Расея паставіла ў Сырыю крылатыя ракеты «Яхант» і комплексы С-300. Ізраіль ня раз выказваў неспакой наконт таго, што расейская зброя можа трапіць у рукі «Хізбулы». «Хізбула» вядомая сваёй антысэміцкай ідэалёгіяй і шматкроць ладзіла на тэрыторыі Ізраілю тэрарыстычныя акцыі.

Беларускі прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка ня раз выказваўся ў падтрымку рэжыму Асада. Ён наведваў Сырыю двойчы — апошні раз 10 гадоў таму, у 2003-м. Аднак ужо ў разгар грамадзянскай вайны ў Сірыі ён вітаў афіцыйнае кіраўніцтва гэтай краіны. Між тым, паводле розных падлікаў, падчас вайны загінула ад 90 да 120 тысяч чалавек, больш за 200 тысяч прызнаныя ўцекачамі.

У іншым інтэрвію Аляксандар Лукашэнка назваў Башара Асада «абсалютна эўрапейскім, высокацывілізаваным чалавекам».


Сьвятлана Маркіяновіч, 30 гадоў, Жодзіна.


Сьвятлана нарадзілася 3 лютага 1983 году. Жыве разам з бабуляй у вельмі сьціплай трохпакаёвай кватэры ў Жодзіне. Яе маці памерла тры гады таму. Бабуля Зінаіда Міхайлаўна відэа з удзелам Сьвятланы яшчэ ня бачыла і дакладна не разумее, што адбываецца.

Зінаіда Міхайлаўна Маркіяновіч:

«А што мне пра яе сказаць? Яна зьехала, і ўсё. Можа, яна недзе тут побач у Жодзіне, адкуль я ведаю? У чэрвені зьехала. Я выпісалася з бальніцы, а яна зьехала, і я яе ня бачыла. Не званіла яна мне ніколі. Што яна будзе са мной гаварыць, на што я ёй, старая? Каму мы трэба?! І раней яна зьяжджала: паедзе — прыедзе, паедзе — прыедзе. Ніколі не казала, куды. Я аплочвала кватэру і плачу. Яна недзе ў гандлі працавала, тут жа ў Жодзіне нідзе, апроч як у гандлі, не ўладкуесься. Замужам была. Хлопчык быў у прытулку, бо яна не магла яго выхаваць, цяжка. Усынавілі яго харошыя людзі, і я рада за гэта. Яму ўжо каля шасьці гадоў. А было тры годзікі. Данілка зваць».

Зінаіда Міхайлаўна кажа, што дзяўчына амаль не камунікавала зь ёю, жылі ў асобных пакоях, Сьвятлана толькі слухала музыку. У яе не было сяброў, жыцьцё яна вяла замкнёнае.
Зінаіда Міхайлаўна распавяла, што да яе прыяжджалі журналісты з тэлебачаньня, якія сказалі, што за Сьвятлану просяць вялікі выкуп, і пыталіся, ці яна гатовая прадаць кватэру.

Цётка Сьвятланы Ірына распавяла, што Сьвятлана толькі аднойчы прызналася, што працуе ў гатэлі ў Бэйруце. Больш яна нічога пра сваю працу не распавядала.

Суседкі ў двары дома, дзе жыве Сьвятлана, ужо пабачылі яе на відэа па тэлебачаньні. Яны пацьвярджаюць, што на відэа Сьвятлана. Кажуць, што яна была вельмі замкнёная, але нічога кепскага пра яе сказаць ня могуць. «Харошая дзяўчына, хай бы вярталася хутчэй».

Працавала Сьвятлана нібыта ў жодзінскім унівэрсаме, але там яе ніхто ня памятае.

Суседкі паведамілі, што адзінае, чым Сьвятлана была адметная, — гэта тым, што шмат хадзіла на трэніроўкі ў мясцовы спартовы цэнтар. Трэнэр па фітнэсе яе не згадаў, а вось масажыстка распавяла, што Сьвятлана была ў яе апошні раз 14 чэрвеня. Пасьля сказала, што зьяжджае. Падчас сэансаў яны ніколі ні пра што не размаўлялі. «Ёсьць такія людзі, зь якімі ня хочацца падтрымліваць камунікацыю, — распавядае масажыстка. — Яна была звычайная, сярэдняя, нічога кепскага, але гаварыць зь ёю не хацелася».


Карына Кольца, 32 гады, Тыраспаль


Пра Карыну распавёў яе брат Леанід Бытка. Яна езьдзіць за мяжу апошнія гады, але куды і навошта — ён ня ведае.

«Яна мне пазваніла тыдзень таму і кажа: мяне выкралі. Я кажу: „Карына, як гэта?! Што мне рабіць?“ Яна мне тады кажа, каб я пайшоў да той жанчыны, што яе сюды накіравала. І яна калі першы раз званіла, то гэта быў нумар зь Лібану. А ўжо калі другі, калі сказала, што выкралі, то сказала, што яе выкралі адтуль, дзе яна была, а цяпер яна ў Сырыі. І нумар быў сырыйскі».

Ужо вядома, што Карына выправілася ў Лібан танцоркаю па кантракце, каб танцаваць у начным клюбе. Брату Карына сказала, што цяпер яна разам са сваёй сяброўкай. Магчыма, гэта і ёсьць Сьвятлана.

Леанід Бытка дагэтуль не зьвярнуўся ў праваахоўныя органы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG