Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Укус пчалы


У большасьці выпадкаў ўкусы пчол і іншых насякомых проста раздражняюць і лячэньне хатнімі сродкамі — гэта ўсё, што дастаткова. Але калі ў вас алергія на укус насякомых ці вас укусілі некалькі разоў, у вас можа быць больш сур’ёзная рэакцыя, якая патрабуе тэрміновага лячэньня.

Пчаліныя ўкусы могуць выклікаць розныя рэакцыі, пачынаючы ад часовага болю і дыскамфорту да цяжкай алергічнай рэакцыі. Пэўны тып рэакцыі на канкрэтны ўкус не азначае, што вы заўсёды будзеце мець такую ж рэакцыю кожны раз, калі вас джаліць пчала, піша амэрыканскі інтэрнэт-партал Mayo clinic.

У большасьці людзей ацёк і боль ад укусу зьнікае на працягу некалькіх гадзінаў. Але прыкладна ў 10% людзей укусы выклікаюць моцную лякальную рэакцыю, для якой характэрна моцнае пачырваненьне на месцы ўкусу і ўтварэньне прыпухласьці, якая паступова павялічваецца на працягу бліжэйшых двух дзён. Наступствы лякальнай рэакцыі зьнікаюць, як правіла, на працягу 5-10 дзён.

Аднак ў прыкладна 3% людзей укусы пчол выклікаюць цяжкую алергічную рэакцыю — анафіляксыю. Прыкметы анафіляксыі: цяжкасьці з дыханьнем, сьверб (крапіўніца) ў розных частках цела — ня толькі ў месцы ўкусу, ацёк горла, млоснасьць, ваніты ці дыярэя, галавакружэньні ці страта прытомнасьці.

Калі пчолы пакусалі вас некалькі разоў, то назапашваньне атруты выкліча таксычную рэакцыю. Дзецям, людзям сталага веку, тым, хто маюць праблемы з сэрцам ці дыханьнем, пасьля множных укусаў неабходна адразу ж зьвяртацца да лекара.

Імавернасьць, што ў вас будзе алергічная рэакцыя на чарговы ўкус пчалы, вышэй, калі ў вас яно была ў мінулым, нават у дзяцінстве. У дарослых алергічная рэакцыя, як правіла, больш жорсткая, чым у дзяцей. Хуткае падзеньне артэрыяльнага ціску пры анафіляксыі можа прывесьці да страты прытомнасьці, а часам можа быць і фатальным.

Пасьля ўкусу трэба як мага хутчэй выдаліць джала, найлепш пры дапамозе пінцэту. Потым трэба вымыць укушанае месца з мылам і накласьці халодны кампрэс, каб паменшыць боль і ацёк. Нельга драпаць месца ўкусу, гэта прывядзе да пагаршэньня сьвербу і павялічыць рызыку заражэньня. У выпадку моцнай лякальнай рэакцыі трэба прыняць антыгістамінныя прэпараты, такія як дымедрол.

Пры цяжкой алергічнай рэакцыі дактары даюць пацярпелым эпіфэдрын (адрэналін) для памяншэньня рэакцыі, кісларод і картызон, каб кампэнсаваць абмежаваньні дыханьня.

Калі ў вас вядомая моцная алергічная рэакцыя на ўкусы пчол, доктар можа прызначыць вам аўтаінжэктар адрэналіну, насіце яго ўвесь час з сабой, навучыцеся самі і навучыце сваіх родных, як карыстацца ім, каб пасьля ўкусу вы адразу маглі зрабіць сабе іньекцыю.

Напрыканцы — некалькі парадаў. Калі некалькі пчол лётаюць вакол вас, захоўвайце спакой і павольна сыходзьце з гэтага месца. Адмахваючыся ад насякомых, вы хутчэй выклічаце іх укус. Калі пчала або аса ўкусіла вас і іншыя насякомыя лётаюць вакол, прыкрывайце рот і нос і хутка пакідайце гэтае месца. Калі пчала джаліць, яна выпускае хімічнае рэчыва, якое прыцягвае іншых пчол.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG