Лінкі ўнівэрсальнага доступу


Паводле навукоўцаў-энтамолягаў, сёлетняя анамальная гарачыня прывяла да надзвычайнага разрастаньня папуляцыі насякомых-крывасмокаў. Калі пры звычайным надвор’і самкі камароў за сваё 1,5—2-месячнае жыцьцё робяць у сярэднім адну-дзьве кладкі яек, то цяпер — да пяці. У выніку не пасьпяваюць памерці камары з папярэдняй кладкі, як да іх дадаюцца новыя. На аднаго чалавека, такім чынам, прыпадае цэлае камарынае войска. Дадамо, што ў той жа Беларусі камароў больш за 20 відаў, прычым некалькі зь іх — малярыйныя. Прыкладна такая ж камарыная папуляцыя і ў суседніх усходнеэўрапейскіх краінах. Што да ўсёй постсавецкай прасторы, дык тут колькасьць відаў гэтых насякомых перавальвае за сотню.

Сямейныя лекары-практыкі з краін Усходняй і Цэнтральнай Эўропы сьведчаць, што гэтым летам значна паболела скаргаў пацыентаў на так званую "інсэктавай алергію". Алергічныя рэакцыі на ўкусы насякомых-крывасмокаў выяўляюцца ў самых розных формах. Звычайна
Чалавек можа вынесьці да 500 укусаў насякомых, але для алергікаў і дзяцей летальным можа стаць нават адзін.
чырванее скура, зьяўляецца ацёк, моцна сьвярбіць. Неапрацаваныя месцы ўкусаў могуць сьвярбець тыднямі. Калі ранкі няспынна расчэсваць, яны доўга не зажываюць, узьнікае небясьпека заражэньня. У выпадку мноства ўкусаў адразу рэакцыя можа быць як на атруту — агульная слабасьць, галаўныя болі, млосьць, ваніты. Паводле мэдыкаў, чалавек можа вынесьці да 500 укусаў насякомых, але ў людзей з павышанай адчувальнасьцю нават адзін укус можа прывесьці да алергічнага шоку са сьмяротным вынікам.

Як адзначае кіраўнік асацыяцыі сямейных лекараў Латвіі Сармітэ Вэйдэ, "укусы найбольш небясьпечныя для малых дзяцей і алергікаў. Сёлета ў краіне ўжо зафіксавана некалькі выпадкаў шпіталізацыі ў сувязі з "інсэктавай алергіяй". Сармітэ Вэйдэ раіць не пакідаць малых на прыродзе без нагляду. У выпадку ўкусу доктар Вэйдэ рэкамэндуе і дзецям, і дарослым ня церці скуру на месцы ранкі, бо сьвярбець укус тады будзе болей, а гаіцца — даўжэй. Ранку трэба апрацаваць гарэлкай ці нашатырным сьпіртам. Калі ж пасьля ўкусу ў чалавека падскоквае тэмпэратура і назіраецца ліхаманка, да хворага трэба выклікаць лекара-інфэкцыяніста. Камар можа аказацца і малярыйным. Пры своечасовай дапамозе лячэньне звычайна бывае пасьпяховым.


найлепшы спосаб барацьбы з камарамі — прафіляктыка


Як сьведчыць кіраўнік асацыяцыі хатніх лекараў Латвіі, найлепшы спосаб барацьбы з камарамі — прафіляктыка. Так, зьбіраючыся ў камарыныя мясьціны, варта апрануць закрытую вопратку і скарыстаць той ці іншы з "супрацьмаскітных" спрэяў ці сьпіртовых настояў, якія прадаюцца ў аптэках. Дарэчы, шмат якія зь іх бароняць ня толькі ад камароў, але і ад кляшчоў, якіх гэтым летам таксама істотна паболела. Ад начных камарыных укусаў бароняць аконныя сеткі.

Тым, хто зьбіраецца адпачыць па-за межамі родных шыротаў, у традыцыйна цёплых краях, мэдыкі раяць зрабіць адмысловыя прышчэпкі супраць малярыі ды іншых інфэкцыяў. Ня трэба забывацца пра тое, што ў паўднёвых краінах узбуджальнікі розных інфэкцыйных хваробаў
Да барацьбы з нашэсьцем крывасмокаў падключыліся міністэрствы экалёгіі краін ЭЗ ды МАГАТЭ.
могуць пераносіцца і немалярыйнымі камарамі. Размова ідзе пра так званыя трансьмісіўныя і арбавірусныя хваробы — напрыклад, філярыятоз або тулярэмію, якія распаўсюджваюцца ў тропіках камарамі-крывасмокамі і кляшчамі.

У Нямеччыне гучаць шматлікія скаргі на тое, што з-за нашэсьця камароў людзі мусяць адмаўляцца ад звыклага адпачынку летнім вечарам на тэрасе з келіхам віна ці куфлем піва. Барацьба з камарамі ў шэрагу фэдэральных земляў гэтай краіны вядзецца пад патранатам Міністэрства экалёгіі. Так, рашэньнем уладаў Баварыі яшчэ ў чэрвені з гелікоптэраў распыльвалі ў паветры біялягічны сродак "Bti" супраць камарыных лічынак. Тым часам навукоўцы МАГАТЭ прапануюць нішчыць пераносчыкаў малярыі і іншых захворваньняў з дапамогай радыяцыі. Камароў-самцоў у спэцыяльных боксах масава стэрылізуюць шляхам апраменьваньня, а потым выпускаюць на волю. Далейшы іх кантакт са звычайнымі самкамі вядзе да зьніжэньня папуляцыі крывасмокаў.


малярыя і "сьверб купальшчыкаў"


Тым часам у Беларусі сёлета зафіксаваныя два выпадкі малярыі. Як паведаміў журналістам спэцыяліст у галіне паразыталёгіі Нацыянальнага цэнтру гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя Андрэй Ведзянькоў, "гэта звычайная лічба": малярыя ў Беларусі мае завозны характар, і колькасьць яе выпадкаў дагэтуль штогод заставалася на адным і тым жа ўзроўні. Паводле Ведзянькова, сёлетняе істотнае павелічэньне папуляцыі насякомых-крывасмокаў — камароў ды кляшчоў — мае ў кожным выпадку канкрэтную прычыну. Так, прырост колькасьці камароў у Беларусі зьвязаны з гарачым надвор’ем, а кляшчоў — з цыклічнасьцю разьвіцьця папуляцыі.

"Пройдзе гарачыня — паменее і камароў", кажа беларускі адмысловец. Што да кляшчоў, то рост іх колькасьці назіраецца другі год запар. Празь некалькі гадоў кляшчыная папуляцыя зьменшыцца. Сёлета з прычыны ўкусаў крывасмокаў па мэдычную дапамогу зьвярнулася больш за 15 тысяч жыхароў Беларусі, то бок на 25% болей, чым летась.

І яшчэ адна непрыемная хвароба, якую ў Беларусі выклікаюць насякомыя. Гэта цэркарыёз, або так званы "сьверб купальшчыкаў". Ён узьнікае, калі скуру паражаюць лічынкі паразытаў-цэркарыяў. Сёлета ў першай палове ліпеня толькі на Нарачы было зафіксавана 70 выпадкаў цэркарыёзу. Паводле Андрэя Ведзянькова, гэта менш, чым за такі ж пэрыяд летась, але больш, чым сёлета ў чэрвені.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG