Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заявы Аляксандра Лукашэнкі пра магчымыя зьмены выбарчага заканадаўства не паўплываюць на пляны апазыцыйных партыяў.

Іх лідэры ў размове са Свабодай сёньня сказалі, што ня вераць у магчымасьць правядзеньня на Беларусі сумленных і справядлівых выбараў. А таму завяршаюць вызначэньне фармату ўдзелу сваіх партыяў у мясцовых выбарах, якія павінны адбыцца не пазьней за сакавік 2014 году.

Партыя БНФ ужо даўно вызначылася са сваімі намерамі. «Мы будзем удзельнічаць у мясцовай выбарчай кампаніі, не зважаючы на тое, будуць нейкія зьмены ў правілах выбараў альбо не. Нават калі нешта тут і зьменіцца, дык толькі на касмэтычным, а не на прынцыповым роўні», — сказаў Свабодзе намесьнік старшыні партыі Рыгор Кастусёў:

Рыгор Кастусёў

Рыгор Кастусёў

«Адназначна мясцовыя выбары мы будзем выкарыстоўваць як інфармацыйную нагоду для працы з насельніцтвам. А вось вырашаць — ісьці на выбарах да самага канца альбо зьняцца на нейкім этапе — будуць непасрэдна самі кандыдаты. Прыняць агульнае рашэньне для ўсіх рэгіёнаў — гэта вельмі і вельмі складана. Таму кожны кандыдат будзе гэта вырашаць самастойна.

Цяпер ідзе фармаваньне сьпісу магчымых кандыдатаў. На час правядзеньня апошняга партыйнага сойму (27 ліпеня) было каля сотні ахвотных удзельнічаць у выбарах. І цяпер сьпіс папаўняецца».

«Дыскрымінацыйнымі» называе зьмены, якія прапануюцца ў Выбарчы кодэкс уладамі, сустаршыня аргкамітэту ў справе стварэньня партыі БХД Віталь Рымашэўскі:

Віталь Рымашэўскі

Віталь Рымашэўскі

«Я магу анансаваць: мы адразу заявім, што ў гэтых умовах, якія ня толькі не палепшацца, а, як вынікае з гэтай нарады Лукашэнкі-Ярмошынай, будуць яшчэ пагоршаныя, мы будзем заклікаць не прызнаваць гэтыя выбары як такія.

А вось выбарчую кампанію будзем выкарыстоўваць, як выкарыстоўвалі дагэтуль усе папярэднія кампаніі — дзеля данясеньня нашай думкі, нашай грамадзкай пазыцыі, арганізацыі пратэстаў сярод насельніцтва. Для гэтага мы рыхтуем і рэгіянальных кіраўнікоў, рэгіянальных лідэраў нашай кампаніі. А дакладны, дэталёвы фармат удзелу мы абвесьцім у верасьні».

Намесьніца старшыні АГП Антаніна Кавалёва сказала «Свабодзе», што партыя ня будзе зважаць на падобныя захады ўлады:

«Мы яшчэ дакладна не абгаворвалі фармат удзелу ў мясцовых выбарах. У нас ёсьць прапанова сумясьціць гэтую кампанію з праймэрыз. І ўсё гэта мы яшчэ будзем больш дакладна абмяркоўваць і ўнутры партыі, і з нашымі партнэрамі.

АГП раней абвясьціла пра кампанію „За сумленныя выбары без Лукашэнкі“. Таму мы ня будзем зважаць на тое, якія заявы робяць улады, якія зьмены яны будуць уносіць. Мы будзем прытрымлівацца сваёй стратэгіі».

З размоваў з партыйнымі лідэрамі вынікае, што найбольш у падрыхтоўцы да мясцовых выбараў прасунулася партыя «Справядлівы сьвет». Цяпер яе лідэры разам з кіраўнікамі партыяў БСДП (Грамада), «Надзея» і аргкамітэту ў справе стварэньня Беларускай партыі працоўных абмяркоўваюць супольную стратэгію, агульнае пасланьне да выбарцаў і аб’яднаны сьпіс кандыдатаў, — паведаміў намесьнік старшыні «Справядлівага сьвету» Валеры Ўхналёў:

Валеры Ўхналёў

Валеры Ўхналёў

«Я мяркую, што тыя зьмены, якія плянуецца ўнесьці ў Выбарчы кодэкс, не паўплываюць на рашэньне і нашай партыі, і Саюзу левых партыяў аб удзеле ў кампаніі па абраньні дэпутатаў мясцовых саветаў. Яны пагоршаць умовы, у якіх мы будзем працаваць з насельніцтвам падчас так званай выбарчай кампаніі. Але прынцыпова на зьмену нашага рашэньня яны не паўплываюць. Таму і „Справядлівы сьвет“, і Саюз левых партыяў рыхтуюцца да выбараў. І мы нават ужо пачалі разьмяркоўваць сваіх магчымых кандыдатаў па акругах».

Дакладная дата правядзеньня мясцовых выбараў будзе вызначана прэзыдэнцкім указам. Ён павінен зьявіцца не пазьней як за тры месяцы да дня выбараў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG