Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ініцыятары «Народнага рэфэрэндуму» паехалі па Віцебшчыне


Менскія прадстаўнікі кампаніі «Гавары праўду» і руху «За свабоду» Андрэй Дзьмітрыеў ды Юры Губарэвіч правялі шэраг сустрэч у Воршы.

Ад імя грамадзкіх структур, якія выступаюць за правядзеньне «Народнага рэфэрэндуму», яны набылі на дабрачыннай выставе «Сьвятло Бацькаўшчыны», якая эксапануецца ў Воршы, карціну мастака Міколы Купавы і падаравалі яе музэю Ўладзімера Караткевіча. Паводле ўмоваў выставы, большая частка сродкаў ад продажу карцін ідзе на рэстаўрацыю занядбанага помніка архітэктуры — базыльянскага кляштара, які руйнуецца пры поўнай абыякавасьці аршанскіх уладаў.

Карціна М.Купавы, падораная музэю Ўладзімера Караткевіча

Карціна М.Купавы, падораная музэю Ўладзімера Караткевіча



Апрача наведаньня мастацкай выставы Юрый Губарэвіч і Андрэй Дзьмітрыеў разам з аршанскімі актывістамі ўсклалі кветкі да помніка Ўладзімеру Караткевічу і на месцы пахаваньня ахвяраў сталінскіх рэпрэсій ва ўрочышчы Кабыляцкая гара пад Воршай.

Потым цэлая дэлегацыя, у тым ліку аршанскі прадстаўнік кампаніі «Гавары праўду» Алесь Шутаў і старшыня Віцебскай абласной рады Партыі БНФ Леанід Аўтухоў, наведала райвыканкам.

Каля помніка Караткевічу

Каля помніка Караткевічу



На месцы сталінскіх расстрэлаў

На месцы сталінскіх расстрэлаў



На месцы сталінскіх расстрэлаў

На месцы сталінскіх расстрэлаў



Подпісы за рамонт маста

Подпісы за рамонт маста



Актывісты пабылі на прыёме ў намесьніка старшыні Аршанскага райвыканкаму Івана Хурбатава. Перадалі яму ліст з подпісамі жыхароў гораду, якія патрабуюць даўно абяцанага рамонту маста цераз Дняпро, які злучае раён ільнокамбінату і мікрараён Задняпроўе-1. Мост даўно ў аварыйным стане, але па ім па-ранейшаму ходзяць вялікія пасажырскія аўтобусы. Гэта небясьпечна. Але ўлады ўвесь час спасылаюцца на недахоп сродкаў і штогод абяцаюць распачаць рамонт.

Пра іншыя мясцовыя праблемы менскія грамадзкія лідэры даведаліся на аршанскім кірмашы падчас сустрэчы зь мясцовымі прадпрымальнікамі. Прадстаўнік кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў прапанаваў ім акрэсліць праблемы і пытаньні, якія могуць быць вынесены на ўсеагульнае абмеркаваньне «Народнага рэфэрэндуму»:

«Прадпрымальнікі казалі пра адсутнасьць нармальнага заканадаўства, якое бараніла б правы і інтарэсы прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнэсу. Яны кажуць, што хацелі б проста нармальна працаваць, а таму хацелі б, каб на рэфэрэндуме абмяркоўваліся магчымасці абароны ад самадурства мясцовых уладаў. Здавалася б, у кожным горадзе людзі гавораць пра свае асобныя праблемы. Але потым, калі праблемы аналізуеш, высьвятляецца, што праблемы гэтыя, па сутнасьці, агульныя. Здаецца, усе людзі разьяднаныя, але відавочна, што падставы для аб’яднаньня ёсьць».

З аршанскімі прадпрымальнікамі

З аршанскімі прадпрымальнікамі



Увечары адбылася сустрэча з аршанскімі актывістамі, падчас якой Юры Губарэвіч, Андрэй Дзьмітрыеў і Леанід Аўтухоў распавялі пра мэты ініцыятывы «Народны рэфэрэндум» Яны бачаць яе як сродак вывучэньня найбольш вострых праблем. Каб потым пытаньні, якія людзі лічаць самымі надзённымі, уключыць у праграмы кандыдатаў — будучых удзельнікаў выбараў у мясцовыя саветы.

Сустрэча з актывістамі

Сустрэча з актывістамі

XS
SM
MD
LG