Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Звольнены актывіст незалежнага прафсаюзу Леанід Дубаносаў судзіцца зь мікашэвіцкім прадпрыемствам «Граніт». Ён лічыць што яго звольнілі незаконна.

Спадар Дубаносаў патрабуе аднаўленьня на працы і выплаты кампэнсацыі за змушаныя прагулы.

23 ліпеня адбылося ўжо другое паседжаньне паводле яго пазову да «Граніту». На судзе прысутнічалі паплечнікі актывіста, юрысты Беларускай канфэдэрацыі дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП).

Як кажа юрыст БКДП Алена Яськова, у справе Леаніда Дубаносава можа адбыцца яшчэ не адно паседжаньне, бо ў часе яго звальненьня былі дапушчаныя парушэньні:

«У адносінах да Леаніда Дубаносава наймальнік дапусьціў вельмі сур’ёзныя парушэньні. Ён ня быў азнаёмлены з загадамі аб прыцягненьні да дысцыплінарнай адказнасьці. Яго азнаёмілі зь імі толькі пасьля звальненьня. Таму падставаў для скасаваньня кантракту не было.»

Сёньня былі дапытаныя сьведкі. У прыватнасьці, паштальён, які мусіў даставіць паведамленьні аб дысцыплінарных спагнаньнях і звальненьні Дубаносаву, апавёў, што ўпершыню бачыць гэтага чалавека.

Суд працягне разглядаць пазоў спадара Дубаносава 24 ліпеня а 12-й гадзіне.

Леанід Дубаносаў амаль 25 гадоў адпрацаваў на «Граніце» экскаватаршчыкам. За гэты час да яго не было ніякіх заўвагаў. Але пасьля ўступленьня ў незалежны прафсаюз рабочаму выпісалі адразу 2 дысцыплінарныя спагнаньні за дзень. Яны і сталі фармальнай падставай да звальненьня, якое адбылося 16 траўня.

Як раней расказваў Свабодзе Леанід Дубаносаў, начальства прапаноўвала яму пакінуць незалежны прафсаюз, бо ў адваротным выпадку яго звольняць. Але спадар на гэта не пагадзіўся.

Прыканцы 2011 году некалькі соцень працаўнікоў прадпрыемства па здабычы будаўнічага каменю «Граніт» у Мікашэвічах напісалі заявы, што выходзяць з афіцыйнага прафсаюзу. Рабочыя абвясьцілі, што ствараюць на прадпрыемстве суполку Беларускага незалежнага прафсаюзу. Адразу ж сябры незалежнага прафсаюзу адчулі ціск на сябе з боку адміністрацыі.

З прадпрыемства звольнілі актывістаў БНП Алега Стахаевіча, Мікалая Карышава, Генадзя Паўлоўскага, Людмілу Літвінка, Віталя Пашэчку й Леаніда Дубаносава.
XS
SM
MD
LG