Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Івашкевіч: «Трэба мець такую тактыку, каб не падстаўляць актывістаў»


Віктар Івашкевіч

Віктар Івашкевіч

З актывістам незалежнага прафсаюзу на прадпрыемстве «Граніт» экскаватаршчыкам Леанідам Дубаносавым не працягнуты кантракт. Іншыя актывісты гэтага прафсаюзу, супраць зьяўленьня якога амаль паўтары гады выступае адміністрацыя «Граніта», ужо звольненыя і не здолелі дамагчыся аднаўленьня на працы праз суд.

Якімі сродкамі могуць дзейнічаць беларускія незалежныя прафсаюзы ў цяперашніх умовах?

Чым могуць дапамагчы беларускага прафсаюзнаму руху міжнародныя прафсаюзныя структуры?

На гэтыя пытаньні адказвае палітык, адзін з колішніх лідэраў прафсаюзнага руху Віктар Івашкевіч.

Цыганкоў: Цяпер з прадпрыемства «Граніт» звольненыя ўсе актывісты незалежных прафсаюзаў, якія ў свой час арганізоўвалі страйк на гэтым прадпрыемстве. Чаму прафсаюзнаму руху не ўдалося абстаяць сваіх актывістаў і што ўвогуле могуць рабіць прафсаюзы ў цяперашніх умовах?

Івашкевіч: Каб весьці нейкі доўгатэрміновы страйк салідарнасьці, калі выганяюць актывістаў — то тут патрэбная вялікая падрыхтоўка, маральная, псыхалягічная і арганізацыйная. Улады абралі такую тактыку — спачатку задавальняюць часткова эканамічныя патрабаваньні страйкоўцаў, а потым выганяюць завадатараў.

І наколькі я ведаю, на сёньня ў свабодных прафсаюзах людзям не рэкамэндуюць публічна заяўляць аб стварэньні свабодных прафсаюзаў. Бо прафсаюз можна стварыць, і структурна яго замацаваць, не аб’яўляючы пра гэта кіраўнікам прадпрыемстваў.

Тое самае і пра страйк. Ужо былі выпадкі, калі людзі страйкавалі, а на пытаньне, «хто галоўны», адказвалі — «мы ўсе тут галоўныя». Усіх ня могуць выгнаць, улады зараз, наадварот, не адпускаюць людзей з прадпрыемстваў. Таму трэба мець такую тактыку, каб не падстаўляць актывістаў.

Цыганкоў: Наколькі дзейсным можа быць замежны ціск міжнароднага прафсаюзнага руху на беларускія ўлады?

Івашкевіч: У міжнародных прафсаюзаў ёсьць два рычага. Па-першае, гэта страйк салідарнасьці, калі, напрыклад, прафсаюзы не выгружаюць грузы нейкай краіны альбо прымушаюць свае ўрады ўвесьці санкцыі супраць той краіны. Другое — гэта арганізацыйная і матэрыяльная дапамога тым прафсаюзам, якія зьведваюць рэпрэсіі.

Дык вось, першы варыянт,санкцыяў — прымаецца вельмі цяжка міжнароднымі арганізацыямі. За апошнія гадоў 30, наколькі я памятаю, гэта прымянялася супраць рэжыму апартэіду ў Паўднёва-Афрыканскай рэспубліцы і супраць Бірмы, дзе фізычна зьнішчалі апазыцыю. Больш выпадкаў не было.

Што тычыцца арганізацыйнай і фінансавай дапамогі, то, ў прынцыпе, яна ёсьць — але вядома, хацелася, каб яна была больш маштабнай.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG