Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей будзе ўдзельнічаць у сустрэчы міністраў замежных спраў краін Эўразьвязу і краін, якія ўваходзяць у праграму «Ўсходняе партнэрства».

Гэты саміт на ўзроўні кіраўнікоў зьнешнепалітычных ведамстваў адбудзецца 22 ліпеня ў Брусэлі.

Уладзімер Макей мае асабістае запрашэньне на брусэльскую сустрэчу. Як цьвердзіць прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных, яго запрасілі туды Высокі прадстаўнік Эўразьвязу па замежных справах і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан і эўракамісар па пытаньнях пашырэньня і Эўрапейскай палітыкі суседзтва Штэфан Фюле. Такое стала магчымым пасьля таго, як Уладзімера Макея часова выключылі са сьпісу неўязных на тэрыторыю Эўразьвязу беларускіх чыноўнікаў.

Гэтае рашэньне лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька лічыць памылковым:
Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька


«Мая асабістая пазыцыя застаецца бязьзьменнай. Я лічу. што пытаньне ня ў прозьвішчы, а пытаньне ў прынцыпе. І калі „чорны сьпіс“ захоўваецца, то ён павінен дзейнічаць. Не павінна быць, каб выключэньне з правілаў было мацнейшым за само правіла.

Чаго чакаць ад гэтай паездкі? Я думаю, у чаканьні знаходзяцца эўрапейцы. І ўсё будзе залежыць ад таго, зь якім пасланьнем прыедзе ў Брусэль Макей. Ці гэта будзе заява пра нейкі асаблівы, трэці шлях Беларусі, пра тое, што тлумачэньне такіх паняцьцяў, як свабода, правы чалавека можа мець у кожнай краіне свой адметны спэцыфічны характар? Калі так, то я думаю, што яго шлях вяртаньня назад у сьпіс будзе вельмі кароткі.

Калі ж Макей прывязе нейкую дарожную мапу па вырашэньні пытаньняў у зьвязку, у першую чаргу, з вызваленьнем палітычных вязьняў, а ў другую — з правядзеньнем нечага падобнага да сумленных свабодных выбараў, то тады, я думаю, у беларускай улады ёсьць нейкая пэрспэктыва на саміце ў Вільні».

Па-іншаму ставіцца да візыту Макея кіраўнік руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч:

Аляксандар Мілінкевіч

Аляксандар Мілінкевіч

«Беларусі вельмі важна аднавіць адносіны, і палітычныя, і дыпляматычныя, і эканамічныя, з Эўразьвязам. Ад гэтага залежыць, будзе яна незалежнай ці ня будзе, страціць яна сувэрэнітэт альбо ня страціць. І таму, я лічу, дыпляматычныя каналы камунікацыі павінны існаваць.

Так, пасьля падзеяў 19 сьнежня 2010 году Макей у сьпісе неўязных. Але Захаду патрэбны кантактэр, каб выпрацаваць дарожную мапу для супрацоўніцтва. Я ўпэўнены, што гэта толькі першыя крокі, якія створаць перадумовы для дыялёгу. Гэта — не дыялёг, гэта толькі падрыхтоўка дыялёгу. І такія кантакты вельмі важныя.

А тым, хто турбуецца пра лёс палітвязьняў, я абсалютна цьвёрда скажу: Эўропа ніколі ня пойдзе на тое, каб пачаць дыялёг без вызваленьня палітвязьняў. Для нас гэта пытаньне № 1 без сумневу. І я думаю, што Эўропа вытрымае гэтую маральную плянку».

Уладзімера Макея ў Брусэлі сустрэне дэманстрацыя пратэсту, якую ладзіць Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека. МФПЧ у сувязі з чаканым прыездам Макея заяўляе, што прагрэсу з правамі чалавека ў краіне няма, і нагадвае пра 12 беларускіх палітвязьняў, якія застаюцца за кратамі.

МФПЧ зладзіць дэманстрацыю за вызваленьне беларускіх палітвязьняў 22 ліпеня а 12-й гадзіне на плошчы Rond-point Schuman у Брусэлі.

«Агульная сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі працягвае непакоіць. Не назіраецца ня толькі ніякага рэальнага прагрэсу, але і палітычнай волі на станоўчыя зьмены ў выкананьні правоў чалавека і дэмакратычных стандартаў кіраваньня. Беларускі рэжым адкрыта і выразна адмаўляецца супрацоўнічаць зь міжнароднымі арганізацыямі ў гэтай галіне. Эканамічныя і сацыяльныя правы грамадзян абуральна парушаюцца, палітычныя актывісты, праваабаронцы і журналісты церпяць ад ціску», — нагадвае МФПЧ.

«Эўразьвяз павінен скарыстаць гэтую ключавую магчымасьць візыту спадара Макея для вызваленьня палітвязьняў, але ня толькі. Беларусь знаходзіцца ў сыстэмным крызісе з правамі чалавека, і ЭЗ павінен цьвёрда трымацца і настойваць на сыстэмных зьменах, якія будуць падтрымлівацца на высокім узроўні ў ягоным парадку дня. Правы чалавека і палітычныя зьняволеныя — ня козыр, якім можна гандляваць», — заклікае МФПЧ.
XS
SM
MD
LG