Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Савіных пацьвердзіў, што Макей паедзе ў Брусэль


Уладзімер Макей

Уладзімер Макей

Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей будзе ўдзельнічаць у сустрэчы міністраў замежных спраў краін Эўразьвязу і краін, якія ўваходзяць у праграму «Ўсходняе партнэрства».


Пра гэта Свабодзе паведаміў прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных.

Гэты саміт на ўзроўні кіраўнікоў зьнешнепалітычных ведамстваў адбудзецца 22 ліпеня ў Брусэлі. І спадар Макей мае запрашэньне на ім прысутнічаць. Гэта стала магчымым пасьля таго, як Уладзімера Макея часова выключылі са сьпісу неўязных на тэрыторыю Эўразьвязу беларускіх чыноўнікаў. У чорны сьпіс цяперашні міністар замежных спраў патрапіў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў сьнежні 2010 году. На той час ён кіраваў адміністрацыяй прэзыдэнта.

Дарэчы, яшчэ раней Макей мог патрапіць у Эўропу. У сьнежні 2012 году яму прапаноўвалі ўдзельнічаць у сустрэчы міністраў замежных спраў краін АБСЭ ў Дубліне. А сёлета ў траўні ў Кракаве — у сустрэчы кіраўнікоў зьнешнепалітычных ведамстваў «Усходняга партнэрства». Аднак на першую сустрэчу паехаў першы намесьнік міністра Аляксандар Міхневіч, на другую — намесьніца міністра Алена Купчына.

Уладзімера Макея ў Брусэлі сустрэне дэманстрацыя пратэсту, якую ладзіць Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека. МФПЧ у сувязі з чаканым прыездам Макея заяўляе, што прагрэсу з правамі чалавека ў краіне няма, і нагадвае пра 12 беларускіх палітвязьняў, якія застаюцца за кратамі.

МФПЧ зладзіць дэманстрацыю за вызваленьне беларускіх палітвязьняў 22 ліпеня а 12-й гадзіне на плошчы Rond-point Schuman у Брусэлі.

«Агульная сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі працягвае непакоіць. Не назіраецца ня толькі ніякага рэальнага прагрэсу, але і палітычнай волі на станоўчыя зьмены ў выкананьні правоў чалавека і дэмакратычных стандартаў кіраваньня. Беларускі рэжым адкрыта і выразна адмаўляецца супрацоўнічаць зь міжнароднымі арганізацыямі ў гэтай галіне. Эканамічныя і сацыяльныя правы грамадзян абуральна парушаюцца, палітычныя актывісты, праваабаронцы і журналісты церпяць ад ціску», — нагадвае МФПЧ.

"Эўразьвяз павінен скарыстаць гэтую ключавую магчымасьць візыту спадара Макея для вызваленьня палітвязьняў, але ня толькі. Беларусь знаходзіцца ў сыстэмным крызісе з правамі чалавека, і ЭЗ павінен цьвёрда трымацца і настойваць на сыстэмных зьменах, якія будуць падтрымлівацца на высокім узроўні ў ягоным парадку дня. Правы чалавека і палітычныя зьняволеныя — ня козыр, якім можна гандляваць",— заклікае МФПЧ.
XS
SM
MD
LG