Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парфянкоў ідзе ў міліцыю знаёміцца з трэцяй справай супраць яго


Васіль Парфянкоў

Васіль Парфянкоў

15 ліпеня палітвязень Васіль Парфянкоў мусіць зьявіцца ў міліцыю, каб азнаёміцца са справай, якая потым будзе перададзена ў суд.

Судовае паседжаньне можа адбыцца празь месяц.

Парфянкову пагражае арышт на паўгода ці пазбаўленьне волі да аднаго году.

Васілю Парфянкову, былому палітзьняволенаму, удзельніку плошчы 2010 году выставілі афіцыйнае абвінавачваньне ў парушэньне правілаў прэвэнтыўнага нагляду.

У канцы чэрвеня Парфянкова выклікалі ў Першамайскі РУУС, дзе паведамілі, што супраць яго завялі чарговую — трэцюю па ліку — крымінальную справу за парушэньне патрабаваньняў прэвэнтыўнага нагляду.

У размове са сьледчым Парфянкоў тады заўважыў, што паводле закону, каб распачаць крымінальную справу, патрабуюцца тры парушэньні, а ў яго толькі два.

Даведка Радыё Свабода: Васіль Парфянкоў

Нарадзіўся 30 жніўня 1983 г. у Менску. Скончыў 9 клясаў менскай школы № 163. Атрымаў будаўнічую прафэсію «майстар аддзелачных работ», працаваў рабочым у прыватных будаўнічых кампаніях, аўтасьлесарам у 7-м аўтапарку Менску.

Удзельнічаў у абароне Курапатаў у 2001–2002 г. Быў сябрам Беларускай партыі свабоды, удзельнічаў у акцыях разам з Маладым Фронтам і «Зубром». Неаднаразова бываў затрыманы і адбываў адміністрацыйныя тэрміны за грамадзкую актыўнасьць.

Падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2010 г. супрацоўнічаў з кампаніяй «Гавары праўду», быў актывістам штабу Ўладзімера Някляева. Браў удзел у акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў 19 сьнежня 2010 г. Быў затрыманы 4 студзеня 2011 г. Абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Да суду знаходзіўся ў сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага ў Менску.

17 лютага 2011-га судзьдзя Фрунзенскага суду Менску Вольга Комар асудзіла Парфянкова на 4 гады зьняволеньня ў калёніі строгага рэжыму. Таксама ён мусіў кампэнсаваць страты — 14 мільёнаў 700 тысяч рублёў — за нібыта пашкоджаны будынак. Грошы на штраф сабралі салідарныя з палітвязьнем людзі. Адбываў пакараньне ў Аршанскай калёніі № 8. Быў вызвалены 13 жніўня 2011 году.

Улетку 2012-га Парфянкова асудзілі на 6 месяцаў арыштнага дому за парушэньне правілаў адбыцьця хатняга прафіляктычнага нагляду. Гэты нагляд быў накладзены на Парфянкова за ўдзел у 2011 годзе ў акцыях салідарнасьці з палітвязьнямі.

Адбываў пакараньне ў Баранавічах (Берасьцейская вобласьць). Выйшаў на волю ў лютым 2013-га.
XS
SM
MD
LG