Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Васіля Парфянкова аштрафавалі


Першамайскі суд Менску пакараў Васіля Парфянкова штрафам за парушэньне прафіляктычнага нагляду, які быў усталяваны за былым палітвязьнем пасьля адбыцьця паўгода арышту ў Баранавіцкім арыштным доме.

3 мільёны рублёў штрафу прысудзілі былому палітвязьню Васілю Парфянкову ў судзе Першамайскага раёну Менску. Судзьдзя Юры Гарбатоўскі, які і раней судзіў Васіля Парфянкова, прызнаў, што 11 траўня той парушыў умовы прафіляктычнага нагляду, бо ў вечаровы час яго не было дома. Васіль Парфянкоў адзначае, што апошнім часам міліцыянты прыходзілі да яго з праверкамі па некалькі разоў на дзень. Падвышаную ўвагу да сваёй асобы ў апошнія дні Васіль Парфянкоў тлумачыць удзелам у пэўных акцыях.

«Відаць, я засьвяціўся на сустрэчы Паўла Вінаградава і Ўладзя Яроменка, калі яны выходзілі на волю пасьля „сутак“, трапіў у кадар. Можа, яны падумалі, што я зноў пачаў нейкі актыўны ўдзел. Хоць я яго і не спыняў. Вось вырашылі мяне больш жорстка кантраляваць, каб я нікуды не хадзіў».

У канцы чэрвені ў былога палітвязьня сканчаецца тэрмін прафіляктычнага нагляду, але сам Васіль Парфянкоў не выключае, што нагляд могуць працягнуць. Альбо, калі да гэтага тэрміну яго пакараюць зноў, ужо трэці раз, могуць нават прысудзіць арышт на працяглы тэрмін.

Пад прафіляктычным наглядам і былыя палітвязьні Павал Вінаградаў і Ўладзь Яроменак. Абодва нядаўна адбылі па больш як 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Вінаградаў — за акцыю салідарнасьці зь Мікалаем Статкевічам, Яроменка затрымалі напярэдадні Чарнобыльскага шляху і асудзілі за непадпарадкаваньне міліцыі. Калі Ўладзя Яроменка вызвалялі з Акрэсьціна, міліцыянты вывезьлі яго за горад, абы толькі сарвалася ўрачыстая сустрэча вязьня каля ізалятара.

Ці ёсьць асаблівасьці ў тым, як праходзіць прафіляктычны нагляд за былымі палітвязьнямі?

Вось што пра гэта распавёў Уладзь Яроменак: «Ёсьць, напэўна, нейкія пляны ў супрацоўнікаў крымінальна-выканаўчай інспэкцыі, у участковага інспэктара, згодна зь якімі яны наведваюць маё месца жыхарства — прыходзяць да мяне з 21.00 да 6.00, як пазначана ў правілах нагляду. Гэта можа быць некалькі разоў на месяц, а можа быць 5 разоў на тыдзень. Якім чынам вызначаецца колькасьць наведваньняў — гэта мне невядома. І плюс мне трэба 4 разы на месяц зьяўляцца ў інспэкцыю і адзначацца і нікуды не зьяжджаць без дазволу інспэкцыі».

Фактычна пад такім жа наглядам міліцыі — і асуджаныя за ўдзел у падзеях на Плошчы 19 сьнежня 2010 году журналістка Ірына Халіп і былы кандыдат на прэзыдэнта, кіраўнік грамадзкай кампаніі «Гавары праўду» Ўладзімер Някляеў, якіх асудзілі кожнага на 2 гады зьняволеньня з адтэрміноўкай у 2 гады.

Ірына Халіп, распавядаючы пра візыты да яе міліцыянтаў, зазначае, што сыстэмы ў гэтых візытах няма невыпадкова.

«У мяне працягваецца ўсё той жа рэжым магчымых праваабмежаваньняў, якія былі накладзеныя судом. Мне забаронены выхад з кватэры ўвечары пасьля 10 гадзіны. Таксама кожны панядзелак я мушу адзначацца ў міліцыі і мне забаронены выезд без дазволу. Гэта ўсё і ёсьць умовы адбыцьця адтэрміноўкі пакараньня. Яна скончыцца 21 ліпеня, і недзе ў тыя дні будзе яшчэ адзін суд. Міліцыянты мяне наведваюць зь перапынкамі, але рознымі, сыстэму тут знайсьці цяжка. Ніколі немагчыма спрагназаваць, колькі разоў яны прыйдуць за тыдзень ці ня прыйдуць за тыдзень увогуле. Мяркую, наўмысна робіцца гэтак, каб не праглядалася сыстэма».
XS
SM
MD
LG