Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску разьвіталіся з Уладзімерам Сакульскім


У Менску адбылося разьвітаньне з гукарэжысэрам Радыё Свабода Ўладзімерам Сакульскім. Ён памёр раптоўна ад хваробы сэрца на 60-м годзе жыцьця.

У апошні шлях Уладзімера Сакульскага прыйшлі правесьці ягоныя родныя, а таксама шматлікія сябры і паплечнікі.

Гукарэжысэры, журналісты, музыкі, а таксама шматлікія сябры несьлі да труны Ўладзімера Сакульскага кветкі, прамаўлялі словы памяці, разьвітваліся моўчкі і са сьлязамі на вачах. Цырымонію разьвітаньня распачаў кіраўнік Менскага бюро Радыё Свабода Валянцін Жданко, дзе Ўладзімер Сакульскі працаваў апошнія гады свайго жыцьця:

«Ёсьць людзі, безь якіх немагчыма ўявіць радыё, імёны якіх ведае ўся радыйная журналісцкая супольнасьць, хоць іхныя галасы амаль ніколі не гучаць у эфіры. Уладзімер Сакульскі быў такім чалавекам.

Я ўпершыню пачуў ягонае імя яшчэ школьнікам, на пачатку 80-х. „Беларуская маладзёжная“ тады была адной зь нямногіх жывых, дынамічных праграмаў афіцыёзнага радыё. Гэтая праграма і ў той час, і потым на працягу многіх гадоў рабілася менавіта ягонымі рукамі.

Валянцін Жданко
Валянцін Жданко
Свой стыль працы, свае нязьменна высокія патрабаваньні да прафэсіяналізму, сваё крыху іранічнае стаўленьне да паўсядзённасьці ён прынёс і да нас на Свабоду. Зь ім было лёгка і спакойна. Ён быў з тых, чыю працу ня трэба было пераправяраць, бо заўсёды была ўпэўненасьць, што ўсё будзе зроблена як належыць. Гэта быў прафэсійны, сумленны, прыстойны чалавек.

Ён ствараў прыязную і даверлівую атмасфэру сярод тых, з кім працаваў. Празь ягоныя рукі прайшлі перадачы дзясяткаў маладых журналістаў, якія потым сталі прызнанымі майстрамі і безь якіх сёньня немагчыма ўявіць сучасную беларускую мэдыйную прастору…

Горка і балюча, што ён так рана зачыніў за сабой дзьверы радыёстудыі. Але і для мяне, і, я ўпэўнены, для многіх і многіх у нас на Свабодзе ягонае аблічча па-ранейшаму нябачна прысутнічае ў нашых сьценах, за рэжысэрскім пультам. Ён са свайго недасяжнага далёка дапытліва і іранічна глядзіць на нас з-за шкельцаў акуляраў, трымаючы руку на пульце…

Пакуль жывем, мы будзем помніць яго такім. Пакуль памятаем, ён будзе заставацца сярод нас».

Уладзімер Сакульскі працаваў гукарэжысэрам Радыё Свабода ад 2005 году, але за ягонымі плячыма былі таксама гады працы на шэрагу радыёстанцыяў, у тым ліку «Беларуская маладзёжная», Радыё 101,2, і Радыё Рацыя. Таму разьвітаньне з памерлым сабрала ягоных калегаў-гукарэжысэраў і журналістаў ня толькі зь незалежных, але і зь дзяржаўных мэдыяў, дзе для многіх ён быў настаўнікам і дапамагаў рабіць першыя крокі ў прафэсіі. Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна прайшла з Уладзімерам Сакульскім гады працоўнага і жыцьцёвага шляху і ўзгадвае паплечніка і сябра ня толькі як найвышэйшага майстра ў прафэсіі, але і найлепшага чалавека ў жыцьці:

Жана Літвіна
Жана Літвіна
«Мае самыя лепшыя перадачы ў маладосьці запісаныя Валодзем Сакульскім. З Валодзем мы таксама прайшлі той шлях, калі развальваецца структура і на яе месцы паўстаюць новыя рэдакцыі. Гэта вельмі складана, калі сапраўды патрэбная падтрымка і моцнае плячо. Да яго ўвесь час хіліліся людзі, у Валодзі заўсёды адкрытая душа, у Валодзі заўсёды адкрытая кватэра — я сапраўды больш ня ведаю такіх людзей».

Добра ведалі і паважалі Ўладзімера Сакульскага і шматлікія вядомыя цяпер музыкі, для якіх майстар запісваў іх першыя музычныя альбомы. Сярод іншага — кружэлкі альтэрнатыўнай беларускай поп- і рок-музыкі «Гіт-парад «Беларускай маладзёжнай», якія выйшлі яшчэ ў часы СССР на фірме «Мэлёдыя». Гаворыць музыка Аляксандар Памідораў:

«Першыя прафэсійныя запісы, прыдатныя для карыстаньня, яны выйшлі з рук Уладзі Сакульскага. Я ведаю, што і дагэтуль у ягоным архіве ёсьць унікальныя запісы, якія нідзе ніколі не гучалі. Ён выхаваў шмат музыкаў, бо так, як працаваў Сакульскі з музыкамі, акторамі, так не працаваў ніхто. Кожны запіс з Сакульскім — гэта было сапраўднае сьвята».

Разьвітаньне завяршылася малітвай, якую адчытаў каталіцкі сьвятар, ксёндз Анатоль Парахневіч. Ксёндз Анатоль таксама быў знаёмы і сябраваў з Уладзімерам Сакульскім і гэтак прамовіў на разьвітаньне:

«Сёньня мы разьвітваемся з чалавекам, які пакінуў пасьля сябе вельмі добры сьлед. Па-першае, гэта чалавек дабрыні, які сеяў гэтую дабрыню і даваў яе іншым людзям. І ў памяці кожнага з нас ён застанецца як сьветлы чалавек. Як тыя праменьчыкі, якія паходзілі ад яго і грэлі кожнага чалавека, яны застануцца з намі. Чалавек не памірае ў той момант, калі мы хаваем яго на могілках і засыпаем зямлёй — чалавек жыве да таго моманту, пакуль пра яго памятаюць. І сапраўды, памяць пра гэтага чалавека, пра Ўладзю, яна застанецца ў кожнага з нас, бо ягоная адкрытасьць і добрыя справы ідуць да трону Божага. Зараз мы молімся, каб Бог дараваў яму грахі, якія ён учыніў, магчыма, зь людзкой слабасьці, бо кожны з нас — перадусім сьмяротны чалавек. Але тыя добрыя справы, якія ён рабіў, пэўна, даюць такую магчымасьць, каб Бог дараваў яму грахі і адчыніў брамы Валадарства нябеснага».

Уладзімера Сакульскага пахаваюць на Паўночных могілках Менску.

Уладзімер Сакульскі


Нарадзіўся 5 чэрвеня 1954 года ў Менску.

Зь дзяцінства захапляўся музыкай, граў на акардыёне.

Пасьля школы адслужыў у войску.

Спачатку вучыўся ў Менскім пэдагагічным інстытуце, потым перавёўся ў Інстытут культуры.

Пасьля заканчэньня Інстытуту культуры стаў гукарэжысэрам. Больш за 15 гадоў аддаў Беларускаму радыё, запісаў шмат радыёспэктакляў, зрабіў безьліч музычных запісаў, якія ўвайшлі ў «залаты фонд» Беларускага радыё. З 1980-га да закрыцьця ў 1994-м быў нязьменным гукарэжысэрам радыёстанцыі «Беларуская маладзёжная». Менавіта Ўладзя Сакульскі запісаў дзьве першыя кружэлкі альтэрнатыўнай беларускай поп- і рок-музыкі «Гіт-парад «Беларускай маладзёжнай», якія выйшлі яшчэ ў часы СССР на фірме «Мэлёдыя».

З 1995 па 1996 — на Радыё 101,2.

З 1999 па 2002 — на Радыё Рацыя.

На Свабодзе ад 2005 году.


Зьміцер Васількоў: Настаўнік, які вучыў мяне гукарэжысэрскаму майстэрству


Зьміцер Васількоў, гукарэжысэр:

Валодзю Сакульскага я ведаю з 1995-га году, з часоў Радыё 101,2. Ён быў адным зь першых маіх настаўнікаў, які вучыў мяне гукарэжысэрскаму майстэрству. Я быў у захапленьні, назіраючы за ягонай працай. Асабліва ўразіла, як ён запісваў аўдыёспэктаклі і казкі для дзетак. Ён сам пераўвасабляўся ў казачных пэрсанажаў, вучыў прафэсійных артыстаў, як працаваць з голасам, падказваў, які інтанацыі патрэбныя... Потым мы разам з маім маленькім сынам з замілаваньнем слухалі іх...

Пасьля Радыё 101,2 нашы жыцьцёвыя шляхі разышліся, але потым зноў давялося працаваць разам — спачатку на Радыё Рацыя, пасьля на Радыё Свабода. І на Свабодзе ён, з майго погляду, браўся за самыя складаныя ў тэхнічным сэнсе праекты: працаваў над аўдыёкнігамі Аляксандра Лукашука «Сьлед матылька. Освальд у Менску», Уладзімера Арлова «Імёны Свабоды», іншымі. А над кнігай Галіны Руднік «Птушкі пералётныя» Валодзя працаваў, лежачы ў праскай лякарні. Пасьля падзеяў 19 сьнежня 2010 году ў эфір Радыё Свабода выйшлі «Галасы салідарнасьці», у якіх славутыя асобы сьвету, дысыдэнты, прэзыдэнты ЗША і Чэхіі чыталі імёны арыштаваных. Валодзю давялося запісаць, «зьвесьці», падкласьці музыку ў вельмі сьціслы час, хутка і прафэсійна...

Ён запісваў палітыкаў, музыкаў, паэтаў, літаратараў. Віртуозна зводзіў дыскі «Начной чытанкі», «Бардаў Свабоды». У яго была процьма цікавых ідэй, якімі ён шчодра дзяліўся з калегамі, раіў, як лепш зрабіць, дапамагаў у крытычных працоўных і жыцьцёвых сытуацыях. Нават цяжка ўявіць, што цяпер давядзецца жыць безь цябе... Горка і балюча.


Вячаслаў Ракіцкі: Валодзя ня здраджваў сабе


Вячаслаў Ракіцкі, журналіст:

Валодзя мяне захапляў, зьдзіўляў, натхняў, весяліў. Ён быў індывідуальнасьцю. І ня здраджваў сабе.

Перадусім ён быў прынцыповым чалавекам. Здавалася б, прафэсія гукарэжысэра не вымагае дэманстрацыі грамадзянскай пазыцыі. Гукарэжысэр можа дазволіць сабе нэўтральнасьць, ці нават цынізм. Я шмат бачыў людзей, якія могуць зарабляць на жыцьцё беларушчынай, а ў будзённасьці пагарджаць ёю. Сакульскі ж працаваў толькі на тых радыёстанцыях, якія цалкам адпавядалі яго пазыцыям, якія адстойвалі нацыянальныя каштоўнасьці і каштоўнасьці свабоды. Валодзя не баяўся публічна выказваць свае погляды. А гэта вельмі важна для нас, журналістаў пры мікрафоне, калі за пультам знаходзіцца твой аднадумец, а не цынічны прыстасаванец.

Ён нёс, не губляў вобраз іранічнага, крыху бурклівага, але мудрага чалавека. На яго нельга было злавацца, ну, а калі раптам, дык толькі крыху і на хвілінку
Валодзя для мяне яшчэ быў чалавекам-стылем. Ён нёс, не губляў вобраз іранічнага, крыху бурклівага, але мудрага чалавека. На яго нельга было злавацца, ну, а калі раптам, дык толькі крыху і на хвілінку. Меў бездакорны густ ва ўсім, што выяўлялася і ў музычным афармленьня нашых праграмаў, і ў ягонай манэры апранацца. Валодзя бачыў і цаніў прыгожае ў жыцьці. Я любіў хадзіць зь ім на шопінг у Празе, было забаўна назіраць, як ён выбіраў і прымерваў адзеньне. Тое ж у ежы. Памятаю, калі ён упершыню прыехаў у Прагу, я павёў яго на піва ў адзін з добрых традыцыйных чэскіх пабаў. Ён адразу ж па-свойму ацаніў знакаміты «Пльзень»: «чароўны колер, боскі смак». Падносіў куфаль на сьвет, піў дробнымі глыткамі, хоць і ня быў вялікім аматарам піва. Затым былі рабрынкі, запечаныя ў мёдзе, якія выклікалі ў яго зноў жа ўсплеск захапленьня. У сваю чаргу я так любіў ягоную ім жа сквашаную капусту. Увогуле з Валодзем было весела гуляць па Празе. Ён умеў захапляцца прыгажосьцямі гэтага гораду, знайсьці нечаканы ракурс і сфатаграфаваць цябе. Было весела назіраць, як ён ставіў на месца расейскамоўных турыстаў-хамаў у музэях, крамах і нават на вуліцах.

Валодзя любіў жыцьцё і імкнуўся жыць так, як яму ў гэты момант хацелася, нягледзячы на хваробы, якія яго крок за крокам набліжалі да трагічнай разьвязкі. Памятаю, як некалькі месяцаў таму ў Празе Валодзя ў роспачы прыйшоў у рэдакцыю пасьля мэдычнага абсьледаваньня. Лекары знайшлі ў яго нямала хваробаў і настойліва рэкамэндавалі тэрмінова лячыцца. Але назаўтра ўжо роспачы ў Валодзі як і не было. Прынамсі не паказаў яе нам, калегам. Ён працягваў жыць зь верай у бясконцасьць гэтага жыцьця...


Ігар Карней: Валодзя сваім спакоем і разважлівасьцю пасяляў упэўненасьць, што нічога надзвычайнага не здарыцца


Ігар Карней, карэспандэнт Радыё Свабода:

Кантактаваць з Уладзімерам Сакульскім было заўсёды лёгка і прыемна. Чалавек з катэгорыі тых, якія ня носяць думкі за пазухай, а выказваюцца адкрыта і шчыра.

Ён даваў трапныя характарыстыкі ўсяму, што адбываецца навокал, з чаго выразна прасочвалася ягоная грамадзянскай пазыцыя
Калі хтосьці марудзіў з запісам матэрыялу, Валодзя не саромеўся ўжыць цьвёрдае слоўца, ад чаго «вытворчасьць працы» неадкладна падвышалася. Ягонае зьяўленьне ў журналісцкім пакоі заўсёды суправаджалася іранічнай сяброўскай перапалкай, у якой апошняе красамоўнае слова заставалася за ім.

Ён даваў трапныя характарыстыкі ўсяму, што адбываецца навокал, з чаго выразна прасочвалася ягоная грамадзянскай пазыцыя, якая заўсёды заставалася непахіснай.

Валодзя быў шчырым нацыяналістам, хоць і ў не зусім стандартным значэньні гэтага слова. Не цураючыся «великого и могучего», лёгка мог паставіць на месца апалагетаў расейшчыны, на раз спыніўшы іх «імпэрскія замашкі».

Ён быў памяркоўным і нясьпешлівым, прымушаючы і іншых прытарможваць побач у шалёным рытме штодзённасьці.

Супольная праца ў студыі была лёгкай і пазбаўленай нэрвовасьці. Валодзя сваім спакоем і разважлівасьцю пасяляў упэўненасьць, што нічога надзвычайнага не здарыцца, таму што здарыцца ня можа. Спакой, толькі спакой. Цяпер ужо вечны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG