Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7 ліпеня ня стала супрацоўніка Радыё Свабода, гукарэжысэра Ўладзімера Сакульскага. Разьвітаньне адбудзецца 9 ліпеня а 15-й гадзіне. Адрас: Даўгінаўскі тракт, 160а. Памінальная імша — 9 ліпеня а 18.30 у каталіцкай катэдры на Пляцы Волі.

Уладзімер Сакульскі вядомы таксама сваёй працай на радыёстанцыях «Беларуская маладзёжная», «Радыё 101,2» і радыё «Рацыя».

У яго не вытрымала сэрца.

Уладзімер Сакульскі


Нарадзіўся 5 чэрвеня 1954 года ў Менску.

Зь дзяцінства захапляўся музыкай, граў на акардыёне.

Пасьля школы адслужыў у войску.

Спачатку вучыўся ў Менскім пэдагагічным інстытуце, потым перавёўся ў Інстытут культуры.

Пасьля заканчэньня Інстытуту культуры стаў гукарэжысэрам. Больш за 15 гадоў аддаў Беларускаму радыё, запісаў шмат радыёспэктакляў, зрабіў безьліч музычных запісаў, якія ўвайшлі ў «залаты фонд» Беларускага радыё. З 1980-га да закрыцьця ў 1994-м быў нязьменным гукарэжысэрам радыёстанцыі «Беларуская маладзёжная». Менавіта Ўладзя Сакульскі запісаў дзьве першыя кружэлкі альтэрнатыўнай беларускай поп- і рок-музыкі «Гіт-парад «Беларускай маладзёжнай», якія выйшлі яшчэ ў часы СССР на фірме «Мэлёдыя».


З 1995 па 1996 — на Радыё 101,2.

З 1999 па 2002 — на Радыё Рацыя.

На Свабодзе ад 2005 году.


Данчык: З Уладзем заўсёды было лёгка...


З Уладзем заўсёды было лёгка працаваць і лёгка павесяліцца, пасьмяяцца. Ягоная адсутнасьць будзе балюча адчувацца і ў адным выпадку і ў другім. Дзякуй калега, і бывай...

Генадзь Кесьнер: Валодзя — гэта само жыцьцё. Немагчыма сказаць — было...


Журналіст Генадзь Кесьнер: Валодзя, Воўчык, Вове... Менавіта так я называў вельмі дарагога і блізкага мне чалавека. Жартаўлівага, жыцьцялюбнага, вясёлага, аптымістычнага. У Валодзі быў вельмі добры характар, хоць ён часам мог рабіць выгляд, што чымсьці незадаволены, што яго нешта раздражняе. Але гэтая незадаволенасьць доўжылася літаральна хвіліны. А потым пачынаўся сапраўдны Валодзя — такі, якога мы ўсе любім. Ён заўжды ў складаных і трагічных сытуацыях быў гатовы дапамагчы ўсім, але рабіў гэта так, каб ня кідалася ў вочы.

Валодзя ў душы быў вельмі сэнтымэнтальным чалавекам, хоць мог гэта добра прыхоўваць
Валодзя ў душы быў вельмі сэнтымэнтальным чалавекам, хоць мог гэта добра прыхоўваць. Ён любіў прымаць гасьцей, таму вельмі часта ў ягонай кватэры на Ленінградзкай хоць хтосьці, ды быў. Таму і кватэрку сваю даглядаў, пастаянна рамантаваў, удасканальваў. Валодзя вельмі добра гатаваў, асабліва тушаную гародніну з рыбай ці курыцай. Альбо селядзец пад шубай. Дый шмат яшчэ іншых смакоцьцяў.

Нават калі Вове трапляў у лякарню, і там ён не губляў пачуцьця гумару. Воўчык — гэта само жыцьцё. Немагчыма сказаць — было...

Ён вельмі любіў сваіх сабакаў — маленькую тэр’ершу Чапу, а потым вялікую ратвэйлершу Хану, і вельмі перажываў з таго, што яны паміралі падчас ягоных камандзіровак. Пасьля Ханы сабакаў Вове больш не заводзіў.

Ён умеў працаваць, ён умеў жыць, прычым жыць па-сучаснаму, па-эўрапейску. Валодзя вельмі любіў сваіх родных і сяброў. Мне падавалася, што ён не хацеў і нават баяўся заставацца адзін, таму заўжды імкнуўся быць у кампаніі. Вось так сталася, што і пакінуў гэты сьвет Валодзя не ў адзіноце.

Не магу паверыць. Мне асабіста яго будзе вельмі неставаць. Ад майго сэрца адарваны кавалак, для мяне скончылася цэлая эпоха ў жыцьці. Бывай, дружа, выбачай, калі што ня так было...

Віталь Сямашка: Ты быў рэдакцыйным абярэгам


Віталь Сямашка, журналіст: Ах, Валодзя, ці маглі ўявіць за тры дзясяткі год нашага сяброўства, што некалі настануць самотныя дні разьвітаньня?!

Калі мы пазнаёміліся, у часы радыёстанцыі «Беларуская маладзёжная», якой ты аддаў гады жыцьця, ты быў рэдакцыйным абярэгам — з тваім дабрадушным выглядам, заспакойвальнымі інтанацыямі.

Калі пасьля чарговага балючага экстрым-рэпартажу я глядзеў у студыі, як твае пульхныя пальчыкі плаўна націскаюць на кнопкі пульта, на сэрцы заўсёды адлягала.

Ты быў рэдакцыйным абярэгам — з тваім дабрадушным выглядам, заспакойвальнымі інтанацыямі
Пры гэтым ты ніколі ня быў ніякім, без пазыцыі. Калі ў 90-я пачалася беларусізацыя, ты, ня могучы адразу гаварыць па-беларуску, папрасіў называць цябе Ўладзем — маўляў, усё роўна нежанаты.

Памятаю, як 20 жніўня 1991-га, калі мы запісалі ўсю апазыцыю і людзей на вуліцы супраць ГКЧП, у Доме радыё не знайшлося ніводнага начальніка, хто б гэта падпісаў. З тваёй ініцыятывы мы ўвайшлі ў вяшчальны блёк, дзе ты паставіў стужку і на свой страх і рызыку націснуў кнопку ў 19.00, каб выйшла ў эфір.

І на Свабодзе да цябе цягнуліся ўсе — пагутарыць «за душу», ачуняць ад мітусьні рэчаіснасьці. Ты прызнаваўся мне ў хвіліны шчырасьці, што памерці марыш вокамгненна, але гэта трэба заслужыць...

Аддзячыў зямлі сыне. Ты заўжды будзеш побач, з намі...

Алесь Асіпцоў: З Уладзем не было напружна


Алесь Асіпцоў, журналіст: Мне давялося знацца з Уладзімерам. Гутарыць. Неяк у апошні дзень майго побыту ў Празе ён паказваў мне тыя мясьціны, якія яму былі даспадобы. Безь яго я б ня ўбачыў напоўніцу Прагі. Тыя мясьціны былі сымпатычненькімі. Там не было напружна. Было адчуваньне раскаванасьці.

І я тады назіраў за ім, за ягонымі паводзінамі. І яны былі сымпатычненькімі. Мая дачка тады нас фатаграфавала. Адну з фотак далучаю да гэтага пасьпешлівага тэксту.

З Уладзем не было напружна. Пра сур’ёзныя рэчы ён казаў без наваротаў і пантоў. А цяпер яго няма. Некалькі дзён таму я шукаў яго ў скайпе. Трэба было даць рады аднаму пытаньню. Адказу не атрымаў.

Вольга Бабак: Пачуццё вялікай удзячнасьці за прафэсійную і жыццёвую навуку


Узгадвае журналістка Вольга Бабак:

Дзядзя Вова (як мы яго часта называлі) вонкава не мяняўся дзесяцігодзьдзямі, нягледзячы на праблемы са здароўем.

Мне здаецца, што падчас нашай апошняй сустрэчы ў траўні гэтага году ён выглядаў гэтак жа, як і ў 1992-м, калі я другакурсніцай журфаку прыйшла ў «Беларускую маладзёжную».

Для маладых супрацоўнікаў ён наагул быў апірышчам — узроставага бар’еру паміж паважаным мэтрам гукарэжысуры і намі, тады яшчэ зялёнымі студэнтамі, зусім не адчувалася
Яго няспешная манера, пачуццё гумару і нейкая ўнутраная разьняволенасьць заўсёды вабілі да яго людзей.

Для маладых супрацоўнікаў ён наагул быў апірышчам — узроставага бар’еру паміж паважаным мэтрам гукарэжысуры і намі, тады яшчэ зялёнымі студэнтамі, зусім не адчувалася.

Заўсёды было пра што паразмаўляць, з чаго пасьмяяцца, якую музыку абмеркаваць. Ён падсілкоўваўся нашым імпэтам, а мы вучыліся ягонай разважлівасьці. А ўменьню працаваць зь мікрафонам і кіраваць інтанацыямі ўласнага голасу я, без сумневаў, абавязаная ў першую чаргу менавіта яму.

Імя дзядзі Вовы заўсёды будзе выклікаць у мяне толькі самыя сьветлыя ўспаміны. І пачуцьцё вялікай удзячнасьці за прафэсійную і жыцьцёвую навуку. Зрэшты, пакуль проста ня верыцца, што даводзіцца ўсё гэта пісаць з такой нагоды...

Алена Радкевіч: Ён не адкладаў жыцьцё на будучыню


Журналістка Радыё Свабода Алена Радкевіч:

Уладзя жыў са смакам, не прапускаючы дэталяў. У любым месцы асталёўваўся з камфортам, атачаўся зручнымі і прыгожымі рэчамі, ствараў утульнасьць. Не адкладаў на будучыню, жыў цяпер.

Гурман і эстэт. Не дазваляў схапіць гарачае з патэльні, сесьці за ненакрыты стол, уключыць папсу. Пахнуў дарагім адэкалёнам
Такі букет хваробаў, які быў у яго, любога зрабіў бы іпахондрыкам. А ён быццам не пераймаўся: езьдзіў за мяжу, хадзіў на канцэрты, вячэраў зь сябрамі. Іронія была стылем, густ патрабаваў такога ж стаўленьня і да хвароб.

Гурман і эстэт. Не дазваляў схапіць гарачае з патэльні, сесьці за ненакрыты стол, уключыць папсу. Не любіў, калі апраналіся ў выпадковыя рэчы: ахвотна пагаджаўся суправаджаць на шопінг, каб падказаць. Пахнуў дарагім адэкалёнам.

Нясмачна гатаваць проста ня ўмеў. Адсутнасьць важнай прыправы ў страве ўспрымаў як асабістую абразу. Сьнедаў грушай з ракфорам, на вячэру адкаркоўваў гішпанскае ружовае, у рэстаране прыдзірліва вывучаў мэню.

Летась вучыў мяне рабіць аджыку: усё бурчэў, што ў хаце няма меншых слоікаў. Я сёлета назапасіла так шмат маленькіх...


Дзьмітры Новікаў: «Ён быў маім настаўнікам»


Дырэктар «Эўрапейскага радыё для Беларусі» Зьміцер Новікаў:

Яго імя яшчэ ня раз будзе згадае ў гісторыі радыё
Уладзя я ведаў даволі даўно, калі яшчэ прыйшоў працаваць на радыё, ён быў маім настаўнікам. Гэта быў адкрыты, шчыры чалавек. Я памятаю, як назіраў запіс адной з радыёпастановак для дзяцей, як Ўладзя проста пераўвасабляўся ў кожнага з пэрсанажаў, дапамагаў выявіць іх характары. Гэта быў прафэсіянал сваёй справы. Мы з Уладзем працавалі разам на „Беларускай маладзёжнай“, на радыё „101,2“, на радыё „Рацыя“, потым нашы шляхі разышліся. Вельмі шкада, што Ўладзя ня стала. Я перакананы, што яго імя яшчэ ня раз будзе згадае ў гісторыі радыё.

Алена Панкратава: Заўсёды думаеш, што з людзьмі, якія табе блізкія, сустрэнесься ў любы момант


Алена Панкратава, журналіcт: «Сёньня я плянавала сустрэцца з Вовам. Зьбіралася нешта ў яго спытаць. Заўсёды думаеш, што з людзьмі, якія табе блізкія, сустрэнесься ў любы момант.

Як трапна сказала Таня: „Вова — наша ўпэўненасьць у эфіры і пункт раўнавагі ў жыцці, любыя канфлікты ён мог загасіць амаль што моўчкі. Тым, хто гэтага не зведаў — не зразумець...“

Бывай і прабач...»


Тацяна Мельнічук: Словы недарэчы — у мяне не стае словаў


Тацяна Мельнічук працавала разам з Уладзімерам Сакульскім шмат гадоў:

Наша ўпэўненасьць у эфіры і пункт раўнавагі ў жыцьці, любыя канфлікты ён мог загасіць амаль што моўчкі
Чамусьці маўчыць эфір, не галосяць старонкі сайтаў... Нібыта Вова зьвёў мікшар... Словы недарэчы — у мяне не стае словаў. Вова Сакульскі — наша маладосьць і наша «Беларуская маладзёжная».

Вова — наша ўпэўненасьць у эфіры і пункт раўнавагі ў жыцьці, любыя канфлікты ён мог загасіць амаль што моўчкі. Тым, хто гэтага не зьведаў — не зразумець...

Бывай і прабач. Да сустрэчы ў іншых вымярэньнях, дзе, можа, твая рука на пульце зноўку дасьць волю нечаму голасу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG