Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей можа стаць уязным у Эўразьвяз ужо ў панядзелак. 24 чэрвеня Рада міністраў Эўразьвязу плянуе разгледзець гэтае пытаньне. Ці азначае магчымае скасаваньне забароны на ўезд для Макея саступкі з боку Эўропы? Ці можна чакаць, што пасьля гэтага кроку беларускія ўлады зробяць крокі ў адказ у справе вызваленьня палітзьняволеных? На гэтыя пытаньні адказвае палітычны аглядальнік газэты «Белорусы і рынок» Паўлюк Быкоўскі.

— Ці магчыма, што гэтае меркаванае рашэньне будзе расцэненае многімі ў Беларусі як саступка з боку Эўропы афіцыйнаму Менску?

— Натуральна, што ў Беларусі будуць сілы, якія палічаць, што гэта саступка з боку Эўропы, што такім чынам Эўропа губляе свой твар. Зь іншага боку, мы даўно назіраем крокі насустрач паміж Брусэлем і Менскам. Адным з такіх крокаў, відавочна, можа быць такое рашэньне, бо міністар замежных справаў — тая асоба, якая прадстаўляе краіну на міжнародным узроўні. Звычайна, калі прымаліся нейкія санкцыі адносна беларускіх чыноўнікаў, то адносна міністраў замежных спраў рабілася выключэньне, і яны заставаліся ўязнымі ў краіны Эўропы.

— Ці рэальна чакаць, што ў адказ на рашэньне наконт Макея беларускі бок таксама пойдзе на саступкі ў самай галоўнай для многіх тэме — вызваленьня палітвязьняў?

— Мне падаецца, што вызваленьне палітвязьняў можа адбыцца «тэхнічным шляхам», так бы мовіць. У некаторых заканчваецца тэрмін, і яны будуць выходзіць на волю. Што да патрабаваньня аб рэабілітацыі вязьняў, то зараз ужо кажуць найперш толькі пра вызваленьне. Калі іх застанецца зусім мала за кратамі, то ў улады ўзьнікне пытаньне, ці ня будзе палітычна лепей іх выпусьціць на волю, нават нягледзячы на тое, што Мікола Статкевіч, напрыклад, наўрад ці напіша просьбу ад памілаваньні.

Што тычыцца рашэньня Рады Міністраў Эўразьвязу 24 чэрвеня, то тут важная рэч — гэта фармулёўка. Ці гэта будзе замарожваньне візавых санкцыяў альбо выкрэсьліваньне спадара Макея са сьпісаў неўязных. Зусім іншая справа — калі такое рашэньне так і ня будзе прынятае, і Макей застанецца неўязным. Мне падаецца, што трэба пачакаць, як будзе сфармулявана рашэньне, і тады можна прагназаваць, што прапануе ў адказ беларускае замежнапалітычнае ведамства.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG