Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра Быкава і БНФ. Трусаў адказвае Навумчыку


Алег Трусаў
Алег Трусаў

Старшыня ТБМ даслаў водпаведзь Сяргею Навумчыку з просьбай апублікаваць яе на сайце. Дыскусія завязалася вакол артыкулу пра ролю Быкава ў стварэньні БНФ.

Чытайце: Алег Трусаў: «Бяз Быкава не было б Беларускага Народнага Фронту»


Шаноўны Сяргей Навумчык мае рацыю, калі кажа, што «ўсе мы часам робім памылкі».

Рабіў памылкі і Васіль Быкаў. У пачатку сваёй кнігі «Доўгая дарога дадому» ён піша, што кнігу сваю ствараў па памяці, ня маючы архіваў, і таму ў ёй могуць быць памылкі.

Дарэчы, ва ўспамінах Быкава пра першае паседжаньне сяброў аргкамітэту па стварэньні БНФ гаворыцца: «Як учора дамовіліся, я прапанаваў кандыдатуру Васіля Якавенкі, і прысутныя згодна прагаласавалі «за». Тут ёсьць прамая згадка пра папярэднюю сустрэчу на кватэры Быкава, пра якую я ўзгадваў. А вось пра перавыбары В. Якавенкі Быкаў памыляецца. Яны адбыліся не праз
дзень-два, як піша Васіль Быкаў, а празь некалькі месяцаў. Нічога дзіўнага, бо на гэтым паседжаньні сам Быкаў адсутнічаў.

Я раю сп. Навумчыку знайсьці і апублікаваць пратаколы ўсіх паседжаньняў аргкамітэту БНФ, якія ў свой час рэгулярна вяліся. І ўсё стане на свае месцы.


З павагай.
Алег Трусаў, сябра аргкамітэту па стварэньні БНФ


Такім чынам, Алег Трусаў адказаў на камэнтар Сяргея Навумчыка пад матэрыялам «Бяз Быкава не было б Беларускага Народнага Фронту», які зьмяшчаем ніжэй:


Выглядае, шаноўнаму Алегу Трусаву здрадзіла памяць — усе мы часам робім памылкі, калі не правяраем сябе па першакрыніцах (адзначу, што для мяне адкрыцьцём быў зварот Быкава да Алега Трусава на «ты» — шмат гадоў будучы ў вельмі добрых адносінах з Васілём Уладзімеравічам, ніколі ня чуў ад яго «ты», толькі — «Вы». Я ніколі ня чуў ад Быкава нічога ў дачыненьні да Алега Трусава, што дазволіла б меркаваць пра сяброўскія зь ім адносіны, нават да лета 1994 году, калі пазыцыі Трусава і Быкава ў справе падтрымкі кандыдатаў на прэзыдэнцкіх выбарах істотна разышліся).

Але — да першакрыніцаў. У гэтай тэме самымі аўтарытэтнымі ёсьць, канешне, словы самога Быкава. Вось як сам Васіль Уладзімеравіч апісвае падзеі таго даўняга часу ў кнізе «Доўгая дарога да дому»:

«Старшынёй мартыралёгу быў абраны Зянон Пазьняк.

І тады хтось (ня памятаю хто) прапанаваў з залі: лічыць абраны камітэт Мартыралёгу — аргкамітэтам Народнага фронту. Заля аглушальна запляскала, тыя апладысмэнты палічылі за згоду. Апанэнты ў ярасьці, сьцяміўшы, што ашукаліся. Але ўжо нічога нельга было перарабіць, пратакол сходу пісаўся бязь іх.

На важнае арганізацыйнае паседжаньне апроч сяброў аргкамітэту прыйшлі таксама сакратар гаркаму П. Краўчанка і кіраўнік СП Ніл Гілевіч. Калі пачалося паседжаньне, абодва выступілі рэзка супраць стварэньня БНФ. Гілевіч глыбокадумна даводзіў, што тое прыдатна для балтыйскіх народаў, але не для Беларусі. Беларускі народ такой арганізацыі ня прыме. Краўчанка даводзіў тое ж. Як учора дамовіліся, я прапанаваў кандыдатуру Васіля Якавенкі, і прысутныя згодна прагаласавалі за. Пазьняка на сходзе тады не было.

Але празь дзень-два, як Пазьняк дазнаўся пра тыя выбары, аргкамітэт быў скліканы зноў і адбыліся перавыбары. Старшынёй усё ж стаў Пазьняк. Тое, аднак, адбылося безь мяне. Я па нейкай прычыне на паседжаньні адсутнічаў. Канешне, я лічыў, што кандыдатура Пазьняка ва ўсіх адносінах лепшая за Якавенку. І калі я не прапанаваў Пазьняка на першым паседжаньні, дык толькі таму, што ён ужо быў заняты на Мартыралёгу».

Такім чынам, Якавенка кіраваў аргкамітэтам не паўгады, як кажа шаноўны Алег Трусаў, а пару дзён. Вось чаму я, у той час жыхар Віцебску, які быў у сталіцы наездамі, увогуле ня памятаю ягонага «кіраўніцтва».

Затое памятаю, якім ударам па толькі што ўтворанаму Народнаму Фронту было вялізнае інтэрвію Якавенкі ў «Советской Белорусии» (гэта ўжо быў, здаецца, ужо не 1988, а 1989 год), з поўным наборам камуністычных прапагандысцкіх абвінавачваньняў. Пазьней у сваіх мэмуарах Якавенка прызнаўся, што тое інтэрвію ўзгаднялася ў ЦК КПБ.

І ў той жа кнізе Якавенкі, дзе пра ЦК, я прачытаў абвінавачваньні Якавенкі ў адрас дэпутатаў Апазыцыі БНФ у іх нібыта імкненьні выкарыстаць дэпутацкія паўнамоцтвы для асабістага ўзбагачэньня. Гэта сам абсурдны папрок, які я чуў. Палова дэпутатаў БНФ увогуле згубілі працу, засталіся ні з чым і былі вымушаныя працаваць хто на будоўлі, хто грузчыкам і г. д. Хай гэтыя абвінавачваньні застануцца на сумленьні Васіля Якавенкі.

Таксама заўважу, што ўдзельнікі Соймаў БНФ заўсёды прыслухоўваліся да слоў Васіля Уладзімеравіча, да ягоных парадаў. Ня ведаю, як было пасьля вясны 1996 г, калі я зьехаў з Беларусі — але пры мне было менавіта так. Што, між іншым, зафіксавана і ў пратаколах паседжаньняў Сойму.

Што да тэмы Быкаў і БНФ — бясспрэчна, роля Васіля Уладзімеравіча і ў стварэньні БНФ, і ў змаганьні за Незалежнасьць і дэмакратызацыю вялізная. Тым з большай адказнасьцю мы павінны ставіцца да ўласных успамінаў — выпраўляючы, пры патрэбе, хібы ўласнай памяці па першакрыніцах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG