Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інфармацыя пра зьяўленьне на тэрыторыі Беларусі расейскай ваеннай авіяцыйнай базы ўжо гэтым годам сталася нечаканай. Не таму, што ніякай відавочнай вонкавай пагрозы ня бачна нават на гарызонце. А таму, што гэта азначае якасную зьмену геапалітычнага статусу Беларусі. Бо са зьяўленьнем расейскай авіябазы ваенны сувэрэнітэт Беларусі стане абмежаваным. Беларуская дзяржава страчвае поўны кантроль над сваёй тэрыторыяй у найбольш адчувальнай сфэры — у сфэры абароны. Ваенныя самалёты іншай краіны будуць мець магчымасьць зь беларускай тэрыторыі ажыцьцяўляць баявыя дзеяньні, і ў выпадку якога-небудзь міжнароднага крызісу Расея можа ўцягнуць Беларусь у вайну насуперак жаданьню і нацыянальным інтарэсам краіны. Беларусы стануць закладнікамі вялікадзяржаўных амбіцыяў РФ — і адначасова мішэньню для ўдару ў адказ.

Тыя часы, калі Лукашэнка заклікаў Расею вярнуць ядзерную зброю ў Беларусь, засталіся ў мінулым. Бо тады, у 1990-я гады, ён марыў узначаліць аб’яднаную беларуска-расейскую дзяржаву, актыўна гуляў на фобіях і комплексах левага электарату РФ.

Але з той пары сытуацыя моцна зьмянілася. Аб’яднаньне даўно накрылася медным тазікам. Цяпер Лукашэнка пазыцыянуе сябе як стваральніка беларускай сувэрэннай дзяржавы. Нядаўна ён апавядаў, што будоўля Палаца Незалежнасьці будзе апошняй кропкай у зацьвярджэньні нашага сувэрэнітэту. Лукашэнка актыўна прэзэнтуе вобраз моцнага абаронцы незалежнай дзяржавы, які жорстка адхіляе прэтэнзіі і з Захаду, і з Усходу.

Як вядома, Лукашэнка вельмі трапятліва ставіцца да пытаньня аб сваёй сувэрэннай уладзе над Беларусьсю. Мы бачым, як упарта ён супраціўляецца стварэньню сумесных беларуска-расійскіх прадпрыемстваў. Ці ўзгадайма пагадненьне аб адзінай сыстэме супрацьпаветранай абароны (СПА) Беларусі і Расеі, падпісанае яшчэ ў 2009 годзе. Каб яно запрацавала, засталося разьвязаць адно дробнае пытаньне: прызначыць камандуючага гэтай структурай. Але бакі ніяк ня могуць дамовіцца, у выніку адзіная СПА існуе толькі на паперы.

Акрамя таго, Лукашэнка вельмі баіцца, што Беларусь пад яго кіраўніцтвам будуць лічыць сатэлітам Расеі. Збольшага гэтым тлумачыцца яго ўпартае ўхіленьне ад прызнаньня незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі.

І вось цяпер высьвятляецца, што кіраўнік Беларусі пайшоў на такі радыкальны крок, даў згоду на разьмяшчэньне на беларускай тэрыторыі расейскай авіябазы. І ў гэтым нейкая загадка. Бо рашэньне аб авіябазе, калі яно сапраўды прынята,
Лукашэнка зьявіцца ў вобразе слабога, залежнага сатэліта, які не кантралюе краіну
стане вельмі важнай палітычнай мяжой для краіны і псыхалягічным Рубіконам асабіста для Лукашэнкі. І будзе сьведчыць пра сур’ёзнае палітычнае аслабленьне беларускага лідэра. Лукашэнка зьявіцца ў вобразе слабога, залежнага сатэліта, які не кантралюе краіну. У выніку ў заходніх сталіцах будуць рэанімаваныя настроі, паводле якіх разьвязаньне «беларускага пытаньня» трэба шукаць у Маскве.

Няўжо Лукашэнка пагодзіцца на ўсё гэта? Здаецца, і сытуацыя ў эканоміцы не настолькі вострая, каб рабіць такія адчайныя крокі. У 2011 годзе ўсё было нашмат горш, тым ня менш кіраўнік Беларусі ўпарта таргаваўся.

Зьвярніце ўвагу, што ўся інфармацыя пра зьяўленьне ў Беларусі расейскай авіябазы паходзіць з вуснаў міністра абароны РФ Сяргея Шайгу. Лукашэнка кажа толькі пра пастаўкі сюды расейскіх ваенных самалётаў. Што б гэта значыла?

Ужо стала традыцыяй, што пасьля важных беларуска-расейскіх перамоваў на самым высокім узроўні бакі па-рознаму трактуюць, пра што ж яны дамовіліся. Напрыклад, пасьля візыту Пуціна ў Менск на пачатку 2011 году расейскі кіраўнік заявіў, што па пытаньні аб’яднаньня МАЗу і КамАЗу ўсё ўжо вырашана, існуе поўная згода. Прайшло больш за два гады. А воз і дагэтуль там.

Магчыма, нешта падобнае адбываецца і цяпер. Верагодна, сапраўды Лукашэнка нешта паабяцаў. Але ж цану абяцаньням беларускага лідэра ў Маскве павінны ведаць. А для Лукашэнкі чым больш важных для Расеі пытаньняў, каб таргавацца, — тым лепш. Адказ на гэтую загадку мы атрымаем да канца году.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG