Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У вёсцы Стаўбун хавалі «грамавую стралу»


13 чэрвеня ў вёсцы Стаўбун Веткаўскага раёну ды іншых памежных з Украінай і Расеяй беларускіх паселішчах ладзілі надзвычай цікавы й непаўторны абрад — «Пахаваньне стралы».

Традыцыйна абрад прыпадае на рэлігійнае сьвята Ўзьнясеньне, альбо па-народнаму Ўшэсьце, гэта значыць, ушэсьце Божае на неба. І ладзіцца абрад заўсёды ў чацьвер, на шостым тыдні пасьля Вялікадня.

Сталая жыхарка Стаўбуна Аксіньня Хвяськова, якая ў маладзейшыя гады й сама не прапускала ніводнага такога абраду, так тлумачыць сакральны дзень у жыцьці вёскі:

«Гэта Гасподзь сёньня ідзе на небяса й пацягне нашае жыта за каласа. А мы яму пакладзем грошы, каб даў нам Бог ураджай харошы».

З двух бакоў вялікай вёскі зь песьнямі й карагодамі кабеты й маладыя дзяўчаты рухаюцца ў цэнтар:

«Ой, ня бей, страла, у добрага молайца,
Па таму молайцу некаму плакаці —
Матка старанька, сястра маленька…».

У песенных карагодах гучаць розныя матывы, зьвязаныя з аграрнай магіяй, з услаўленьнем жыцьця, каханьня, сілаў прыроды. І галоўнае тут — адвесьці «грамавую стралу» ад будовы, ад вёскі, пазьбегнуць гневу Перуна і пажараў ад маланкі.

У цэнтры Стаўбуна два сустрэчныя патокі вяскоўцаў аб’ядноўваюцца, зьліваюцца ў супольны карагод — і абрадавыя песьні гучаць з новай сілай.

«Камень расьце бяз кораня,
Вада бяжыць бяз поваду,
Зара гарыць бяз полымя…».

Грамада неўзабаве зь песьнямі накіроўваецца ў поле, дзе расьце жыта. Разам зь вяскоўцамі ідуць прыежджыя расейцы зь беларускімі каранямі, прадстаўнікі моладзевай краязнаўчай суполкі «Талака», а таксама выкладчыкі й студэнты Беларускага ўнівэрсытэту культуры й мастацтва.


Прафэсар унівэрсытэту Вячаслаў Рагуля так тлумачыць сэнс паходу менавіта да жыта:

«Жыта — гэта сымбаль вечнасьці ў народнай культуры. Таму невыпадкова ў Аляксея Пысіна: „Забыта многае ў жыцьці — з дарогі зьмецена і змыта. Мне ў жыта хочацца ўвайсьці — мне вечнасьцю здаецца жыта“. Вось тут адбываецца далучэньне да вечнага. Адсюль і качаньне ў жыце. Усё высокае выпрабоўваецца нізам, выпрабоўваецца на жыцьцеўстойлівасьць. І гэта такі карнавалізаваны момант народнага мысьленьня. Ну, і жыта — гэта тое, што лечыць, гэта сымбаль зямлі-маці, якая мае першапачатковую сілу».

Многія ўдзельнікі абраду сапраўды качаюцца ў жыце, ахопліваюць ягонае калосьсе рукамі, загадваюць жаданьні і закопваюць розныя дробныя прадметы: хто манэту, хто заколку, хто пацерку. У суседняй вёсцы Пералёўка — самаробную ляльку. З пахаваньнем у жытнёвым полі дробных абрадавых рэчаў адводзіцца ад вёскі і «грамавая страла». Бо нездарма ж жыта ад слова «жыць».
XS
SM
MD
LG