Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асаблівасьці ранейшага й сёньняшняга чарнобыльскага фальклёру


Аляксандар Уліцёнак, Менск Чарнобыль закрануў ня толькі лясы, азёры, людзей... Але й культуру, таму што забруджаны радыенуклідамі поўдзень Беларусі – гэта ўнікальны у этнаграфічным сэнсе рэгіён. Яго традыцыі, рытуалы, песьні зьнікаюць разам са зьнішчанымі вёскамі, пераселенымі людзьмі. А з другога боку – нараджаюцца новыя прыпеўкі, зьяўляюцца анэкдоты...

(фрагмэнт песьні пра вёску Чудзяны)

Гэту сумную песьню прасьпявала жыхарка чэрыкаўскай вёскі Чудзяны. І такіх песень пра зьніклыя вёскі ў народзе створана нямала. Зьявіліся анэкдоты пра радыяцыю, мноства частушак. Народ весяліўся: "Паскарэньне – важны фактар, першым ляснуўся рэактар, і савецкі мірны атам ўся Эўропа крые матам"... Сьпявалі прыпеўкі на беларуска-украінскай трасянцы-суржыку:

"Іхалы казакі, грукатаў іх трактар, А на горцы прама грымануў рэактар. Ох, ты, Божа, што ж гэта такое, Цэны на гарэлку падняліся ўтрое".

Як да гэтай творчасьці ставяцца людзі?

(Карэспандэнтка: ) "Усе гэтыя 20 гадоў нараджаўся такі дзіўны, можа, чорны чарнобыльскі фальклёр. Прыпеўкі, частушкі чулі Вы?"

(Спадар: ) "Не, я ня чуў. Пасьля катастрофы сьпяваць неяк няёмка".

(Карэспандэнтка: ) "А анэкдоты?"

(Спадар: ) "Не, анэкдотаў таксама я ня чуў".

(Карэспандэнтка: ) "І ў прынцыпе, да такой творчасьці вы ставіцеся адмоўна?"

(Спадар: ) "Адмоўна, таму што ня бачу ў гэтым сэнсу. Ня тое што "ёрничать", але нават сьмяяцца. Гэты жанр зусім не падыходзіць да гэтай праблемы".

(Карэспандэнтка: ) "Як Вы да народнай чарнобыльскай творчасьці – частушак, анэкдотаў ставіцеся?"

(Спадар: ) "Нармальна! А як пры Сталіне : "Спасибо Сталину грузину...", я ў дзяцінстве гэта слухаў, калі бацька сядзеў ў сталінскім канцлягеры. Усё гэта нармальна. Таму што народ аптыміст".

(Карэспандэнтка: ) "Як Вы ставіцеся да Чарнобыльскага фальклёру?

(Спадар: ) "Па-першае, я зь ім ніколі не сутыкаўся. Па-другое, я лічу, што гэта проста хамства. Тут народнае гора. Які можа быць тут гумар? Проста непрыстойна гэта".

(Карэспандэнтка: ) "А ведаеце якія-небудзь анэкдоты на гэтую тэму?"

(Спадар: ) "Не, ня ведаю".

Часьцяком аўтарства анэкдотаў, частушак вызначыць складана – сапраўды, вусная народная творчасьць. Сур''ёзна так званы найноўшы чарнобыльскі фальклёр ніхто не вывучаў, сьцьвярджае культуроляг Антаніна Хатэнка.

(Хатэнка: ) "Каб нехта дасьледаваў, друкаваў, ды яшчэ пісаў прафэсійна – бяру на сябе сьмеласьць сказаць "наўрад ці". Гэта можа зрабіць толькі чалавек, які сам жыве ў такім страху, і падсьвядома ад страху бароніцца такой справай. Ня толькі ў зоне – па ўсёй Беларусі ёсьць показкі, як, да прыкладу, выплачваюць людзям "грабавыя". Але гэта, па першае, яшчэ не фальклёр у тым разуменьні, што сапраўдны фальклёр – гэта творы, якія вечныя".

Анатоль Зэкаў днямі выдаў кнігу "Чарнобыльскі вецер", у якую уключыў такую быль:

(Зэкаў: ) "Пасьля Чарнобыльскай аварыі жыхарам суседняй вёскі, якую аднесьлі да пацярпелых, пачалі выплачваць "грабавыя". Неяк завітала да нас цётка Прося, старэйшая бацькава сястра, аж сьвеціцца ўся ад радасьці. "Ты чуў, Коля, быццам і ў нас знайшлі тую рацыю!". "А чаму ты радуесься?" "То ж цяпер і нам грошы даваць будуць". Бацька толькі смачна вылаяўся, а потым, згадваючы цётчыну радасьць, яшчэ ня раз прыгаворваў: "От, дурніца, за грошы гатовая памерці!"

Самадзейныя аўтары ствараюць свае песьні. Адну зь іх напісаў Віталь Карамыш з Лунінецкага раёну:

(фрагмэнт "Чарнобыльскага вечару")

Беларускія прафэсійныя гумарысты з чарнобыльскім фальклёрам таксама сустракацца нячаста. Ні ў часопіс "Вожык", ні на гумарыстычную 13-ю старонку "ЛіМ"у чытачы такога кшталту фальклёру не дасылаюць, сьцьвярджаюць галоўныя рэдактары.

А вось меркаваньне мастацкага кіраўніка тэатру сатыры "Хрыстафор" Яўгена Крыжаноўскага:

(Крыжаноўскі: ) "Ёсьць гумар і ў гэтым напрамку, але гэтага гумару вельмі і вельмі мала. Вельмі цяжкая гэта гісторыя – Чарнобыль".

(Карэспандэнтка: ) "А ў Вас былі нейкія анэкдоты, гісторыі, зьвязаныя з Чарнобылем?"

(Крыжаноўскі: ) "Не, у нас не было. Бо для нас, як кажуць, гэта табу, якое мы самі сабе зрабілі. Мы гэту тэму не кранаем з нашага погляду, гумарыстычнага. Хаця з гастролямі езьдзім пастаянна ў Чарнобыльскую зону. Людзі сьмяюцца, але зь іншага".

Чаму разам з трагічнымі падзеямі заўсёды прысутнічае іронія і гумар, разважае культуроляг Эдуард Дубянецкі:

(Дубянецкі: ) "У характары чалавека закладзеная схільнасьць да жарту, да гумарыстычнага, іранічнага асэнсаваньня рэчаіснасьці, у тым ліку і трагічнай. Нездарма яшчэ галяндзкі культуроляг Ёхан Хэйзінга пісаў пра "Чалавека, які гуляе". Гэта тычыцца і Чарнобыльскай катастрофы. З другога боку, гэта дазваляла людзям пераадолець гэты трагізм, пакуты маральныя і фізычныя, і перавесьці іх у плян іроніі, сатыры".

Аўтар бліскучых эпіграмаў – "дулін ад Барадуліна" – дзядзька Рыгор да сучаснага чарнобыльскага фальклёру ставіцца скептычна:

(Барадулін: ) "Ці гэта ад дурасьці, ці ад адчаю. Гэта ненармальнае нешта. Ёсьць сьвятыя рэчы".

(Карэспандэнтка: ) "Вы лічыце, што калі трагічныя абставіны, то гэтыя жанры не павінны быць?"

(Барадулін: ) "Разумееце, ён можа быць, але дужа ашчадна. Не перайсьці мяжу. Ёсьць гумар, які ўздымае настрой, а ёсьць, які абражае".

Да 20-годзьдзя Чарнобыльскай трагедыі вядомы фальклярыст Васіль Ліцьвінка выпусьціў грунтоўную манаграфію.

(Ліцьвінка: ) "Я прынцыпова назваў "Фальклёр і этнакультура Чарнобылю" працу сваю, хаця многія працівіліся. Таму што гэта Кіеўская Русь старажытная, Прыпяць – гэта сэрца Кіеўскай Русі. Там ёсьць абрады, якіх наагул няма ў славянскіх народаў. "Ваджэньне і пахаваньне стралы" (сьпявае), "Жаніцьба Коміна", "Провады русалкі". Усе, хто прыяжджае на Беларусь, пачынаючы з прафэсара МГУ Янчука, гавораць, што за цуд беларуская жанчына, у яе рот ніколі не закрываецца. 12 гадзін на полі, як завядзе доўгую песьню.... (сьпявае). Вось гэтыя пералівы ў жніўных песьнях нідзе вы ня знойдзеце..."

Другую частку манаграфіі "Фальклёр і этнакультура Чарнобылю" Васіль Ліцьвінка прысьвяціў адраджэньню духоўнай культуры – як вярнуць тое, што яшчэ магчыма, як рэканструяваць, хаця канечне, рэканструкцыя – гэта ўжо другі ўзровень... У БДУ створаная вучэбна-навуковая лябараторыя беларускага фальклёру, аснашчаная сучаснай аўдыё– відэатэхнікай.Спадар Ліцьвінка вельмі ганарыцца, што з 250-ці відэафільмаў 48 – з Чарнобыльскага рэгіёну. Зараз гэтыя творы пераносяць на DVD, каб захаваць на стагодзьдзі. Яны вартыя вечнасьці...
XS
SM
MD
LG