Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Віцебск застаецца бяз помніка Альгерду


Праект помніка на беразе Віцьбы

Праект помніка на беразе Віцьбы

Неаднаразова абяцаная гарадзкімі ўладамі ўстаноўка помніка зноў адкладаецца на невядомы тэрмін.

Апошні раз гарвыканкам казаў, што адкрыцьцё скульптуры адбудзецца ў сёлетні Дзень горада. Але абяцаньні засталіся нявыкананымі.

Дзень гораду сьвяткуецца ў Віцебску ў выходныя, бліжэйшыя да 26 чэрвеня — гэта дзень вызваленьня гораду ў часе Вялікай Айчыннай вайны. Сёлета сьвяткаваць зьбіраюцца тры дні запар: з 28 да 30 чэрвеня. Але ў праграме пункту пра адкрыцьцё помніка няма. Што, зрэшты, ужо ня дзівіць мясцовых жыхароў: першы раз яго абяцалі адкрыць яшчэ ў Дзень гораду ў 2010 годзе.

І яшчэ ў 2009 годзе гарвыканкам выступіў з прапановай наконт усталяваньня трох помнікаў: Аляксандру Неўскаму, княгіні Вользе, якую ў некаторых летапісных крыніцах называюць заснавальніцай Віцебску, і віцебскаму князю Альгерду.

Быў праведзены конкурс праектаў гэтых трох помнікаў — іх маглі ўбачыць усе ахвотныя. Але ўвекавечаньне першых двух асобаў грамадзкасьць Віцебску не падтрымала. Толькі помнік князю Альгерду быў ухвалены — як гараджанамі, так і журы, якое вызначыла пераможцу. Ім стаў аўтар аднаго з праектаў, віцебскі скульптар Валеры Магучы. Зрэшты, праект было сказана дапрацаваць, што і зрабіў аўтар. Нават пастамэнт для помніка ўжо ўзьведзены, і ЖКГ абвясьціла тэндэр на ўстаноўку і мантаж помніка.

Толькі вось помніка дагэтуль няма. Пра гэта заявіў галоўны архітэктар Віцебску Віталь Дубік. У чым прычына затрымкі: ці нестае грошай, ці справа ў нейкіх мастацкіх недахопах скульптурнага твору, гараджанам не тлумачаць.

Але прыхільнікі ідэі ўшанаваньня памяць князя, пры якім сярэднявечны Віцебск дасягнуў найбольшага росквіту, занепакоеныя чарговай адтэрміноўкай. Яны хвалююцца, ці не адыгралі сваю ролю нешматлікія, але гучныя пратэсты «расейскай грамадзкасьці». 16 мясцовых жыхароў, прыватных асобаў і тых, хто называе сябе прадстаўнікамі розных грамадзкіх утварэньняў, нядаўна зьвярнуліся зь лістамі да Аляксандра Лукашэнкі. Яны патрабуюць адмяніць устаноўку помніка князю Альгерду, якога называюць «агрэсарам», бо лічаць, што гэта будзе «ідэалягічнай і палітычнай памылкай» і «правакацыяй, якая вядзе да расколу грамадзтва».
XS
SM
MD
LG