Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскія камуністы — за помнік князю Альгерду


Праект помніку
Праект помніку

Ініцыятыва асобных грамадзянаў перашкодзіць усталяваньню помніка выклікала абурэньне грамадзкасьці горада, спрэчкі вакол асобы князя Альгерда працягваюцца. Але ніякіх прыкметаў таго, што помнік неўзабаве ўсталююць, у Віцебску не заўважна.

У абарону помніка выступіў першы сакратар Віцебскага абкама КПБ Аляксандар Дзядзінкін. Пасьля таго, як інфармацыйная агенцыя REGNUM надрукавала
чарговы ліст да Аляксандра Лукашэнкі з патрабаваньнем адмяніць усталяваньне помніка, актывіст КПБ заявіў пра супольную пазыцыю сваіх партыйцаў: «На пасяджэньні бюро абкаму мы абмяркоўвалі пытаньне пра мэтазгоднасьць помніка князю Альгерду. Камуністы Віцебску падтрымліваюць гэтую ініцыятыву. Гэта вялікі князь, гэта гонар нашай гісторыі»

Такім чынам спадар Дзядзінкін адгукнуўся на зьвесткі пра тое, што чарговы ліст да Аляксандра Лукашэнкі падпісала нехта Тамара Цішчанка, старшыня аргкамітэту па стварэньні партыі БКПП (Беларускай Камуністычнай Партыі Працоўных). Пра ствараную БКПП у Віцебску амаль ніхто ня ведае, і каб не было блытаніны, сакратар абкаму КПБ агучыў партыйную пазыцыю.

Што да іншых падпісантаў ліста, дзе князя Альгерда называюць «агрэсарам» і «літоўцам-язычнікам», то сярод іх атаман г. Віцебска Валеры Сямашка, прадстаўнік грамадзкага аб’яднаньня «Белорусское казачество», старшыня віцебскай грамадзкай арганізацыі «Русский дом» Андрэй Герашчанка, звольнены чыноўнік гарвыканкаму, які пэрыядычна выступае на сайце агенцыі REGNUM з заявамі пра ўціск прадстаўнікоў расейскай нацыянальнасьці ў сучаснай Беларусі, і яшчэ некалькі мала вядомых у Віцебску асобаў. Усяго пад гэтым лістом 8 подпісаў — столькі ж, колькі было пад мінулым зваротам да Аляксандра Лукашэнкі, «расейская грамадзкасьць Віцебску» таксама пратэставала супраць ўсталяваньня помніка князю Альгерду.

Зьмест абодвух лістоў падобны: усталяваньне помніка аўтары лічаць «ідэалягічнай і палітычнай памылкай» і «правакацыяй, якая вядзе да расколу грамадзтва». А ініцыятыва звароту да Аляксандра Лукашэнкі тлумачыцца тым, што гарадзкія ўлады, якія 5 год таму вырашылі ўсталяваць помнік князю Альгерду, нібыта пайшлі на супрацоўніцтва зь нейкімі нацыяналістычнымі сіламі.

Насамрэч, гарвыканкам выступіў з прапановай наконт усталяваньня трох помнікаў: Аляксандру Неўскаму, княгіні Вользе, якую ў некаторых летапісных крыніцах называюць заснавальніцай Віцебску, і віцебскаму князю Альгерду.

Быў праведзены конкурс праектаў усіх трох помнікаў — іх маглі ўбачыць усе ахвотныя жыхары горада.Але ўвекавечаньне першых двух асобаў грамадзкасьць Віцебску не падтрымала. Праз пэўны час і пазыцыя гарвыканкаму зьмянілася: было вырашана ўсталяваць толькі помнік князю Альгерду. Гэтым і папракаюць чыноўнікаў гарвыканкаму ў лістах да Аляксандра Лукашэнкі.

Пазыцыя віцебскіх уладаў ранейшая: у дзяржаўных СМІ пэрыядычна зьяўляюцца матэрыялы, што помнік будзе ўсталяваны, і пастамэнт для яго быў выраблены яшчэ 2 гады таму. Пакуль ён стаіць пусты, і яго называюць «Помнікам віцебскім замкам».

Што да тэрмінаў усталяваньня, то яны ўвесь час пераносяцца: першапачаткова адкрыцьцё меркавалася правесьці яшчэ ў 2010 годзе. Апошні раз жыхарам Віцебску было прадэклярявана, што помнік адкрыюць «да лета 2013 году» — ці то да 1 чэрвеня, ці то да 13-га, ці то да 26-га чысла, калі традыцыйна адзначаецца Дзень горада.

Але ніякіх прыкметаў таго, што рыхтуецца адкрыцьцё помніка, у горадзе не заўважна: пастамэнт па-ранейшаму пусты, вакол яго не вядуцца аніякія працы.

Усё гэта хвалюе жыхароў Віцебску, і асабліва занепакоеныя аб’ядналіся ў суполцы «За помнік князю Альгерду ў Віцебску» http://vk.com/alhierd2013 у сацыяльнай сетцы «ВКонтакте». Удзельнікі групы таксама прапануюць пісаць лісты — але ўжо дзеля падтрымкі ініцыятывы гарвыканкаму пра ўсталяваньне помніка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG