Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замест князя Альгерда — партызанскія зямлянкі і самагон


Княгіня Вольга і князь Альгерд у выкананьні самадзейных артыстаў.

Княгіня Вольга і князь Альгерд у выкананьні самадзейных артыстаў.

Да Дня гораду, які сьвяткуюць у Віцебску і ўчора, і сёньня, гарадзкія ўлады абяцалі ўсталяваць тры новыя помнікі — легендарнай заснавальніцы гораду княгіні Вользе, Аляксандру Неўскаму і віцебскаму князю Альгерду. Але абяцаньне засталося нявыкананым.


Пра тры абяцаныя помнікі да сёлетніх 1036-х угодкаў Віцебску ўсе нібыта забыліся. Хаця ўзімку праводзіліся выставы-абмеркаваньні мастацкіх праектаў, былі вызначаныя скульптары-пераможцы і нават абраныя месцы, дзе мусілі б паўстаць скульптурныя выявы княгіні Вольгі, Аляксандра Неўскага і князя Альгерда.

Зрэшты, далёка ня ўсе гараджане віталі ідэю ўладаў усталяваць помнік Аляксандру Неўскаму, які толькі аднойчы наведаў Віцебск. А таксама княгіні Вользе, якая, паводле паданьня, у 974-м годзе перапраўлялася са сваёй сьвітай па Дзьвіне і вырашыла спыніцца на ноч у маляўнічых мясьцінах, каля вусьця невялікай рачулкі Віцьбы, а потым загадала заснаваць тут горад. Перадусім таму, што шэраг гісторыкаў аспрэчвае гэты гістарычны факт — паводле некаторых крыніцаў, княгіня Вольга памерла яшчэ ў 969 годзе.

Таму гараджане ня надта засмуціліся, даведаўшыся, што помнікаў пакуль ня будзе. Яны кажуць, што затрымка — за Аляксандрам Лукашэнкам, які чамусь не ўзгадняе праекты, ініцыяваныя старшынём аблвыканкаму Аляксандрам Косінцам.
Усё гэта казкі — і пра Неўскага, і пра княгіню Вольгу.

Спадарыня: «У прэзыдэнта на ўзгадненьні ляжаць помнікі.»

Спадар: «І тым, хто разумее гэта, проста гідка! Бо ўсім зразумела, што ўсё гэта казкі — і пра Неўскага, і пра княгіню Вольгу. Няма ніякіх дакладных гістарычных фактаў!»

Такія рэплікі даводзілася чуць, калі ў пастамэнт, які ўжо ўсталявалі пад помнік князю Альгерду, старшыня гарвыканкаму Віктар Нікалайкін закладаў капсулу з пасланьнем нашчадкам. У пасланьні гаварылася, што дзякуючы цяперашняму кіраўніцтву краіны і гораду Віцебск адбудоўваецца і квітнее.

Тут мусіў быць помнік. У замураванай адтуліне - пасланьне нашчадкам.

Калі помнік Альгерду ўсё ж будзе ўсталяваны, то па пэрымэтры пастамэнта зьявяцца выявы віцебскіх краявідаў, і не застанецца нават адзнакі, што ўнутры ёсьць капсула зь нейкім допісам.

З усіх трох згаданых гістарычных пэрсанажаў менавіта князю Альгерду варта паставіць помнік, лічыць мастачка і дасьледчыца віцебскай гісторыі Сьвятлана Баранкоўская:

Альгерд — гэта вялікі князь, і пры ім Віцебск быў вялікакняскім горадам цэлыя 10 гадоў.
«Таму што Альгерд — гэта вялікі князь, і пры ім Віцебск быў вялікакняскім горадам цэлыя 10 гадоў. Тым больш што помнік яму — конны. А конны помнік — гэта заўжды адзнака сувэрэннасьці дзяржавы, у якой помнік ставіцца. Вось калі ў Полацку паставілі конны помнік Усяславу Чарадзею — гэта было сапраўднае сьвята. Вось таму Неўскаму можна ставіць помнік недзе ў Расеі, гэта іхны герой. Але — такое ў нас шанаваньне гісторыі».

Зрэшты, даніну гістарычнаму мінуламу Віцебска падчас сьвяткаваньняў аддаць усё ж паспрабавалі. Самай гучнай падзеяй у гэтым сэнсе мусіла стацца адкрыцьцё алеі партызанскай славы на тэрыторыі музэю Героя Савецкага Саюзу Міная Шмырова. Тут пабудавалі зямлянкі, разьмясьцілі ў іх часовую музэйную экспазыцыю ў дзень адкрыцьця і нават частавалі першых наведнікаў сапраўднай самагонкай — на думку арганізатараў імпрэзы, характэрным атрыбутам партызанскага побыту.

Так, на думку стваральнікаў экспазіцыі, выглядалі сапраўдныя зямлянкі.
У партызанскай зямлянцы.

Але найбольшую цікаўнасьць жыхароў гораду выклікаў куды больш відовішчны «Конкурс волатаў», абвешчаны ў гонар ураджэнца Віцебшчыны Фёдара Махнова, самага высокага чалавека ў сьвеце. Ён меў рост 2 мэтры 85 сантымэтраў. Нашчадкі-канкурсанты аказаліся драбнейшымі, але ў натоўпе звычайных гледачоў іх нельга было не заўважыць. Самай высокай жанчынай журы прызнала Натальлю Русанаву, рост якой 197,5 см, і Аляксея Андрыянава, які ў свае 27 гадоў дасягнуў росту 2 мэтры 8 сантымэтраў.

Натальля Русанава побач з выявай Фёдара Махнова.

Аляксей Андрыянаў.

Таксама мінакі адзначалі мастацкую імпрэзу, якая праходзіла ў гонар сёлетніх 90-х угодкаў віцебскай творчай суполкі «УНОВИС» (расейскамоўнае скарачэньне ад «сьцьвярджальнікі новага мастацтва»). Віцебскія мастакі размалёўвалі будынак на скрыжаваньні вуліц «Праўды» і Леніна паводле колішніх эскізаў славутага мастака супрэматыста Казіміра Малевіча. Гэта таксама падарунак Віцебску да Дня горада — каб нагадаць пра яго мінуўшчыну.


XS
SM
MD
LG