Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старасьць у Беларусі: ўстаўная сківіца, хваробы, кіёк, маразм


www.Shutterstock.com

www.Shutterstock.com

15 траўня адзначаецца Міжнародны дзень сям’і.

15 траўня адзначаецца Міжнародны дзень сям’і. Гэтае сьвята было зацьверджана Генэральнай асамблеяй ААН у 1993 годзе. Сёлета яно адзначаецца пад лёзунгам «Умацаваньне сацыяльнай інтэграцыі і салідарнасьці пакаленьняў». Для Беларусі, дзе насельніцтва імкліва старэе — звыш 15% жыхароў старэйшыя за 60 гадоў — гэта асабліва актуальна.

Адна з галоўных фобіяў беларусаў, згодна з сацыялягічнымі апытаньнямі, — старасьць. Людзі ня ўпэўненыя ў заўтрашнім дні, і ня толькі таму, што пэнсіі нават у параўнаньні з бліжэйшымі суседзямі — Расеяй, Літвой, Польшчай — мізэрныя. Старасьці баяцца яшчэ і таму, што ня будзе каму даглядаць. У краіне шмат самотных старых, дый тыя, у каго ёсьць дзеці, не заўсёды могуць на іх разьлічваць. Да таго ж у моладзі склаўся нэгатыўны стэрэатып што да старасьці, сьцьвярджае сямейны псыхоляг Раман Кручкоў:

«Практычна працэнтаў на 80, а то і на 90% — асацыяцыі са старасьцю нэгатыўныя: гэта ўстаўная сківіца, гэта хваробы, гэта кіёк, маразм. Гэта кажа пра тое, што, на вялікі жаль, старасьць — гэта нешта такое, што нашым соцыюмам адкідаецца і не прымаецца. Старасьць — гэта, маўляў, адпрацаваны матэрыял».

У той жа час афіцыйныя ўлады сьцьвярджаюць, што ў Беларусі няма забытых самотных старых — усіх іх даглядае дзяржава. Начальнік Упраўленьня стацыянарных установаў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Марыя Гарбацэвіч распавяла:

«Больш за 4 тысячы ў нас у дамах-інтэрнатах. Гэта для нашай краіны ня так і шмат. Таму што асноўная маса людзей — на надомным абслугоўваньні. У нас колькасьць дамоў-інтэрнатаў для састарэлых і інвалідаў скарачаецца. Таму што праблема цяпер — з ростам псыхічных захворваньняў. І ўсе людзі, якія маюць патрэбу ў дапамозе дзяржавы, пад гэтай абаронай знаходзяцца».

Карэспандэнтка: «А чэргаў няма?

«Не, вядома. У дамы-інтэрнаты агульнага тыпу чэргаў няма».

Юлія Бука з Глыбоцкага раёну працуе сацыяльным работнікам і летам займаецца яшчэ агратурызмам. А ўзімку ў яе аграсядзібе на ўтрыманьні было 5 самотных бабулек з бліжэйшага дома-інтэрнату:

«Калі бабулі зьяжджалі ад мяне, яны плакалі. Яны казалі: „Мы там нікому не патрэбныя, ні ў шпіталі, ні ў інтэрнаце“. У Валодзькаве яны ў мяне аклямаліся за 3 месяцы. Я вельмі хвалявалася: хоць бы яны ў мяне перазімавалі, дажылі. Але празь месяц адна памерла ў шпіталі, празь яшчэ месяц — другая ў інтэрнаце. Але гэта ўсё не паказваецца афіцыйна. Лічыцца, што бабуля прапісаная ў вёсцы, памірае быццам бы ў сваёй хаце. Ніхто на афіцыйным узроўні не паказвае, што яна памерла на сацыяльным ложку. Там і вошы, і недагляд. Калі ў мяне было некалькі падшэфных бабулек, я даглядала іх па хатах, ніхто зь іх ніколі не хацеў трапіць у інтэрнат».

Тацяна Гаплічнік, каардынатарка праграмаў ЮНФПА — Фонду ААН у галіне народанасельніцтва ў Рэспубліцы Беларусь — выказала такое меркаваньне:

«Старэць чалавек павінен там, дзе ён жыве. Калі вакол цябе толькі людзі твайго ўзросту, вельмі сталага ўзросту, калі ты бачыш, як гэтыя людзі сыходзяць, калі ты пазбаўлены кантактаў з маладымі, зь людзьмі розных пакаленьняў — гэта вельмі цяжка. Інстытуцыянальныя ўстановы — гэта казённы дом, які б добры ён ні быў. Пры той колькасьці пажылых людзей, якая сёньня ёсьць і якая будзе штогод павялічвацца, гэта проста непад’ёмна ні для якага бюджэту дзяржавы, таму што гэта вельмі дорага».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG