Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькасьць пэнсіянэраў у Беларусі перавысіла 2,5 млн. Ці эфэктыўная беларуская пэнсійная сыстэма? Чаму не падвышаецца пэнсійны ўзрост? Чаму ўлады ня хочуць пераходзіць на назапашвальную сыстэму?

Удзельнікі: былы міністар працы Аляксандар Сасноў і дырэктар Дасьледчага цэнтру Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту Аляксандар Чубрык.


Ці эфэктыўная беларуская пэнсійная сыстэма?


Аляксандр Сасноў

Аляксандр Сасноў

Аляксандар Чубрык

Аляксандар Чубрык

Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч: «Паводле інфармацыі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, у пэнсійную сыстэму Беларусі ў 2012 годзе ўліліся больш за 134 тыс. чалавек. У краіне адзначаецца рост колькасьці пэнсіянэраў — упершыню за многія гады яна перавысіла 2,5-мільённы рубеж. Ва ўмовах скарачэньня колькасьці насельніцтва краіны ўдзельная вага пэнсіянэраў павышаецца і ўжо набліжаецца да 27%. Прычым восьмая частка новых пэнсіянэраў выйшлі на пэнсію датэрмінова. Права на датэрміновую пэнсію дадзена ня толькі ўдзельнікам ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС, шматдзетным маці, бацькам дзяцей-інвалідаў, але гэтым правам валодаюць і работніцы тэкстыльнай вытворчасьці, трактарысты-машыністы, пэдагогі, мэдыкі, артысты, работнікі авіяцыі і г.д. То бок у Беларусі шмат ільготнікаў. Ці праблема гэта?»

Аляксандр Сасноў: «Так, гэта вялікая праблема і для краіны, і для ўлады. Трэба было пачынаць рэформы пэнсійнай сыстэмы 20 гадоў таму. Але ўлады баяліся, бо праблема вельмі балючая».

Карбалевіч: «Нідзе ў сьвеце палітыкі ня думаюць на 20 гадоў наперад. Яны думаюць на тэрмін да бліжэйшых выбараў».

Сасноў: «Але ж адрозьненьне Беларусі ў тым, што ў нас адзін і той жа кіраўнік ужо 18 гадоў ва ўладзе. І калі ён зьбіраўся так доўга сядзець, то павінен быў думаць на 20 гадоў наперад.

Праблема палягае ў тым, што пэнсіянэраў усё больш, а грошай усё менш. Цяпер рабіць нейкія зьмены толькі ў пэнсійнай сыстэме ня мае сэнсу. Цяпер нешта трэба рабіць з эканомікай, каб зьявіліся грошы».

Аляксандар Чубрык: «Павелічэньне колькасьці пэнсіянэраў — вынік доўгатэрміновай дэмаграфічнай тэндэнцыі. Па выніках 2012 году Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, зь якога выплачваюцца пэнсіі, быў сфармаваны з прафіцытам. Але ў гэтым і ў 2014 гадах, паводле ацэнак Усясьветнага банку, у яго можа ўзьнікнуць дэфіцыт. І гэты дэфіцыт будзе толькі павялічвацца з гадамі. І каб захаваць памер пэнсій адносна сярэдняга заробку на цяперашнім узроўні, трэба шукаць грошы».


Чаму не падвышаецца пэнсійны ўзрост?


Карбалевіч: «Чаму ўлады не спрабуюць тут ладзіць нейкія зьмены, рэформы? Напрыклад, падвышэньне пэнсійнага ўзросту. У Беларусі ён самы нізкі, здаецца, у сьвеце. Чаго ўлады баяцца? Гэта ў Францыі павышэньне пэнсійнага ўзросту на два гады выклікала масавыя акцыі пратэсту. У Беларусі ж гэта наўрад ці магчыма?»

Сасноў: «Улады ня важацца ладзіць рэформы ў пэнсійнай сыстэме з той жа прычыны, зь якой ня хочуць рабіць рэформы ўвогуле ў эканоміцы. Напрыклад, сельскагаспадарчыя каапэратывы сёньня — гэта не гаспадарчыя суб’екты, а арганізацыі па забесьпячэньню „правільнага“ галасаваньня на выбарах. Пэнсіянэры ўжо цяпер абураюцца ўладай. А што будзе, калі падвысіць пэнсійны ўзрост?»

Карбалевіч: «Калі мець на ўвазе цяперашнюю пэнсійную сыстэму, то ва ўладаў існуе тры варыянты вырашэньня праблемы магчымага дэфіцыту грошай. Па-першае, падвысіць пэнсійны ўзрост. Па-другое, зьменшыць памер пэнсій. Па-трэцяе, падвысіць узровень выплат у Фонд сацыяльнай абароны, то бок — фактычна падвысіць падатак».

Чубрык: «У межах той разьмеркавальнай пэнсійнай сыстэмы, якая існуе ў Беларусі, каб яна ўстойліва працавала, трэба, каб на аднаго пэнсіянэра прыпадала трое працоўных. У нас гэтыя суадносіны — менш за 1,5 працоўнага на аднаго пэнсіянэра.

Узровень выплат у Фонд сацыяльнай абароны ў нас адзін з самых высокіх у сьвеце. Ён складае 35% фонду заробкаў, яго плацяць разам наймальнікі і найманыя працаўнікі. Больш толькі ва Ўкраіне (36%). Далей яго падвышаць нельга.

Магчымасьць падвышэньня пэнсійнага ўзросту абмяркоўвалася. Але ўлады асьцерагаюцца нэгатыўных палітычных наступстваў. Бо, паводле сацыялягічных апытаньняў, большасьць беларусаў ня хочуць, каб пэнсійны ўзрост падвышаўся. Шмат хто лічыць, што і цяперашні ўзрост высокі, некаторыя кажуць — «Да пэнсіі не дажыву».

Карбалевіч: «Нідзе ў сьвеце насельніцтва не падтрымлівае падвышэньня пэнсійнага ўзросту».
Плаціць пэнсію для дзяржавы таньней, чым падтрымліваць стратнае прадпрыемства, на якім чалавек працаваў

Чубрык: «Справа ў тым, што гэты пэнсійны ўзрост — гэта важны элемэнт усёй сацыяльнай сыстэмы. Плаціць пэнсію для дзяржавы таньней, чым падтрымліваць стратнае прадпрыемства, на якім чалавек працаваў.

Зь іншага боку, калі падвысіць пэнсійны ўзрост, то ўзьнікне праблема беспрацоўя сярод моладзі. А ў нас сыстэма падтрымкі беспрацоўных вельмі слабая.

Калі зьмяншаецца пэнсія, то пэнсіянэры становяцца беднымі паводле афіцыйнага крытэру беднасьці. І ім трэба будзе плаціць адрасную сацыяльную дапамогу. То бок дзяржава будзе траціць тыя ж грошы, толькі зь іншай кішэні. Таму зьмена пэнсійнай сыстэмы вымагае зьмены ўсёй беларускай сацыяльнай мадэлі».


Праблемы пераходу да назапашвальнай сыстэмы


Карбалевіч: «Чаму ўлады ня хочуць пераходзіць на назапашвальную пэнсійную сыстэму?»

Сасноў: «Цяпер перамена пэнсійнай сыстэмы, пераход з разьмеркавальнай на назапашвальную, ужо нічога ня дасьць. А ў нас атрымалася часткова рынкавая эканоміка з сацыялістычнай сацыяльнай сыстэмай».

Чубрык: «Сапраўды, рэформу трэба было рабіць у сярэдзіне 2000-х гадоў, калі эканамічная сытуацыя была лепшая, не было такога вонкавага доўгу.

Пры пераходзе да назапашвальнай сыстэмы ўзьнікне шэраг праблем. Па-першае, частка грошай у Фондзе сацыяльнай абароны будзе замарожана, то бок — яе нельга будзе выкарыстоўваць для выплаты бягучых пэнсій. Гэта прывядзе да вялікага дэфіцыту ў гэтым фондзе. Чым яго закрыць? Выдаткоўваць зь бюджэту — гэта значыць забіраць зь іншых бюджэтных артыкулаў. Можна пазычыць грошы. Ці прадаць нейкія дзяржаўныя актывы.

Па-другое, куды інвэставаць гэтыя грошы для будучых пакаленьняў пэнсіянэраў? Гэта няпроста з улікам няпростага стану і беларускага, і ўсясьветнага фінансавага асяродзьдзя.

Праблема балючая, таму і не вырашаецца, усяляк адкладаецца. Лёгкіх рашэньняў няма. Але няма і альтэрнатывы назапашвальнай сыстэме. Найбольш рэальным варыянтам было б стымуляваньне добраахвотнага назапашваньня пэнсій. Бо тыя стымулы, якія існавалі для гэтага мэханізму ў 1990-я гады, цяпер ліквідаваныя».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG