Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта Лукашэнка паляцеў у Ерэван?


Ерэван, 13 траўня 2013
Ерэван, 13 траўня 2013
Значэньне візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Армэнію мы папрасілі пракамэнтаваць дырэктара Аналітычнага цэнтру па глябалізацыі і рэгіянальнаму супрацоўніцтву Сьцяпана Грыгарана. Зь ім гутарыў Юры Дракахруст.

Радыё Свабода: Сп-р Грыгаран, Беларусь і Армэнія – адзіныя краіны постсавецкай прасторы, якія ўваходзяць у такія розныя аб'яднаньні, як Арганізацыя дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) СНД і Ўсходняе партнэрства з Эўразьвязам. Першае пытаньне – наконт партнэрства. Беларусь зараз знаходзіцца ў даволі канфліктных стасунках з ЭЗ, у разныя гады розныя лідэры спрабавалі адыгрываць ролю пасярэднікаў паміж ЭЗ і Беларусьсю ці нават адвакатаў Менску перад Эўразьвязам. Я маю на ўвазе колішняга прэзыдэнта Ўкраіны Юшчанку і прэзыдэнта Грузіі Саакашвілі. Ці цяперашняе армянскае кіраўніцтва можа выканаць такую ролю?

Грыгаран: Апошнія два гады Армэнія актыўна працуе з ЭЗ, асабліва ў рамках Усходняга партнэрства. Армэнія – адна з тых краінаў, якая мае шанец на саміце Ўсходняга партнэрства ў Вільні сёлета парафіраваць дамову аб асацыяцыі з Эўразьвязам. Я мяркую, што Армэнія магла б адыграць такую ролю, бо яна актыўная ва Ўсходнім партнэрстве і магла б быць карыснай Беларусі. У Армэніі з Беларусьсю някепскія стасункі, у тым ліку і асабістыя адносіны паміж прэзыдэнтамі Саргсянам і Лукашэнкам. У нас ёсьць яшчэ такая буйная палітычная і прадпрымальніцкая постаць, як Гагік Царукян, зь якім сябруе прэзыдэнт Беларусі.

Радыё Свабода: Якраз наконт спадара Царукяна – армянскія СМІ паведамілі пра такі беспрэцэдэнтны сюжэт, што прэзыдэнта іншай краіны, які прыехаў у Армэнію з афіцыйным візытам, у аэрапорце сустракаў гэты бізнэсовец і палітык, а пасьля госьць адправіўся не ў афіцыйную рэзыдэнцыю, а ў асабняк Царукяна, які знаходзіцца ў пэўнай апазыцыі да прэзыдэнта Саргсяна. Калі б прэзыдэнт Саргсян, прыехаўшы ў Менск з афіцыйным візытам, з аэрапорта паехаў бы, скажам, на лецішча Мілінкевіча, гэта быў бы вялікі скандал. Чаму гэта не скандал у Армэніі?

Грыгарян: Ну па-першае, Царукян – не Мілінкевіч. Зараз сапраўды ёсьць пэўная напружанасьць у стасунках паміж прэзыдэнтам і Царукянам, але Царукяна не назавеш жорсткай палітычнай апазыцыяй, якая патрабуе сыстэмных зьменаў.
І па-другое, я мяркую, што кіраўніцтва Армэніі безумоўна лічыцца зь фігурай Лукашэнкі. У пытаньнях дэмакратыі мы можам рабіць Беларусі заўвагі, у нас можа быць свой пункт гледжаньня на гэты конт, але трэба прызнаць, што прэзыдэнт Беларусі – аўтарытэтная асоба ў межах СНД. І ён можа сабе дазволіць, каб ягоны сябра мог яго прымаць нават насуперак пратаколу. Да таго ж у Царукяна ёсьць і фармальныя пасады, ён чалец Рады бясьпекі Армэніі, ён узначальвае другую па колькасьці фракцыю ў парлямэнце. Так што ёсьць і такія статусныя рэчы. Але на першым месцы тое, што кіраўніцтва Армэніі з разуменьнем паставілася да гэтага жаданьня Лукашэнкі. Паралельна будзе і дзяржаўны пратакол. Але я згодны, што гэта нечакана і нестандартна для постсавецкай прасторы.

Радыё Свабода: Беларусь мае шчыльныя сувязі з Азэрбайджанам, калі гандлёвы абарот паміж Беларусьсю і Армэніяй летась склаў 46 мільёнаў даляраў, то з Азэрбайджанам – больш за 200 мільёнаў. Часткай гэтага супрацоўніцтва зьяўляецца і вайскова-тэхнічнае, што і не хаваецца. З улікам стасункаў паміж Баку і Ерэванам гэта прамая пагроза нацыянальнай бясьпецы Армэніі. Гэтая тэма будзе прысутнічаць у гутарцы двух прэзыдэнтаў?

Грыгаран: Я не сумняюся, што будзе. І фармат можа быць шырэйшым – наконт абавязкаў адных перад іншымі ў межах АДКБ. Мы, разам з Беларусьсю і Расеяй – чальцы АДКБ. Армэнія пэрыядычна ўзьнімае пытаньне: у выпадку нападу Азэрбайджана на Армэнію (пра Карабах размова не ідзе) – ці будуць іншыя чальцы АДКБ абараняць Армэнію ў адпаведнасьці з 4 артыкулам дамовы аб калектыўнай бясьпецы. Я ўпэўнены, што гэтае пытаньне будзе закранутае, як і пытаньне паставак узбраеньняў. Наўрад ці гэта будзе зроблена ў вострай форме, але Сэрж Саргсян безумоўна закране яго ў гутарцы з Аляксандрам Лукашэнкам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG