Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Франтавік Шчамялёў не капітуляваў перад патасным гераізмам


Леанід Шчамялёў
Леанід Шчамялёў

Франтавік-ардэнаносец, народны мастак Беларусі Леанід Шчамялёў прайшоў вайну ня толькі ад першага да апошняга дня, а нават захапіў яшчэ два гады пасьля яе заканчэньня.

Франтавік-ардэнаносец, народны мастак Беларусі Леанід Шчамялёў прайшоў вайну ня толькі ад першага да апошняга дня, а нават захапіў яшчэ два гады пасьля яе заканчэньня. Але цягам наступных паўтара дзясятка гадоў ваеннай тэмы ў сваіх творах не кранаў — партыйная ідэалёгія прымала пафасны гераізм, а ў памяці захоўваліся зусім іншыя сцэны. На пазьнейшых палотнах Шчамялёва так і не зьявілася батальных сцэнаў; у эпіцэнтры — чалавек у атмасфэры вайны. А яшчэ — вобразы, якія, здавалася, ніяк не стасуюцца з трагічнымі падзеямі.

На вайну Леанід Шчамялёў быў прызваны 18-гадовым , адразу ж кінуты на фронт. Удзельнік бітвы на Курскай дузе. Увосень 1943-га атрымаў цяжкое раненьне, доўга лекаваўся, пасьля шпіталю быў накіраваны ў кавалерыю. З Чырвонай арміі дэмабілізаваны праз два гады пасьля заканчэньня вайны — у 1947-м. У тым жа годзе паступіў у Менскую мастацкую вучэльню.

Шчамялёў: «Маляваць заўсёды хацелася, колькі сябе памятаю. Адзінае, я не маляваў, калі вайна пачалася. Яна пачалася — спыніўся і я. Штосьці як адрэзала, заступарыла. А потым ужо давялося па-новаму ўцягвацца, хоць было вельмі цяжка. Я дэмабілізаваўся ў 1947 годзе, вярнуўся ў практычна мёртвы Віцебск — з Усьпенскай гары (самой царквы Ўсьпеньня ўжо не было) можна было да Чэпіна бачыць усю прастору. І гэта была абсалютна голая прастора, амаль цалкам зьнішчаны горад. А разам з дамамі некуды зьніклі і духоўнасьць, і цяга да творчасьці. Дый якая цяга да цудоўнага, калі людзей асабліва не было — жывога чалавека рэдка калі сустрэнеш. Вось у чым справа».

Адрозна ад мастакоў той пары, Шчамялёў так і ня стаў баталістам. Мала за тое, да пачатку 1960-х старанна пазьбягаў тэмы вайны — кажа, што боль патрабаваў асэнсаваньня. А калі пачаў маляваць, то быў западозраны ў адсутнасьці гераічнага пафасу: кветкі, дрэвы, коні — якія ж гэта героі?
У майстэрні Леаніда Шчамялёва
У майстэрні Леаніда Шчамялёва

«Я зрабіў шмат працаў, пад якімі і зараз з задавальненьнем падпісаўся б. Бо лічу, што ў іх не навязаная якаясьці думка з боку Масквы ці нашых ідэолягаў. Так, як я разумеў вайну, як разумеў жыцьцё і гісторыю, так я і ўвасабляў гэта. І ніхто ў той жа Маскве да мяне не чапляўся. Але калі я напісаў „Маё нараджэньне“, то тут карціна прынятая не была. Прычым, ня ўладай, а сябрамі, калегамі. Нейкае падкрэсьленае раўнадушша. І ў Маскву на выставу трапіла „на тоненькага“, адным голасам. Выпадкова ўплывовы чалавек пацікавіўся ў аднаго з сябраў камісіі: ты „за“ ці „супраць“? Той, відаць, зь перапуду сказаў „за“. І прайшло. А Масква, ня ведаючы нашых унутраных адносінаў, як і што тут тварылася, нармальна ўспрыняла. Што нашых не задавальняла — цяжка сказаць, але, відаць, у агульнай канве пафасу было прынята выдаваць паболей гераізму, каб хтосьці кідаўся на амбразуру і г.д. Гераізм, так скажам, некалькі паказны. А разважаньні пра трагедыю самой вайны, як яна ўплывае на самасьвядомасьць чалавека і ягоныя пакуты — гэта, канечне, не было мэтай. Прынамсі ў маіх працах гэта ня вельмі віталася. Вунь Савіцкі зрабіў добрую карціну „Хлеб“ (іншая назва „Поле“): на полі сярод жыта ідзе абарона ад навалы, што сыходзіць ад нямецкіх войскаў. І яна была адразу прынятая. А „Маё нараджэньне“ — не адразу».

Мэтафарычнай карціне «Маё нараджэньне», якую мастак напісаў у 1967 годзе, папярэднічала яшчэ адна праца, якой яўна бракавала ваеннага гераізму. Вытрыманая ў шэрых танах, паказвае сям’ю, якой, відавочна, ня суджана больш сустрэцца. Жанчына з малым на руках і мужчына, які ад’яжджае на фронт. Такім бачыць 1941 год мастак:

«Сапраўды, я яшчэ да „Майго нараджэньня“ напісаў іншую карціну — здаецца, у 1962 годзе. „Цяжкія гады“ называецца. Там дзьве фігуры на вакзале і дзіцё. Лысы салдат сядзіць, без галаўнога ўбору, стомлены. Жанчына, якая ў адзін момант састарэла ад адчаю… Гэтая карціна да гэтага часу ёсьць у музэі. Калі яна паказвалася? Мабыць, у 1970-х, а можа, яшчэ і раней. Але і дагэтуль застаецца ў музэі. То бок, канечне, нейкія кропкавыя атакі на тое, што я раблю, мелі месца, але нейкага масіраванага ўціску — маўляў, рабі тое, што мы хочам — не было. А магчыма, проста ня здолелі рэалізаваць, што хацелі».
Народны мастак Беларусі Леанід Шчамялёў
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:58 0:00
Наўпроставы лінк

Блізу паўсотні працаў Леаніда Шчамялёва прысьвечаны франтавым успамінам. Але ці не найбольшыя спрэчкі выклікала ягоная карціна «Палявы трыбунал», напісаная ў 1974 годзе. Ня дзіва: гледачы бачаць не чарговага героя вайны, а тое, як «тройка» судзіць хлопчыка:

«Спачатку не прымалі нават з-за назвы, гэта ўжо потым неяк зьмякчэлі. То бок, саму назву „Трыбунал“ камісія не ўспрыняла. Тады мастацтвазнаўца Барыс Крэпак пачаў прыдумляць: маўляў, ёсьць яшчэ адна назва — „Апраўданьне“. Ну, калі „Апраўданьне“, то гэта ўжо іншая справа. Урэшце я яе выставіў. Быў нейкі паказ, нават ужо ня памятаю, зь якой нагоды. Але доўга ўсё гэта цягнулася — гадоў, мабыць, 25, а то і ўсе 30. Дый нават ужо ня я выстаўляў, а яна зьявілася ў ліку тых працаў, якія былі набытыя дзяржавай. Дый што казаць: нават прадстаўлены ў Доме афіцэраў „Генэрал Даватар“ доўга тут не прымаўся, хоць у Маскве атрымаў срэбны мэдаль. У музэі Вялікай айчыннай вайны ёсьць „Ветэран нашага двара“ — зноў жа, досыць складана праходзіла, бо на карціне пахаваньне ветэрана, ніякага гераізму. Мірная праца, хоць і зьвязаная з сыходам з жыцьця чалавека. Дарэчы, у Палацы мастацтва некалькі гадоў таму, апроч „Трыбунала“, экспанавалася яшчэ адна спрэчная карціна — „Ліпень 1941-га“. Калодзеж, каля калодзежа зьнясіленыя салдаты. Таксама зьвязана зь неймавернымі цяжкасьцямі пачатку вайны».

Адметнае месца ў творчасьці Леаніда Шчамялёва займаюць коні. Нагадвае пра сябе ня толькі кавалерысцкае мінулае — яшчэ да вайны ён наведваў коннаспартыўную школу. Кажа, што па памяці можа намаляваць каня ў любым ракурсе і гэтым правам у сваіх творах карыстаецца спаўна:

«Канечне, конікі для мяне — гэта асаблівы і цяжкі выпадак. У войску невыносна цяжка было разьвітвацца, прычым, ведаючы, што назаўсёды. Бо за столькі часу ня толькі да людзей прывязваешся, прызвычайваешся. Цяжка паверыць, але дагэтуль памятаю, і не аднаго коніка, шмат іх праходзіла па розных выпадках. Бо ва ўзводзе ў сярэднім 30 коней — 31, 29, такой прыкладна колькасьці. Гэта да таго, як не загінулі людзі. Потым перакідвалі ў іншыя падразьдзяленьні. Таму конікам у маёй творчасьці месца адведзена сапраўды шмат».

Леанід Шчамялёў малюе вобразы ня толькі сучасьнікаў — вядомых і шараговых. Ва ўладных кабінэтах гэтак жа неадназначна прымаўся зварот да славутых герояў мінуўшчыны:

«Чуліся абвінавачаньні ў „нацыяналізьме“ — гэта ўжо, зразумела, у больш позьні пэрыяд. Практычна ўсе працы, якія былі зьвязаныя з гістарычным разуменьнем некаторых падзеяў, абмяркоўваліся па самых розных кабінэтах. Я напісаў Кастуся Каліноўскага: сядзіць за сталом, не ваюе. На тле атрыбутаў двух рэлігій — праваслаўя і каталіцызму. І войска за сьпіной. Такая крыху адвольна-лірычная праца. Чалавек, які ня толькі выдаваў „Мужыцкую праўду“ ды іншае, а чалавек-мысьляр, непасрэдна завязаны на нацыянальную ідэю. Праца доўга не ўспрымалася ў партыйных вярхах, а цяпер я нават ня ведаю, дзе яна. Была набытая, але, што называецца, ні вашы, ні нашы пасьля не адгукаліся, і куды яе сунулі — уяўленьня ня маю».

Леанід Шчамялёў дагэтуль застаецца верным свайму стылю:

«Адна з апошніх працаў — нацюрморт, прысьвечаны майму бацьку. Яна так і называецца — „Бацькава крэсла“. Бацька мой загінуў падчас вайны, але памяць пра яго заўсёды заставалася і ёсьць дагэтуль».

Карэспандэнт: «Хоць бы дзеля спартыўнага інтарэсу падлічвалі, колькі прыблізна карцін за гэты час намалявалі?»

«Уявіць наўрад ці магу, але магу сказаць, што мае працы ёсьць практычна ўва ўсіх частках сьвету. Гэта што тычыцца карцінаў аформленых, у „таварным“ выглядзе. Прыкладам, у Амэрыцы, у Галівудзе ёсьць 10 працаў, салідных. Ня толькі сярэдняга памеру, але і большыя. Уласна партрэт аднаго з галівудзкіх дзеячаў і 9 іншых працаў. Ёсьць у Нью-Ёрку дзьве працы, вялікія. Купілі людзі, якіх я нават ня бачыў — дзьве працы замовілі, я іх зрабіў і даслаў. Таму хто яго ведае, але думаю, лік ідзе на тысячы. Многа маіх працаў у іншым баку Амэрыкі. Я там, дарэчы, ніколі ня быў і ня думаю быць, мне нават не цікава. Але што да працаў, да тых, хто іх прымаў, як мне падаецца, няхай будзе і там. Галоўнае, што ў Беларусі ёсьць шмат цікавых і жанчын, і мужчынаў, якія любяць мастацтва, прыходзяць, разважаюць і набываюць працы. Інакш як бы жыў мастак? Чакаць, калі дзесьці хтосьці купіць? Нават калі адзін раз ці два разы на год нехта з-за мяжы і набудзе, дык канцы з канцамі не зьвядзеш. Вось так».

Сёлета 5 лютага Леанід Шчамялёў адзначыў 90-гадовы юбілей. Але ён штодня прыходзіць у майстэрню і працуе. Выходным зробіць хіба што 9 траўня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG