Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Другая частка інтэрвію з Народным мастаком Беларусі Леанідам Шчамялёвым.


Размова адбылася ў майстэрні мастака з нагоды ягонага юбілею. 85 гадоў Леаніду Шчамялёву споўнілася ў лютым, і адзначаў ён яго з прычыны хваробы ў шпіталі. Пасьля выздараўленьня першае інтэрвію --для Радыё Свабода. Сёньня -- другая частка інтэрвію. Першая прагучала ў ранішнім эфіры "Сваборды" ўчора.



Вячаслаў Ракіцкі: “Вы ўвесь час падкрэсьліваеце, што зьвязаныя з часам. А ў якія гады Вашы карціны былі найбольш яркімі, эмацыйнымі, аптымістычнымі?”

Мастакоў стала больш, і стала цяжэй прадаваць свае творы. Таму часта мастакі скоўваюць сябе жаданьнем прадаць карціны
Леанід Шчамялёў:
“Што тычыцца эмоцыяў, дык гэта васьмідзесятыя гады. А пасьля быў час няпэўнасьці, рушылася савецкая ўлада. Я пісаў этуды, прадаваў іх ці нават выстаўляў. Тэматычных працаў было мала. А затым зноў грамадзтва стала цікавіцца маімі творамі. Калі ты адчуваеш, што цябе прымаюць, тады і стараесься выявіць сябе больш цікава. І калі сталі працы купляць, гэта дало і сродкі, і творчы імпульс для працы. Вось жа для мяне вельмі важна працаваць кожны дзень. І кожны дзень нешта новае знаходзіць. Радавацца гэтаму”.

Ракіцкі
: “Вашы карціны купляюць тыя, хто разумее мастацтва?”

Шчамялёў: “Можа, яны і ня цалкам разумеюць. Але ў сэнсе духоўнасьці гэта ўжо разумныя людзі. І яны купляюць тое, што зьвязвае іх з мастаком, які напісаў гэты твор. Набыцьцём карціны чалавек выказвае сваё стаўленьне да таго ці іншага мастака”.

Ракіцкі: “Ці можна казаць, што ўзровень мастацкай адукаванасьці, ці разьвіцьця густу ў Беларусі вырас?”

Шчамялёў: “Безумоўна, вырас. Вырасла і разуменьне, што трэба купляць. Справа ў іншым. Мастакоў стала больш, і стала цяжэй прадаваць свае творы. Таму часта мастакі скоўваюць сябе жаданьнем прадаць карціны. Яго купілі, і ён радуецца. Але гэта не заўсёды добра”.

Ракіцкі: “Чаму?”

Шчамялёў: “А таму, што маглі купіць дрэнную працу. Ты робіш наступную працу такога пляну, і яна зноў праходзіць. А з трэцяга разу ты ўжо прывыкаеш рабіць карціны халтурныя”.

Ракіцкі: “З таго, што Вы зрабілі за апошнія пару гадоў, якім працам самі найбольш парадаваліся?”

Шчамялёў: “На апошняй выставе былі паказаныя два партрэты, якімі я задаволены. Гэта – партрэт жонкі і кінарэжысэра Юр’я Марухіна. Працаў шмат. Але казаць самому, што ўдалося, а што не, не заўсёды выпадае. Мне цікава было працаваць над вялікім палатном “Гуляй поле” пра Махно”.

Ракіцкі: “Ці думаеце Вы пра будучы лёс усяго зробленага Вамі?”

Шчамялёў: “Пэрспэктыва твораў трагічная. І ня толькі маіх, а ўсяго беларускага мастацтва. Ня можа ўсё значнае зь беларускага мастацтва трапіць у музэй. Менавіта ў музэй, бо толькі там канцэнтруецца погляд на мастацтва і зьбіраецца ўсё лепшае з нацыянальнага мастацтва. Але, на мой погляд, магчыма, я памыляюся, многія, хто вырашае лёс мастацтва, вучыліся выказваць меркаваньні пра карціны ў Маскве ці Пецярбурзе. І яны ацэньваюць вельмі прымітыўна: дрэнна і ўсё. Суб’ектыўна яны не гатовы вызначыць тыя працы, якія вартыя знаходзіцца ў музэі. Многія працы, якія выстаўляюцца ў нашым мастацкім музэі, не нясуць сучаснага мастацкага погляду”.

Ракіцкі: “Вы ня верыце, што хтосьці ў Беларусі найбліжэйшым часам зможа сабраць сапраўды самае лепшае ў Нацыянальны мастацкі музэй?”

Шчамялёў:
“Пакуль так. Але думаю, што павінен быць такі чалавек. Ён павінен быць”.

Ракіцкі: “Хто паклапоціцца пра Вашы карціны?”

Шчамялёў: “Сам я. Ніхто ніколі не клапаціўся пра мяне. Акрамя Алены Васілеўны Аладавай...”

Алена Аладава – легендарны арганізатар музэйнай справы ў Беларусі. З 1944 да 1977 году яна была дырэктаркай Нацыянальнага мастацкага музэю.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG