Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карагод у Пагосьце


Свабода зьезьдзіла на Юр’ю ў вёску Пагост (Жыткавіцкі раён Гомельскай вобласьці).

Абрад захоўвае гурт «Міжрэчча».

У 2004 годзе абрад Карагод на Юр’ю узяты пад ахову дзяржавы.

Да сьвята выпекаецца абрадавы хлеб, які называецца, як і сам абрад «карагод». Зь ім выходзяць у поле, дзе пасеяна зябліва жыта або пшаніцы і просяць добрага ўраджаю , заклікаючы Юр’я адамкнуць зямліцу, выпусьціць расіцу.

Атрыбуты, зь якімі ідуць у поле, акрамя хлеба, гэта калядная зорка, ручнік. На граблях — зялёны фартух (з поля вяртаюцца з чырвоным фартухом), а таксама ікона Божай маці, агорнутая ручніком.

Гэтыя атрыбуты нясуць мужчыны, а карагод водзяць жанчыны разам з дзяўчатамі.

Карагод круглы, як сонца. Перш, чым яго справіць, даецца ахвяра зямлі ў выглядзе акрайца хлеба, абвязанага чырвонай стужкай. Пасьля карагоду ў полі, уся працэсія абыходзіць вёску, спыняючыся ля кожнай сядзібы, дзе чакаюць гаспадары з пачастункамі. Асноўны падарунак — гэта яйкі, якія даюць у цотнай кольксьці, каб кожная дзяўчына, дасягнуўшы шлюбнага ўзросту, знайшла сабе пару і прадоўжыла род.

Хлеб-Карагод і ёсьць сымбалем роду вясковай супольнасьці, які спрыяе ўраджаю, дабрабыту, асабістаму шчасьцю.

Валачобніцтва на Юр’ю — характэрная рыса этнічнай спадчыны Тураўшчыны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG