Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігнатавічус: Беларусь будзе фігураваць практычна ва ўсіх прыярытэтах Літвы


Эдвалдас Ігнатавічус

Эдвалдас Ігнатавічус

Новы пасол Літвы Эвалдас Ігнатавічус даў першае інтэрвію для беларускіх мэдыяў Радыё Свабода.

2 траўня ў Менску адбылася прэзэнтацыя адкрыцьця менскага прадстаўніцтва акцыянэрнага таварыства самай буйной у Літве дзяржаўнай кампаніі — «Літоўскія чыгункі». У імпрэзе ўдзельнічаў новы амбасадар Літвы ў Беларусі Эвалдас Ігнатавічус. Пасьля завяршэньня прэзэнтацыі літоўскі дыплямат даў экслюзіўнае інтэрвію беларускай службе Радыё Свабода. Зь ім размаўляў Уладзімер Глод.

Эвалдас Ігнатавічус — былы намесьнік міністра замежных спраў Літвы, а пасьля кіраўнік дыпляматычнай місіі сваёй краіны ў Нямеччыне, сказаў, што гэта ягонае першае інтэрвію для беларускіх мэдыяў. У Менску ён працуе ўсяго адзін месяц:

«Першыя ўражаньні — самыя станоўчыя. Многа дынамікі. Я ведаў, што тут работа будзе вельмі цікавая. Многа новых кантактаў, многа новых людзей, зь якімі я пазнаёміўся падчас бізнэс-форуму ў Кляйпэдзе. Заўтра мы будзем адкрываць Дні культуры Літвы ў Беларусі. І таму я спадзяюся, што заўтра будуць новыя асабістыя знаёмствы. Я вельмі парадаваўся прэм’еры Адама Міцкевіча „Дзяды“ нашага літоўскага рэжысэра Рамуне Кусманайце. То бок на тле палітыкі, бізнэсу і культуры ўсё рухаецца наперад. І гэта, канечне, вельмі радуе».
Эдвалдас Ігнатавічус

Эдвалдас Ігнатавічус


Ад 1 ліпеня Літва будзе старшыняваць у Эўразьвязе. Ці будуць у гэтай сытуацыі літоўскія ўлады ўзгадваць становішча ў Беларусі?

«Мы будзем асаблівую ўвагу надаваць „Усходняму партнэрству“, сябрам якога зьяўляецца Беларусь. І Беларусь будзе фігураваць як наш сусед практычна ва ўсіх прыярытэтах Літвы, якія мы агучылі. Гэта — і стратэгія Балтыйскага мора, паколькі Беларусь лічыць сябе часткай Балтыйскага рэгіёну. Нас цікавіць таксама энэргетычнае супрацоўніцтва. І супрацоўніцтва вакол агульнай дзяржаўнай мяжы. І, канечне, актуальнай застаецца тэма транспарту, пра якую мы сёньня многа гаварылі».

У кастрычніку ў Вільні мяркуюць правесьці чарговы саміт па праграме «Ўсходняе партнэрства». Ці можа гэтае мерапрыемства нейкім чынам прыцягнуць Беларусь бліжэй да Эўразьвязу, да эўрапейскіх каштоўнасьцяў?
«Мы спадзяёмся, што ў кантэксьце маючага адбыцца саміту і ў кантэксьце старшынства Літвы ў Эўразьвязе будзе новая дынаміка. Пра гэта гаворым мы, і пра гэта гавораць у іншых сталіцах. І пэўны сыгналы мы чулі і тут, у Менску. І падчас уручэньня мною даверчых грамат прэзыдэнт Беларусі сказаў, што ён спадзяецца на актывізацыю стасункаў з Эўразьвязам падчас літоўскага старшынства. Так што сыгналаў шмат, дынамікі таксама шмат. Будзем старацца ператвараць гэта ў канкрэтныя вынікі.
Саміт — гэта толькі адно мерапрыемства. Але ж будуць і іншыя. Напрыклад, бізнэс-форум. І форум моладзі, які вынайшлі мы і прапанавалі як літоўскі ўнёсак ва „Ўсходняе партнэрства“. Будуць сустрэчы міністраў транспарту, унутраных спраў. Тут мы бачым асаблівую ролю Беларусі. Яна — наш сусед, у нас 700 кілямэтраў дзяржаўнай мяжы, транзыт, агульная эканамічная прастора. Мажлівасьцяў шмат. Трэба толькі іх выкарыстоўваць».
XS
SM
MD
LG