Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы амбасадар Швэцыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан быў уганараваны міжнароднай прэміяй імя Марка Палмэра за сваю дыпляматычную працу ў Менску.

«Мяне цешыць гэтае прызнаньне працы, якую я зрабіў у Беларусі, — заявіў Стэфан Эрыксан . — Я спадзяюся, што гэтая прэмія натхніць калегаў і далей давяраць свайму сумленьню. На жаль, у некаторых краінах глядзяць на працу дыплямата, які становіцца на абарону дэмакратычных каштоўнасьцяў і правоў чалавека, як на правакацыю. Але гэта рэальнасьць, зь якой усе аўтарытарныя рэжымы павінны навучыцца жыць».

Прэмія імя Марка Палмэра прысуджаецца Супольнасьцю дэмакратый — міжурадавай кааліцыяй больш чым 100 дзяржаваў сьвету, якая ўзьнікла ў 2000 годзе па ініцыятыве польскага палітыка Браніслава Герэмэка і былога дзяржаскатара ЗША Мадлен Олбрайт і рупіцца пра распаўсюджаньне дэмакратычных прынцыпаў ды ўзмацненьне дэмакратычных нормаў і інстытуцый у сьвеце. Яна носіць імя амэрыканскага дыплямата, які быў амбасадарам ЗША ў Вугоршчыне ў 1986-1990 гг., падчас пэрыяду палітычнай трансфармацыі ў гэтай сярэднеэўрапейскай краіне.

1 жніўня 2012 году ўлады Беларусі не працягнулі акрэдытацыі амбасадару Стэфану Эрыксану. Швэдзкага дыплямата абвінавацілі ў дэструктыўнай дзейнасьці. У сюжэце БТ, прысьвечанаму высылцы Эрыксана зь Беларусі, было сказана: «Ёсьць інфармацыя, што ў 2010 годзе Стэфан Эрыксан асабіста перадаваў інструкцыі, грошы экстрэмістам, прадстаўнікам радыкальных груповак, якія імкнуліся стварыць у Беларусі сытуацыю накшталт Арабскай вясны».

Стэфан Эрыксан быў амбасадарам Швэцыі ў Беларусі ад чэрвеня 2008 да жніўня 2012; раней, ад верасьня 2005 году, ён быў кіраўніком менскага аддзяленьня амбасады Швэцыі ў Расеі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG