Лінкі ўнівэрсальнага доступу

22 красавіка, у чарговую гадавіну нараджэньня «правадыра ўсясьветнага пралетарыяту» Ўладзімера Ўльянава-Леніна, прадстаўнікі левых сілаў па ўсім сьвеце нясуць кветкі да помнікаў свайму куміру. І хоць у Беларусі армія ідэйных ленінцаў паступова менее, на колькасьці статуй гэта не адбіваецца — па ўсёй краіне іх усталявана блізу двух сотняў. Чаму Ленін па-ранейшаму застаецца «сьвятой каровай» для беларускіх уладаў?

Журналіст Свабоды пагутарыў з колішнім кіраўніком Менгарвыканкаму Васілём Шарапавым, які пакінуў сьлед у гісторыі, кіруючы ў лістападзе 1961 году зносам помніка Сталіну ў Менску.

За свае 96 гадоў Васіль Іванавіч Шарапаў перажыў самыя розныя гістарычныя трансфармацыі. І ня дзіва: на кіроўных пасадах у сталіцы атабарыўся разам з заканчэньнем вайны, пасьля раненьня і ампутацыі нагі.

Калі ў 1961 годзе ХХІІ зьезд будаўнікоў камунізму, удзельнікам якога Васіль Шарапаў таксама быў, прыняў рашэньне разьвянчаць культ Сталіна і вынесьці ягоныя парэшткі з Маўзалею, хваля «зачысткі» перакінулася і на Беларусь. Ужо 3 лістапада менскі гораданачальнік асабіста назіраў, як дэмантавалі помнік правадыру народаў, члянілі бронзавую фігуру на часткі і потым транспартавалі ў стадолу трэсту добраўпарадкаваньня на цяперашняй вуліцы Караля. Але калі так радыкальна расправіліся са Сталіным, то чаму дагэтуль па ўсёй Беларусі стаяць сотні помнікаў Леніну — чалавеку, які асабіста пасеяў зерне пралетарскай рэвалюцыі?

Васіль Шарапаў

Васіль Шарапаў

«Я вам мушу сказаць, што зьяўляюся прадуктам таго часу і, зразумела, выхоўваўся на тагачаснай ідэалёгіі. Хоць мой сын і пярэчыць: паколькі ты нарадзіўся яшчэ пры цару, таму, маўляў, прадукт іншага часу (сьмяецца). Справа ў тым, што больш за 3 мільёны камуністаў — расейцаў, а таксама жыхароў былых саюзных рэспублік — дагэтуль лічаць сябе камуністамі. Яны, натуральна, супраць усялякіх радыкальных зьменаў. Зразумела, ім волю дай, дык яны і Сталіна вярнулі б. Але проста так гэта ня робіцца, усё робіцца па камандзе. Каму наверсе хочацца нейкіх лішніх хваляваньняў? Нікому. Нават тым, хто дзеля сваіх мэркантыльных інтарэсаў ня супраць рэвалюцый. Вось выйдзе ў той жа Расеі на плошчы каманда Зюганава, каму яны дазволяць нешта руйнаваць, зносіць?».

Расейскіх камуністаў непараўнальна больш за беларускіх. Як і помнікаў Леніну: у Расеі — больш за 2000, у Беларусі — блізу 200. Дарэчы, калі ў той жа Расеі знос ленінскіх статуй, якія не ўяўляюць ніякай мастацкай каштоўнасьці, — справа дастаткова звыклая, то беларускія ўлады любыя спробы пазбавіцца ад ленінскай спадчыны спыняюць. Ленін на аднайменнай плошчы ў Менску па-ранейшаму застаецца палкаводцам сваіх клонаў, размножаных па гарадах і вёсках. Ці патрэбная беларусам такая спадчына? Тым больш, што маладое пакаленьне тагачасных ідалаў ужо і ня ведае. Меркаваньне Васіля Шарапава:
Я лічу, што і помнік Сталіну, які ўзарвалі на Цэнтральнай плошчы, трэба было б пакінуць, каб потым выставіць на агляд патомкам

«Ну і няхай сабе стаіць. Я лічу, што і помнік Сталіну, які ўзарвалі на Цэнтральнай плошчы, трэба было б пакінуць, каб потым выставіць на агляд патомкам. На той жа „Лініі Сталіна“. Як узор твору мастацтва той эпохі. Калісьці ў Ленінградзе быў пакінуты помнік камусьці з расейскіх цароў. Па-мойму, ён і цяпер там стаіць. Пры Сталіну гэта падавалася як „пудзіла самадзяржаўя“. Так і ягонае „пудзіла“ цалкам дзесьці магло б быць сёньня. Але я разумею тых, хто пры ўладзе: ім непатрэбныя праблемы, пакуль яшчэ застаецца досыць шмат ленінска-сталінскіх пасьлядоўнікаў».

Як «прадукт савецкай гісторыі» Васіль Шарапаў усё ж намагаецца адшукаць прыкметы чалавечнасьці ў лідэраў, многіх зь якіх пракліналі за зьверствы яшчэ пры жыцьці. Так, спадар Шарапаў лічыць, што той жа Ленін пачынаў як досыць лібэральны палітык, а падвялі пасьлядоўнікі:

«Да апошніх тамоў ленінскіх сачыненьняў трэба часам зьвяртацца і сучасным правіцелям. Давайце зазірнём у гісторыю: у 1922–23 гадах Ленін фактычна ўвёў у Расеі камэрцыю. Залатым быў рубель расейскі! Як ні круці, чалавек разумны. Думаю, ніхто ня будзе гаварыць, што ён дурань. Прынамсі з усіх, хто на нашай памяці, ён ня толькі тэарэтык, але і вялікі практык. Зь нейкімі 10 тысячамі сваіх аднадумцаў якую краіну паваліў! Гарбачову ня сьнілася! Такія арміі супраць ішлі, а ня здолелі перамагчы практычна бяззбройных людзей. Адначасова Юдзеніч, Урангель, Дзянікін, Карнілаў — усе царскія генэралы, навучаныя стратэгі, арміямі камандавалі. А тут — Будзённы, Варашылаў, пастухі ўчорашнія. Чаму так здарылася? У „белых“ не было ідэолягаў. А „чырвоным“ усё зрабіў адзін лёзунг, дагэтуль згадваю: зямлю — сялянам, фабрыкі, заводы — рабочым. Паабяцаць зямлю сялянам у сялянскай краіне — выйграць на шмат гадоў наперад. Праўда, урэшце ніхто нічога не атрымаў, але гэта была сутнасьць той ідэалёгіі».
Зь нейкімі 10 тысячамі сваіх аднадумцаў якую краіну паваліў! Гарбачову ня сьнілася!

Васіль Шарапаў спакойна ставіцца да ўшанаваньня Леніна ў сучасным сьвеце. Па яго словах, усё ж Ленін не пасьпеў запэцкаць рукі крывёй у такой ступені, як Сталін. Таму яшчэ ня факт, што меў бы месца тэрор, які давёў да абсурду ягоны палітычны пасьлядоўнік:

«Як бы разьвівалася краіна пры Леніну? Ня выключана, што іншым шляхам. Пры ім у Палітбюро заставаліся і Зіноўеў, і Каменеў. Нікога ён асабліва не саджаў, нікога не расстрэльваў. Толькі адну бабу ён пасадзіў у турму, таму што яна ў яго страляла — здагадваецеся, каго маю на ўвазе… Хоць слова „тэрор“ у далейшай гісторыі і мае выключна чырвоную афарбоўку. Я вось, прыкладам, ня памятаю такога лёзунгу, як „белы тэрор“. Не было яго, ня чуў. А „чырвоны тэрор“ быў вельмі доўга…»

Карэспандэнт: «Працуючы на пасадзе старшыні Менгарвыканкаму, магчыма, вы мелі больш падрабязную інфармацыю пра месцы расстрэлаў ворагаў народа, пра Курапаты?»

«Пра самі расстрэлы ведаў. Але ж гэтыя расстрэлы былі яшчэ даваенныя, калі пабілі ўсю інтэлігенцыю. Нават у нашым пад’езьдзе жыла жанчына, ня ведаю нават, ці жывая яшчэ, гадоў 10 яе ня бачыў. Бацька быў рэпрэсаваны, а сама яна потым, яшчэ ў мае часы, была сакратаром Кастрычніцкага райкаму. Дык вось яна расказвала: бацьку пасадзіў сам Цанава — як польскага рэзыдэнта. Сьледчы дапытваў: чый рэзыдэнт, з кім кантактаваў, усё гавары. Той адмаўляўся, адмаўляўся, пакуль сьледчы не „прапанаваў“ перавярнуць зэдлік і сесьці верхам на адну ножку, а пад ногі падставіў жароўню. І калі той стаў голымі нагамі на вуглі, пачаў сябе абгаворваць. Нібыта было яму заданьне ў Лагойску ўзарваць чыгуначны мост. Пры тым, што там чыгункі нават не было. Але трыбунал яго асудзіў, далі 10 гадоў. Праўда, колькі прайшло часу, пасадзілі і таго сьледчага. Вось якія парадкі былі».

Ці вартыя ўшанаваньня гістарычныя асобы, якія, па-першае, маюць да Беларусі досыць ускоснае дачыненьне, а па-другое, рэпутацыя якіх далёка не бясспрэчная? Адным з абаронцаў ад руйнаваньня помнікаў камуністычнай эпохі быў вядомы беларускі скульптар Уладзімер Жбанаў, які летась сам дачасна пайшоў з жыцьця. А незадоўга да сьмерці ў інтэрвію Свабодзе казаў:
Пацікаўцеся: чаму крывавым эўрапейскім каралям, забойцам помнікі не кранутыя, пацінай прыгожа пакрытыя?

«Чаму нам ува ўсім ківаюць на Эўропу і на Амэрыку, але ў гэтым пытаньні не ківаюць у той бок зусім? Пацікаўцеся: чаму крывавым эўрапейскім каралям, забойцам помнікі не кранутыя, пацінай прыгожа пакрытыя? Таму што яны прафэсійна, прыгожа зробленыя. Іх ніхто не абагаўляе, на іх глядзяць як на гісторыю. А чаму мы павінны ламаць гісторыю, калі яна прыгожая? І ўжо ня так важна, каму гэты помнік, бо гэта мы адносім да твора гістарычнага. Стаяць, прыкладам, помнікі тым жа Леніну, Дзяржынскаму. Дык мы ж павінны падыходзіць зь іншага боку: былі такія асобы, помнікі прыгожыя. І гэта не прапаганда, я лічу. Бо прапаганда ладу — гэта плякаты, агіткі, але толькі ня творы мастацтва, дзе гэта ня цісьне. Сёньня гэта дыктатар, а праз сто гадоў хто? Гэта ўжо гісторыя. Такое маё цьвёрдае перакананьне».

Здараецца, што свой прыжыцьцёвы нораў гістарычныя асобы дэманструюць і з таго сьвету. Некалькі гадоў таму — у 2009-м — 21-гадовага жыхара мястэчка Ўваравічы на Гомельшчыне забіў Ленін. У літаральным сэнсе. Малады чалавек узьлез на руку сямімэтроваму гіпсаваму Ільічу, але канструкцыя ня вытрымала цяжару і прыбіла нязграбнага ленінца. Па дарозе ў шпіталь ён памёр.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG