Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пацярпелы ад паводкі: «Хоць утапіся — ніхто не дапаможа»


«Жывэм, а куды дзецца?»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:20 0:00

«Жывэм, а куды дзецца?»

Сотні дамоў і тысячы падворкаў падтопленыя сёлета ў Беларусі ў поймах рэк. На Палесьсі, як і ў 1979 і 1999 гадах, вада прыйшла ў паселішчы, якія апошнія гады не залівала. У ліку такіх і вёска Конкавічы Петрыкаўскага раёну.

У Конкавічах разьлівам Прыпяці найбольш падтапіла сядзібы на трох вуліцах.

Адзінокі пэнсіянэр Уладзімер Дыба з Лугавой вуліцы кажа, што сёлета вада хоць і прыйшла на падворак, але пакуль яшчэ не дасягнула ўзроўню 1979 году:

«У мяне была вада ў 79-м такая, што я ў рыбацкіх ботах хадзіў. Прыйшла нават на ганак — дык я на лодцы прыяжджаў. Я ня жыў у хаце сваёй, а жыў у суседа. А сёлета яна яшчэ прыбывае. Колькі яе будзе, хто ж яе ведае. Хляўчук затапіла, дровы там. Я думаў пакалоць парэзаныя — і туды скласьці, але ж там затапіла. Ну хто тут мне чым дапаможа? Мой унук Ільлюша прыехаў, адведаў — і паехаў».

Вясковец Пётар Несьцярчук зь Зялёнай вуліцы практычна не здымае цяпер рыбацкіх ботаў. Вада заліла гаспадарчыя пабудовы, сад, частку падворку:

«З ракі вада ідзе! Дрывотню затапіла — дроў нельга ўзяць. Вось, бачыце, сена затапіла — усё падтапіла. Прабачце, але патрэбу няма дзе справіць. Пакуль вада ў берагі ракі ня ўвойдзе, нічога ня зробіш. Прыпяць жа не перасыплеш».

Ратуюцца вяскоўцы ад паводкі сваім досьведам і ўменьнем. Падмытыя яблыні мацуюць падпоркамі. Кароў і конікаў, каб не стаялі ў вадзе, ставяць у хлявах на, так бы мовіць, «п’едэсталы» з гною. Сена жывёле цягаюць па вадзе.

Несьцярчук: «Хоць утапіся — ніхто ня ўгледзіць. Ніхто на ўвагу не бярэ: утапіўся дык утапіўся — жывы й жывы. Ніхто, чалавеча, нікога не глядзіць. Гэта толькі балбочуць і ў газэтах ды ў паперах пішуць, што глядзяць.

Я лічуся вязьнем. Гады два таму прыходзіў сацыяльны прадстаўнік: чым вам дапамагчы? Прыйшлі ў хату, а ў мяне пад шпалерамі старая электраправодка. Кажа ён: „Можна выцягнуць“. Я яму: „Дык выцягніце“. Усё — да пабачэньня».

Суседка Пятра Несьцярчука, жонка ягонага брата Валянціна кажа, што ў яе некалькі курэй і сабачка ўтапіліся. І нявесела жартуе: самім пэнсіянэрам у паводку не зашкодзіла б труна:

«Усё трэба, усё. Каб яшчэ й труну заказаць, няхай бы ляжала. Людзі на пагорках жывуць, а мы ўсё топімся. Далася гэтая вада — карова й тая ў вадзе. Бацька мне сядзібу пакінуў вунь там, каля лесу — і яна цяпер у вадзе. Пасеяла трытыкале — усё паплыло. Ну што ты зробіш? З Богам біцца ня будзеш — што ўжо Гасподзь даў».

Былая калгасная даярка таксама сьцьвярджае, што ніякія службы да паўдзясятка падтопленых сядзібаў не даходзяць:

«Мы нікога тут ня бачым. Толькі заплацім страхоўку — і ўсё. А так ніхто да нас ніколі не заходзіць. Калі хто здаравейшы ідзе ў краму, то хлеба прынясе. А няма, то сядзім і бульбу ядзім. Так і жывём! А куды падзецца?»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG