Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Патоп у Петрыкаве і Мардзьвіне


Веснавым разводзьдзем на тэрыторыі Гомельскай вобласьці падтоплена звыш 250 жылых дамоў, 2,5 тысячы падворкаў і амаль столькі ж гаспадарчых пабудоваў. У воднай аблозе каля паўтары тысячы лецішчаў.

Паводкай затапіла шэраг дамоў у райцэнтры Петрыкаў. Да гэтага сьпісу 18 красавіка дадаліся паўтара дзясятка жылых дамоў у вёсцы Мардзьвін Петрыкаўскага раёну — тут уранку вялікая вада з Прыпяці прарвала на дваццаці мэтрах ахоўную дамбу.

Сядзібаў тут 43. Многія зь іх, што ў ніжэйшых мясьцінах, пачало заліваць вадою, асабліва на вуліцах Саўгаснай, Партызанскай. Гаспадары й ратавальнікі ўзяліся выхопліваць са склепаў і стопак бульбу, перапраўляць хатнюю жывёлу на вышэйшыя месцы.

Тамтэйшы жыхар Леанід апавядае:

«Ну, ужо падворкі ўсе падтапіла. У мяне ў склеп вада лінула — бульбу я пасьпеў выбраць. Але сёй-той не пасьпеў — шмат хто не пасьпеў. Людзі пацярпелі. Тут ёсьць пагоркі ў Мардзьвіне. Мы рухаемся на пагоркі — дзе ратавальнікі дапамагаюць, а дзе й самі. Курэй я ў хляве наверсе пакінуў, а двое сьвіней да дзядзькі аднаго — ён высока жыве, дык я туды загнаў».



Вясковец лічыць, што дамбу, якая ахоўвала вёску, «прамаргалі». Рака яе падмывала:

«Ад ракі. Рака ёсьць рака — вада ўперлася ў дамбу. Там трэба было жалязякі добрыя ставіць, каб яна ўсё-ткі ня мыла. А так ніхто нічога — належнай увагі не надавалі, своечасова не заўважылі. Гэта недагляд».

Намесьнік старшыні Петрыкаўскага райвыканкаму ў пытаньнях будаўніцтва й надзвычайных сытуацыяў Анатоль Фурса апавёў:

«Спрабуюць лякалізаваць прарыў сіламі мэліяратараў. Тут і дапамога прыйшла з Жыткавічаў і Лельчыцаў. Разам са сваімі закрываюць прарыў. Крайнія сядзібы пачало падтопліваць. Вядома, ёсьць пагроза, што некаторыя дамы будуць падтопленыя. Таму вызначаемся, ці ёсьць неабходнасьць людзей эвакуяваць. Усе сродкі й сілы падрыхтаваныя».



Тым часам у самым Петрыкаве на вуліцах Прыпяцкай, Луцінава, у завулку Прыпяцкім — сапраўдны патоп. Паводкай заліло дамы, гаспадарчыя пабудовы й гароды. Без рыбацкіх ботаў тут і кроку ня ступіш.

У доме інваліда вайны Мікалая Дамасевіча скарысталі ўсе дошкі, якія былі, каб дабрацца пакарміць жывёлу ці выйсьці ў краму па прадукты. Прасілі дапамогі ў райвыканкаму, але марна.

Дамасевіч: «Ніхто ўвагі не зьвяртае — вось прывязём, вось зробім, але ўжо каторы дзень не вязуць і ня робяць. Трэба пакласьці кладкі, каб хадзіць. І там, на вуліцы, патрэбныя. Пры савецкай уладзе была нейкая ўвага. А сёньня ты нікому не патрэбны. Хоць бы спыталі — як вы жывяце, што вам трэба? Кругом вада — сяджу ўжо два тыдні, дочкі пад рукі водзяць, каб у ваду ня ўпаў».

У воднай аблозе й пэнсіянэры Аскеркі, што жывуць у доме № 7 на той жа вуліцы Прыпяцкай. Дошак у іх няма. Параскева Адамаўна кажа: хоць бы ёй паклалі кладкі ад хаты да хлеўчука, каб пакарміць жывёлу.

Працаўнікі мясцовай камунальнай гаспадаркі па абедзе прыехалі й паклалі на вуліцы Прыпяцкай мэтраў трыццаць дашчаных кладак. Але імі могуць карыстацца ад сілы тры сям’і. Астатнія змагаюцца з вадою самі.



Ужо знаёмы нам намесьнік старшыні райвыканкаму спадар Фурса кажа:

«Хадзілі два тыдні, а цяпер ім спатрэбіліся дошкі. Пабачылі, што камунгас возіць. Сіламі камунгасу будзем рабіць, дзе гэта трэба, а потым дэмантаваць і забіраць назад. Вада пачала спадаць. Учора яна ў Петрыкаве прыбыла на 6 сантымэтраў, а сёньня — толькі на тры сантымэтры».
XS
SM
MD
LG