Лінкі ўнівэрсальнага доступу

— Выглядае, што кіраўніцтва дзяржавы прыйшло да разуменьня неабходнасьці скарачэньня чынавенскага апарату. Але якія прычыны падштурхнулі да такога рашэньня — эканамічныя, арганізацыйныя, прапагандысцкія?

— Тут шэраг складнікаў, і эканамічны выглядае самай відавочнай прычынай. Другая прычына — скарачэньнем апарату Лукашэнка працуе на свой імідж, у падтрымку сацыяльнай дамовы з насельніцтвам. Даецца яўны сыгнал, мэта якога — вяртаньне даверу электарату.

Трэці складнік — скарачэньне апарату як выйсьце з эканамічнага тупіку адбываецца паводле лякалаў савецкай бюракратычнай цэнтралізаванай сыстэмы. Аднак Лукашэнка іншай ня ведае, і працуе па адпрацаванай гадамі схеме. Але тыя савецкія скарачэньні эфэкту не давалі, пасьля кожнага апарат зноў вяртаўся ды тых самых памераў і нават вырастаў.

— Магчыма, варта скарачаць функцыі, а не людзей?

— Трэба мадэрнізаваць сыстэму, каб яна была самарэгулюемай. А такой сыстэмай у палітыцы зьяўляецца дэмакратыя, а ў эканоміцы — свабодная эканоміка.

— Палітолягі адзначаюць, што сваімі дзеяньнямі апошнія месяцы Лукашэнка сапраўды хоча выклікаць любоў большасьці электарату — паездкі на заводы, пасадкі чыноўнікаў. Аднак ці не баіцца ён такімі дзеяньнямі выклікаць незадавальненьне чыноўнікаў? Ці ён гэтага ўжо не баіцца?

— Я думаю, што скарачэньне закране ў асноўным сярэднія ці ніжнія зьвёны і не закране верхатуру. А сыстэма самазахаваньня ўлады замкнёна на вяршыні піраміды, а там калі і будзе бізун, то будзе і пернік. І гэтая сыстэма ў гэтым сэнсе дастаткова ўстойлівая. Намэнклятурныя перавароты арганізуюцца зьверху, а там у Лукашэнкі поўны кантроль.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG