Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скарачэньне чыноўнікаў: крызіс, зьмяшаны з папулізмам


Аляксандар Лукашэнка 12 красавіка падпісаў указ, якім прадугледжваецца скарачэньне колькасьці работнікаў дзяржаўных органаў і арганізацыяў у сярэднім на 25%. Дакумэнт зацьвярджае новую тыпавую структуру мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, парадак вызначэньня колькасьці работнікаў апаратаў канцэрнаў, дзяржаўных устаноў.

Кадры, у тым ліку і скарачэньне іх, непасрэдна тычыліся службовых абавязкаў былога начальніка галоўнага ўпраўленьня Адміністрацыі прэзыдэнта Алега Ігнаценкі. Але ніколі раней скарачэньне не было такім масавым. Чаму ж менавіта цяпер кіраўнік дзяржавы хоча зьменшыць колькасьць чыноўнікаў на чвэрць — задаецца пытаньнем спадар Ігнаценка:

«Спачатку трэба прызнаць, што ў Беларусі мае месца крызіс. І ўжо зыходзячы з гэтага рабіць усе адпаведныя захады і антыкрызісныя мерапрыемствы. Але калі з гэтых сыстэм вырываць толькі нейкія элемэнты, то гэта будзе нагадваць лячэбніцу, дзе хвораму з гангрэнай канечнасьці будуць прапаноўваць пастрыгчы пазногці. Гэта раўназначна тым захадам, якія цяпер робяцца.

Таму ў мяне і ўзьнікае сумнеў наконт эфэктыўнасьці гэтага мерапрыемства. Хутчэй гэта папулізм, чым канкрэтныя захады па зьмякчэньні крызісных нагрузак».

Яшчэ з савецкіх часоў да міністэрстваў і ведамстваў даводзіліся лічбы па скарачэньні пэрсаналу, — згадвае эканаміст Леў Марголін:
Нельга скарачаць гэты арганізм з галавы

«І штогод яны скарачаліся, перш за ўсё за кошт пэнсіянэраў, тых асобаў, хто ў бягучым годзе мог выйсьці на пэнсію, за кошт вакантных месцаў. Я думаю, што так збольшага будзе і цяпер. Таму што нельга скарачаць гэты арганізм, як кажуць, з галавы. Калі рабіць гэта на добры толк, то трэба было б спачатку зрабіць аналіз функцыяў і задач, якія выконваюць тыя ці іншыя міністэрствы, ведамствы, іх упраўленьні, аддзелы. Спачатку скарачаць іх. А ўжо пасьля „за непатрэбнасьцю“ скарачаць і людзей».

Алег Ігнаценка лічыць, што найменей скарачэньне закране сілавыя структуры, Ён згадвае, што кіраўнік дзяржавы прапанаваў самім сілавым міністрам унесьці адпаведныя прапановы:

«Яны, натуральна, прынесьлі тое, што значна не паўплывае на зьмяненьне штатаў, структуры і г.д. Кіраўнікі гэтых структураў ня пойдуць далей за тыя рашэньні, якія ўжо прыняў кіраўнік дзяржавы. А ён значна скарачаць гэтыя структуры ніколі ня будзе. Таму што інакш ягоная ўлада будзе слабець. І тады які тут ёсьць сэнс у скарачэньні?!»

Скарочаным чыноўнікам на пэрыяд да ўладкаваньня на новае месца працы, але ня больш чым на 1 год з дня звальненьня, даецца права на адтэрміноўку па пагашэньні крэдытаў на будаўніцтва або набыцьцё жыльля, а таксама на аплату навучаньня дзяцей пры атрыманьні першай вышэйшай адукацыі. Такім дзяржслужачым таксама будзе дадзена права на мэдычнае абслугоўваньне ва ўстановах аховы здароўя, у якіх яны абслугоўваліся да звальненьня.

Пра патрэбу скараціць 25% дзяржаўных службоўцаў Аляксандар Лукашэнка публічна заявіў яшчэ сёлета 11 студзеня. Але тады ён не абяцаў звольненым ніякай матэрыяльнай падтрымкі.
XS
SM
MD
LG