Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьмех — зброя супраць дыктатараў


Фільм "Дыктатар"

Фільм "Дыктатар"

Пра гэта ва ўплывовым амэрыканскім часопісе Foreign Policy пішуць два сэрбскія дасьледчыкі і грамадзкія актывісты — Срджан Попавіч і Младен Ёкчыч. Абодва яны былі актывістамі моладзевага руху Otpor, які адыграў ключавую ролю ў скіданьні ў 2000 годзе рэжыму Слабадана Мілошавіча. Вось што пішуць актывісты.

15 гадоў таму, калі дэмакратычны рух Otpor быў маленькай групай з 20 студэнтаў, мы зладзілі забаўны розыгрыш — ўзялі бочку з-пад алею, намалявалі на ёй партрэт Мілошавіча і ўсталявалі ў цэнтры аднаго з найбуйнейшых супэрмаркетаў Белграду. Побач зь ёй мы паставілі бэйсбольную біту. Неўзабаве дзясяткі пакупнікоў сабраліся каля бочкі, каб ўдарыць па «Мілошавічы» — чалавеку, якім многія пагарджалі, але большасьць была занадта напалоханая, каб крытыкаваць яго. Праз паўгадзіны прыехала паліцыя. Але што ім было рабіць? Яны не маглі арыштаваць пакупнікоў — на якіх падставах? І яны не маглі арыштаваць вінаватых — нас нідзе не было відаць. Адзінае, што ім прыйшло ў галаву — гэта «арыштаваць» бочку. Выява двух паліцыянтаў, якія цягнуць бочку ў паліцэйскую машыну, стала самым папулярным фота ў Сэрбіі на некалькі месяцаў, і Otpor стаў вядомым усёй краіне.

Рэвалюцыі — справа сур’ёзная. Успомнім сумныя постаці рэвалюцыянэраў ХХ стагодзьдзя — Леніна, Мао, Фідэля і Чэ. Але ХХІ стагодзьдзе прынесла новыя формы працы. Злавесную сур’ёзнасьць мінулых рэвалюцый зьмянілі гумар і сатыра.

У Эгіпце зьдзеклівыя відэа з прэзыдэнтам Мурсі ў гэтым сакавіку заваявалі YouTube

Паглядзіце на Блізкі Ўсход і на Паўночную Афрыку, дзе негвалтоўны пратэст выкарыстоўвае сьмех і іронію, каб ўмацаваць заклікі да дэмакратыі. У Эгіпце зьдзеклівыя відэа з прэзыдэнтам Мурсі ў гэтым сакавіку заваявалі YouTube. У Судане, студэнты дражнілі дыктатара Амара аль-Башыра, ягонае зьневажальная вызначэньне апазыцыі — «тыя, хто ліжуць локаць» — стала саманазовам і сымбалем пратэстаў. Нават у Сырыі — там, дзе грамадзянская вайна забрала 70 тысяч жыцьцяў, сатырычныя графіці і зьедлівыя лёзунгі — частка вулічных пратэстаў.

Але стратэгічнае выкарыстаньне гумару не абмяжоўваецца Блізкім Усходам і Паўночнай Афрыкай. У Злучаных Штатах пратэстоўцы руху «Захапі Ўол-Стрыт» рэгулярна выкарыстоўваюць гумар, каб зьдзекавацца з карпаратыўнай Амэрыкі. Расейцы таксама шырока выкарыстоўваюць гумар падчас сваіх дэманстрацый — над Пуціным зьдзекуюцца пры дапамозе прэзэрватываў, зьмеяў і нават цацак Lego.

З аднаго боку, гумар разбурае страх і ўмацоўвае давер. Ён таксама дапамагае руху прыцягваць новых чальцоў. Нарэшце гумар правакуе недарэчныя рэакцыі з боку ўладаў, ён стварае сытуацыю, ў якой кепскай аказваецца любая рэакцыя ўладаў.

Гумар хутка стаў цэнтральнай часткай камунікацыйнай стратэгіі рэвалюцыі

На працягу многіх дзесяцігодзьдзяў Эгіпет Мубарака быў краінай, у якой палітычная апазыцыя была падаўленая санкцыянаванымі дзяржавай гвалтам, арыштамі і забойствамі. Мубарак меў усе падставы чакаць, што зможа выкарыстаць гэта супраць пратэстаў, якія адбыліся неўзабаве пасьля туніскай. Але рух хутка распаўсюдзіўся за межы каірскай плошчы Тахрыр, у немалой ступені дзякуючы сацыяльным сеткам. Там быў папулярны дэматыватар: На спробу усталяваць праграму «Свабода» з сайту «Туніс», кампутар адказваў : «Не атрымоўваецца ўсталяваць Свабоду. Калі ласка, выдаліце Мубарака і паспрабуйце яшчэ раз».

Гумар хутка стаў цэнтральнай часткай камунікацыйнай стратэгіі рэвалюцыі. Пры гэтым ён дасягаў дзьвюх мэтаў. З аднаго боку, дасьціпныя калямбуры і карыкатуры вызначалі моду. Кожны дзень да натоўпаў на плошчах далучаліся новыя людзі — не толькі таму, што яны хацелі скінуць Мубарака, але і таму, што яны хацелі быць часткай «выбуху сьмеху», які ахапіў ўсю краіну.

Пратэстоўцы сёньня разумеюць, што гумар — лёгкі спосаб ангажаваньня звычайных грамадзян, якія не надта цікавяцца палітыкай, але стаміліся ад дыктатуры.

Зь іншага боку, такая стылістыка паказвала ўсяму сьвету, што пратэстоўцы ў Эгіпце — не змрочныя радыкала, што спрабаваў давесьці рэжым. Гумар ствараў станоўчы вобраз эгіпэцкай рэвалюцыі і заваяваў яму сымпатыі міжнароднай супольнасьці.

«Арыштаваная» бочка з выявай Мілошавіча ў Сэрбіі натхніла актывістаў па ўсёй краіне

Палітычны гумар стары, як сама палітыка. Сатыра і жарты выкарыстоўваліся ў пратэстах супраць улады на працягу стагодзьдзяў. Але актывісты негвалтоўнага супраціву ўзьнялі гумар на іншы ўзровень. Сьмех і кпіны ўжо не маргінальная стратэгія, не дадатак, а цэнтральная частка арсэнал супраціву, сродак разбурыць культуру страху, справакаваць рэжым на рэакцыю, якая разбурае яго легітымнасьць.

Нельга сказаць, што гэта лёгка. Без творчасьці пратэст можа аслабець да таго, як яго мэты будуць выкананыя. А без дысцыпліны насьмешка можа хутка ператварыцца ў хаос і гвалт.

Але калі гэта працуе, яно сапраўды працуе. «Арыштаваная» бочка з выявай Мілошавіча ў Сэрбіі натхніла актывістаў па ўсёй краіне. Неўзабаве Otpor ператварыўся зь невялічкай групы студэнтаў у нацыянальны рух, які налічваў 70 тысяч чальцоў. Як толькі бар’ер страху быў зламаны, Мілошавіч ня мог спыніць яго...
XS
SM
MD
LG