Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўцюкі: «Нацыя здаровая, калі яна ўмее сьмяяцца»

абноўлена

27-28 ліпеня ў вёсцы Аўцюкі й райцэнтры Калінкавічы ладзіўся VII Усебеларускі фэстываль народнага гумару.

Самым галоўным сюрпрызам фэсту стала адкрыцьцё ў Малых Аўцюках
музэю народнага гумару — гэткай своеасаблівай сядзібы неразлучнай пары Каласка й Калінкі. Шакаладнага колеру з жоўтымі аканіцамі, мансардай ды востраверхім дахам сядзіба паўстала пры шашы Гомель-Кобрын, як бы нагадваючы кожнаму беларусу, якія дамы ў прынцыпе варта будаваць дзеля заснаваньня сямейнага гнязьдзечка, дзеля жыцьця й пацехі.



Першы вядоўца: «Мы вас запрашаем да ўдзелу ў фэсьце, і хай нас пачуюць у Гродне й Брэсьце!»

Другі вядоўца: «Хай слухае Віцебск, сябры з Магілёва дасьціпнае, трапнае гумару слова».

Першы вядоўца: «І Гомель хай чуе».

Другі вядоўца: «А ён не глухі й даўно ўжо ўсё чуе, як нехта ля брамы на ўсю моц лемантуе: «Чые будзеце?»

Трэці вядоўца: «А тутэйшыя мы, мясцовыя».

Адкрываць музэй-сядзібу прыехаў міністр культуры Павал Латушка ды шмат іншага драбнейшага начальства. Старшыні сельскіх саветаў з Малых і Вялікіх Аўцюкоў, вечныя сябры й супернікі, завіталі на фэст у атачэньні ганаровай варты на сваіх «запарожцах», белым і зялёным, каб бензапілою перарэзаць бервяно, што перагароджвала дарогу да котлішча Каласка й Калінкі.

Аўцюкоўцы і Латушка
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:30 0:00

Латушка: «Шаноўныя сябры! Вы ведаеце, гумар і сатыра — гэта, канечне, крыніца культуры. Я перакананы, што для беларускай культуры значнай крыніцай разьвіцьця зьяўляецца беларускі гумар, беларуская сатыра. Гэта ўвогуле акрэсьлівае ўзровень разьвіцьця нацыі, акрэсьлівае наколькі сапраўды нацыя здаровая, калі яна ўмее сьмяяцца».

Міністар культуры Павал Латушка
Міністар культуры Павал Латушка


Міністр пажадаў, каб, побач з гістарычнымі Мірскім і Нясьвіжскімі замкамі, у Беларусі множыліся й музэі гумару. А ў першым зь іх — багата экспанатаў з аўцюкоўскага побыту: ложак Каласка й Калінкі «на саломе» зь пілой і качаргой на дыване ўзгалоўі замест скрыжаваных шабляў, прас на вугольлі фірмы Indesit, падарунак каханцы на 8 сакавіка — трохпальцавыя вілы. Ну, і крывых люстэркаў на любы густ: пабачыш сябе хоць тоўстым, хоць худым ды высокім, як жэрдка.

Увекавечаны тут і сваеасаблівы «мэрсэдэс» Каласка й Калінкі — вяпрук, запрэжаны ў фурманку. І гаспадарка ў іх ёсьць на заднім двары ў загародках: конік у кветках, козы й авечкі з банцікамі ды стужкамі, чорная сьвінка ў спаднічцы.





Абараняць гаспадарку таксама ёсьць чым — ля парога свая гармата



У сядзібе аўцюкоўскіх герояў ёсьць й свая міні-лякаранка: травы-настоі ад усіх хваробаў і нават мясцовы «эліксыр бадзёрасьці» пад назвай «Рагатуха». Міністр Латушка і «хросны бацька» фэсту, пісьменнік Уладзімер Ліпскі «эліксыр» спажывалі і дужа хвалілі.



Спадар Ліпскі як старшыня журы наагул марыць сабраць у Аўцюках па аднаму гаваруну ад кожнай беларускай вёскі:

«Даўнішняя мая мара, каб на фэстываль прыязджаў з кожнай беларускай вёскі адзін чалавек — той, які ўмее расказваць абы што. У Малых Аўцюках мне казаў адзін: „Ты можаш мяне ня слухаць, а брахаць — не мяшай“. Ёсьць такія людзі: расказвае абы пра што, а цікава. Вось я й мару пра тое, каб калі-кольвечы на фэстываль прыехалі па аднаму чалавеку з кожнай вёскі Беларусі й правялі конкурс на лепшага брахуна, на лепшага апавядальніка, на лепшага веселуна, на лепшага рагатуна».

Калі музей-сядзіба была агледжана, грамада рушыла «швэндацца» па падворках аўцюкоўцаў. Аглядалі разам з журы хто што ўмее, чым частуе, якую гаспадарку мае. Лепшым — шыкоўныя прызы й падарункі. Але патрапіць у вёску ня проста — трэба прайсьці праз мытню.



Аўцюкаўка: «Ах, Каласок і Калінканка! За татушку трэба плаціць — праход платны. Колькі не шкада — можна тры рублі, можна два, адзін. Можна пяць ці сто пяць (заліваецца сьмехам)».

Мытны збор вёўся грашыма любой краіны альбо нават дасьціпным анэкдотам. Расказаў ці заплаціў — і вось табе адмысловая пячатка на любую частку цела — руку, плячо ці нават лоб. І швэндайся сабе — дзівіся, выпі, закусі.

Адзін зь першых падворкаў — увесь у кветках. На платах — вышываныя абрусы, прасьціны, даматканыя дзяружкі. І стол ломіцца ад двайных салабюргэраў ды іншых прысмакаў:

«Завуць мяне Юляй, а назвалі мяне „кветкавай каралевай“, бо кветкамі займаюся — люблю кветкі. Дранікі прыгатавала, заліўное, тварог з садавінай, аўцюкоўскі квас, гуркі, сала. Усё сваё, хатняе. У нас ці радасьць, ці гора — аўцюкі ня падаюць духам, сьмяюцца. Выйсьце знаходзяць зь любой сытуацыі. Аўцюкі нават бульбу садзяць ноччу, каб каларадзкі жук ня бачыў».



«Мясцовая царыца», Вольга Салаўёва, паказвае свае іконы, што перажылі нават вайну, а Тацяна Севярын — вышытыя крыжыкам на палатне з паўсотні іконаў .

Тацяна Севярын
Тацяна Севярын


Вольга Салаўёва
Вольга Салаўёва



У сваю чаргу Вольга Багдановіч трымае ў гаспадарцы ці не галоўны жывы экспанат фэсту — імяннога каня Ўладзімера Ліпскага, падоранага яму яшчэ неаб’яжджаным мясцовай гаспадаркай на знак асаблівых заслуг.





Жанчыны-сяміпрацаўніцы аб’ядналіся ў карпарацыю й суполна прэзэнтуюць свае вышыванкі. Спадарыня Людміла, што называецца з гумарам і ўсур’ёз, апавядае пра долю вясковай жанчыны:

«Сьпі й дзіця калышы. І блінцы пячы, і ежу ўсякую вары, і мужыка на працу выпраўляй, і мужыку давай. І карову дой, і сьвіней кармі, і ў гарод бяжы, каб лебяда не расла, каб людзі не рагаталі. А на працу самой — таксама да часу. Як устанеш, так і круцісься, як вавёрка ў коле. Вось што сямідзелухны робяць».

На фэст у Аўцюкі прыехалі каля 300 гасьцей з усіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама госьці з Украіны й Расеі. 28 ліпеня яны дэманстравалі ў Калінцавічах свой гумар на конкурсных выступах.

Спадарыня Алена з украінскай Віньніцы заўважае: «Пацяшаюцца з народных жартаў. Гумар у вас такі ж тонкі й гарны, як і наш украінскі. Іх ня можна разьдзяліць: адны й тыя ж словы. Сьпявае: «Ой, наша баба на базары была. Ой, дуб-дубіна, на базары была. Яна сабе дзедугана прывяла. Ой, дуб-дубіна, дзедугана прывяла».



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG