Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы камітэт ухіляецца ад расьследаваньня зьбіцьця Паўла Кавалёнка


Зьбіты ў міліцыі Павал Кавалёнак сьцьвярджае: супрацоўнік Сьледчага камітэту запэўніў, што ад яго заявы ня трэба.

«Ад Кавалёнка не паступала ніякай пісьмовай заявы на неправамоцнасьць дзеяньняў супрацоўнікаў міліцыі, якія затрымалі яго па падазрэньні ў дробным крадзяжы. У яго сапраўды зафіксаваная чэрапна-мазгавая траўма, але трэба падставы, каб праверыць, пры якіх абставінах ён яе атрымаў. Бо падчас затрыманьня ў краме яны з прыяцелем знаходзіліся ў стане алькагольнага ап’яненьня. Прычым досыць значнага. У Кавалёнка зафіксавана 1,9 праміле», — паведамляе прэс-сакратар Сьледчага камітэту па Менску Аляксандар Герасімаў.

Адзіная праверка, якую цяпер вядуць праваахоўныя органы, тычыцца факту дробнага крадзяжу.

Павал Кавалёнак сьцьвярджае, што супрацоўнік Сьледчага камітэту запэўніў яго: пісьмовай заявы ня трэба.

«У аўторак я езьдзіў у пракуратуру, хацеў напісаць заяву. Мне так сказалі, што з 1 чысла пракуратура такімі пытаньнямі не займаецца, трэба ў Сьледчы камітэт. Я на наступны дзень пазваніў у Сьледчы камітэт Шаўцову, распавёў пра гэта, спытаў, што рабіць. Ён кажа: «Вы можаце цяпер, у прынцыпе, не прыходзіць, вас начальнік нейкі Першамайскага раёну мусіць выклікаць на гэтым тыдні, бо ў яго да вас ёсьць пытаньні».

Супрацоўнік Сьледчага камітэту Шаўцоў апытваў Паўла Кавалёнка ў памяшканьні гарадзкога аддзелу міліцыі Першамайскага раёну. Гэта адбылося ўжо пасьля таго, як Паўла прывезьлі туды з шпіталя, дзе фіксавалі пашкоджаньні, нанесеныя яму міліцыянтамі.


Вячаслаў Гаўрыленка. Фота platforma.org



Павал Кавалёнак. Фота platforma.org

Паўла Кавалёнка і Вячаслава Гаўрыленку затрымалі 30 сакавіка супрацоўнікі Першамайскага РУУС па падазрэньні ў дробным крадзяжы. Хлопцы сьцьвярджаюць, што на іх надзелі наручнікі і моцна зьбілі. У Паўла зафіксаваныя пералом лобнай пазухі і страсеньне мозгу. Вячаслава білі прыкладамі па галаве, душылі рэменем ад аўтамата, зьбівалі нагамі ў берцах, губа ў яго моцна расьсечаная ад удару прыкладам.

Вячаслаў кажа, што зьбівалі іх міліцыянты Пецярбурцаў Ігар Сяргеевіч і Корзун Аляксандар Пятровіч. Іх імёны пазначаныя ў пратаколе.

«Гэта стандартныя дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі, калі яны спрабуюць не ўзбуджаць крымінальную справу і даюць вось такія „парады“ пацярпелым, — кажа кіраўнік праваабарончай арганізацыі Плятформа Андрэй Бандарэнка. — Заяву яму трэба было адразу падаць. Гэта ягонае права і абавязак. Мы ў любым выпадку ў бліжэйшы час з Паўлам звяжамся і параім яму заяву падаць»
XS
SM
MD
LG