Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супрацоўнікі Першамайскага РУУС зьбілі затрыманых


Павал Кавалёнак і Вячаслаў Гаўрыленка. Фота platforma.org

Павал Кавалёнак і Вячаслаў Гаўрыленка. Фота platforma.org

30 сакавіка Павал Кавалёнак і Вячаслаў Гаўрыленка былі затрыманыя супрацоўнікамі міліцыі па падазрэньні ў дробным крадзяжы.

У Вячаслава быў дзень народзінаў, ён быў нападпітку і ў краме скраў пляшку гарэлкі. Супрацоўнікі гарадзкога аддзелу міліцыі РУУС адвялі хлапцоў у падсобнае памяшканьне крамы «Радзівілаўскі», дзе адбыўся крадзеж, надзелі наручнікі і пачалі жорстка зьбіваць.

«Зьбівалі прыкладамі і ботамі, — распавядае Вячаслаў. — Паўлу сказалі стаць на калені. У яго больш цяжкія пашкоджаньні. А я нічога, цяпер толькі гематомы і губа ў мяне расьсечаная, бо ботам ударылі. Яна ўжо зажывае».

Вячаслава білі прыкладамі па галаве, душылі рэменем ад аўтамата, зьбівалі нагамі ў берцах.

Стан Паўла, які кажа, што нічога і ня ведаў пра крадзеж, а проста падышоў спытаць, што адбываецца, аказаўся настолькі цяжкі, што яго адвезьлі ў шпіталь. Там у яго канстатавалі пералом лобнай пазухі і страсеньне мозгу.



Вячаслаў Гаўрыленка. Фота platforma.org


«Калі мяне ўжо назад у ГАМ прывезьлі пасьля шпіталя, там быў супрацоўнік Сьледчага камітэту. Ён зафіксаваў маю скаргу. І калі я ўжо на гэтым тыдні ў пракуратуру пад’ехаў, мне сказалі, што Сьледчы камітэт справай ужо займаецца і мяне выклічуць. Пакуль не выклікалі», — распавядае Павал.


Павал Кавалёнак. Фота platforma.org

Вячаслаў кажа, што зьбівалі іх міліцыянты Пецярбурцаў Ігар Сяргеевіч і Корзун Аляксандар Пятровіч. Іх імёны пазначаныя ў пратаколе.

Пратаколаў у Вячаслава цэлых тры — пра дробны крадзеж, пра супраціў супрацоўнікам міліцыі і пра тое, што міліцыя прымяніла сілу пры затрыманьні. Вячаслаў сьцьвярджае, што яны ніяк не супраціўляліся, а самі прапанавалі міліцыі разабрацца. Білі іх ужо ў наручніках.

Сам Вячаслаў скардзіцца на дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі ня будзе. Ён пабояў не здымаў. Але Паўла будзе падтрымліваць і засьведчыць, што яго зьбівалі.

Першамайскі РУУС ад камэнтароў катэгарычна адмовіўся. Супрацоўнік прэс-службы Сьледчага камітэту па Менску высьвятляе на запыт Радыё Свабода акалічнасьці гэтай справы.

«Яны саплякі, адразу пасьля войска. Трэба ім нейкія інструкцыі праводзіць, маладым такім, каб ведалі, як зь людзьмі абыходзіцца», — кажа Вячаслаў Гаўрыленка.

Абодвум пацярпелым па 29 гадоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG