Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЛГБТ-актывіста Сяргея Андросенкі зноў забралі пашпарт


Сяргей Андросенка
Сяргей Андросенка

У ЛГБТ-праваабаронцы Сяргея Андросенкі, які вяртаўся зь Вільні ў Менск, падчас мытнага надгляду забралі пашпарт, патлумачыўшы, што ён значыцца ў базе несапраўдных дакумэнтаў.

Сяргей Андросенка сказаў карэспандэнту Свабоды, што 17 студзеня ў яго ўжо канфіскоўвалі пашпарт з той жа прычыны. Вярнулі дакумэнт актывісту толькі праз тры тыдні.

«Калі мінулы раз забіралі пашпарт, то сказалі зьвярнуцца ў пашпартны стол. А цяпер сказалі, што трэба зьвяртацца ў Мытны камітэт. Але я зьбіраюся накіраваць скаргу ў Дэпартамэнт грамадзянства і міграцыі, які адказны за гэты сьпіс несапраўдных дакумэнтаў. Калі мінулым разам вярталі пашпарт, да мяне прыйшоў ліст з гэтага дэпартамэнту пра тое, што мой пашпарт трапіў у базу дадзеных несапраўдных дакумэнтаў праз тэхнічную памылку», — адзначыў Сяргей Андросенка.

ЛГБТ-праваабаронцу Сяргея Андросенку ссадзілі зь цягніка на станцыі Гудагай. Спачатку двое мытнікаў і асоба ў цывільным зрабілі мытны надгляд рэчаў актывіста. Рэчы, заплечнік, ноўтбук, нават часопіс «Sexus», які выдаецца «Белгазетай», мытнікі ўважліва агледзелі. Праз гадзіну ад начальніка Ашмянскай мытні прыйшоў дазвол на асабісты мытны надгляд. Сяргея Андросенку распранулі да майтак, старанна праверылі вопратку і абутак. Пасьля мытнага кантролю актывісту выдалі копіі актаў надгляду і пашпарт.

Але на выхадзе з залі мытнага надгляду актывіста сустрэў іншы супрацоўнік мытні і папрасіў прайсьці зь ім у іншы будынак для вырашэньня «тэхнічнага пытаньня». Тут у Сяргея Андросенкі зноў забралі пашпарт. Спачатку актывіста завялі ў адзін пакой, затым у іншы. Яму патлумачылі, што пашпарт адбіраюць, бо ён значыцца ў базе несапраўдных дакумэнтаў. Выдаўшы пратакол канфіскацыі «несапраўднага дакумэнта», Сяргея праводзілі ў залю станцыі «Гудагай», дзе прапанавалі чакаць ранішняга дызэля, які павінен быў прыехаць праз 6 гадзін. Пакідаць будынак вакзалу бяз пашпарта яму забаранілі. Праз паўгадзіны на станцыю зноў вярнуўся супрацоўнік памежнага пункту, які прапанаваў вярнуцца ў памяшканьне мытні, каб спраўдзіць зьмесьціва ноўтбука Андросенкі. Актывіст адмовіўся, матывуючы гэта тым, што ўжо прайшоў мытны надгляд, падчас якога ўключаў кампутар, і пра гэта ёсьць адпаведныя акты.
Гэта нібыта намёк на тое, што мне дзьверы краіны адчыненыя ў адным кірунку

Забраць Андросенку са станцыі Гудагай прыехаў намесьнік амбасадара Нідэрляндаў у Варшаве, які якраз у гэты час знаходзіўся зь візытам у Менску, апавёў актывіст.

Сяргей Андросенка так пракамэнтаваў інцыдэнт на памежным пераходзе:

«Я гэта зьвязваю зь ціскам на праваабарончы праект „Гей-Беларусь“ як на моладзевую арганізацыю, якая разьвіваецца, спрабуе зарэгістравацца і ладзіць шмат мерапрыемстваў. А таксама зь ціскам на сябе за сваю грамадзкую дзейнасьць. Дарэчы, мой пашпарт аказваецца сапраўдным, калі я выяжджаю зь Беларусі, але ён трапляе ў сьпіс несапраўдных, калі я вяртаюся дадому. Мінулым разам і цяпер я выяжджаў без праблем. Гэта нібыта намёк на тое, што мне дзьверы краіны адчыненыя ў адным кірунку».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG