Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства юстыцыі адмовілася зарэгістраваць рэспубліканскае моладзевае грамадзкае аб’яднаньне «Праваабарончы цэнтар «Лямбда». Заснавальнікі абскардзяць гэтае рашэньне ў Вярхоўным судзе.

Паводле чыноўнікаў, прадстаўлены статут «Лямбды» ня мае палажэньняў пра тое, што статутная дзейнасьць гэтага грамадзкага аб’яднаньня будзе накіраваная на забесьпячэньне сацыяльнага станаўленьня і ўсебаковага разьвіцьця моладзі. У адмове аб рэгістрацыі ад 8 лютага, за подпісам начальніцы ўпраўленьня па пытаньнях некамэрцыйных арганізацый Мін’юсту Алены Кірычэнкі, гаворыцца, што гэтае «парушэньне мае непапраўны характар».

Кіраўнік праваабарончага праекту «Гей-Беларусь» Cяргей Андросенка назваў выключна фармальнымі прычыны, па якіх Мін’юст адмовіў у рэгістрацыі «Праваабарончаму цэнтру «Лямбда»:

«Насамрэч, я думаю, нас і не хацелі рэгістраваць. І калі б мы ў статуце больш напісалі словаў „моладзь“, „моладзевая“, то знайшлі б проста іншую прычыну. Беларусь застаецца апошняй краінай у Эўропе, якая ня мае зарэгістраванай ЛГБТ- арганізацыі. Нават у суседняй Украіне налічваецца больш за 40 зарэгістраваных ЛГБТ- арганізацый. Зразумела, што такія правы, як свабода сходаў, свабода асацыяцый, павінны быць даступныя і для ЛГБТ-супольнасьці. У тым ліку дзеля таго, каб праводзіць кампаніі супраць гамафобіі», — распавёў Cяргей Андросенка карэспандэнту «Свабоды».

Рашэньне Мін’юсту будзе абскарджвацца ў судзе, і калі там заснавальнікі ня знойдуць праўды, то будуць зьвяртацца ў Камітэт ААН па правах чалавека.

Устаноўчы зьезд «Лямбды» прайшоў у Менску 8 сьнежня 2012 году. У сьнежні 2011 году Мін’юст ужо адмаўляў у рэгістрацыі беларускай праваабарончай ЛГБТ-арганізацыі, таксама спаслаўшыся на фармальныя прычыны — няправільна напісаныя прозьвішчы і адрасы заснавальнікаў, паведамляе сайт праваабарончага праекту «ГейБеларусь».

У 2013 годзе ў Менску і Віцебску на вечарынках ЛГБТ-супольнасьці неаднаразова праводзіліся міліцэйскія рэйды. На пачатку лютага ў менскім клюбе «6А» было затрымана каля 40 чалавек для высьвятленьня асобы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG