Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Deadline для Выбарчага кодэксу — красавік


Зьмены і дапаўненьні ў выбарчае заканадаўства Беларусі будуць падрыхтаваныя ў красавіку.

Пра гэта сёньня карэспандэнту «Свабоды» паведаміў сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік:

«Цяпер нашы экспэрты разам з супрацоўнікамі Нацыянальнага цэнтру заканадаўства і прававых дасьледаваньняў пры Адміністрацыі прэзыдэнта сядзяць за дакумэнтамі. Гэта добры кавалак працы, бо нярэдка зьмяненьне аднаго артыкула цягне за сабою ўдакладненьні ў іншыя параграфы і нават іншыя законы. Гэта — скрупулёзная справа. Дарэчы. дырэктар цэнтру Вадзім Іпатаў стаў намесьнікам старшыні ЦВК, і гэта пэўным чынам стымулюе супольны працэс».

Мікалай Лазавік таксама сказаў. што пакуль невядома, якія прапановы ўвойдуць у праект Выбарчага кодэксу, а якія — не. Раней старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына казала, што на паседжаньні ў кіраўніка дзяржавы ўзьнікла пытаньне аб скасаваньні пасялковых і сельскіх саветаў.

«У мясцовага дэпутата ёсьць даволі вялікія правы, прапісаныя ў законе, але няма ні капейкі ў кішэні, каб іх рэалізаваць. Той жа дэпутат можа паставіць пытаньне на сэсіі і нават „прабіць“ яго, каб, напрыклад, аўтобус з райцэнтру штодня хадзіў у нейкую вёску. Але ж новы маршрут трэба прафінансаваць. Рашэньне прынятае, а фінансаў — няма. І што далей?

Там будзе пэўная адміністрацыя, якая і пачне вырашаць штодзённыя пытаньні. А народная дэмакратыя? Яна будзе ажыцьцяўляцца праз старастаў, селькамы. Гэта — не праблема».

Нагадваю спадару Лазавіку, што многія грамадзкія арганізацыі і палітычныя партыі скардзяцца — праца над праектам ідзе пры зачыненых дзьвярах. А партыі БНФ, «Справядлівы сьвет», БСДП (Грамада), «Зялёныя», кампанія «Гавары праўду» і рух «За свабоду» выступілі з супольнай заявай аб правядзеньні грамадзкага абмеркаваньня паправак у выбарчае заканадаўства. Апазыцыянэры лічаць, што шмат якія з выпрацаваных ЦВК прапаноў «патрабуюць сур’ёзнага і грунтоўнага абмеркаваньня з зацікаўленымі бакамі», а «мэтазгоднасьць некаторых з агучаных прапаноў выклікае сур’ёзныя сумневы».

На гэта сакратар ЦВК кажа, што Цэнтральная выбарчая камісія паводле закону не зьяўляецца органам, які мае права выносіць на публічнае абмеркаваньне нарматыўныя прававыя акты. Таму, адзначае спадар Лазавік, такое абмеркаваньне можа зрабіць Палата прадстаўнікоў, калі законапраект дойдзе да дэпутатаў.

Бліжэйшыя выбары ў Беларусі — у мясцовыя саветы — павінны адбыцца не пазьней за 23 сакавіка 2014 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG