Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Выбарчая касмэтыка — каб спадабацца крэдыторам


Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка лічыць магчымым палепшыць выбарчае заканадаўства краіны. Пра гэта ён заявіў сёньня падчас нарады, прысьвечанай гэтай тэме.

Незалежныя экспэрты, якія прааналізавалі прапанаваныя ўладай папраўкі да Выбарчага кодэксу, лічаць іх не прынцыповымі, а выключна касмэтычнымі.

Бліжэйшыя выбары ў Беларусі — дэпутатаў мясцовых саветаў — павінны адбыцца не пазьней за 23 сакавіка 2014 году. Цэнтральная выбарчая камісія ўжо пачала да іх падрыхтоўку.

На сёньняшняй нарадзе старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына прадставіла прапановы па зьмяненьнях і дапаўненьнях у Выбарчы кодэкс, якія падрыхтавалі экспэрты камісіі. А вось экспэрты апазыцыі, якія мелі магчымасьць дазнацца пра сутнасьць гэтых правак раней, ужо назвалі іх «выключна касмэтычнымі».

Лідзія Ярмошына, архіўнае фота

Лідзія Ярмошына, архіўнае фота

Галоўная навэла — магчымасьць вылучаць кандыдатаў у дэпутаты ня толькі палітычным партыям, як гэта робіцца цяпер, але і грамадзкім арганізацыям з колькасьцю чальцоў ня меней за адну тысячу — зьдзівіла нават Лукашэнку. Падчас нарады ён запытаўся: а навошта гэта? У нас што, ёсьць дэфіцыт кандыдатаў?

Іншыя навацыі зусім дробныя. Так, асабістыя фінансавыя рахункі дазволяць мець і кандыдатам у мясцовыя саветы, а ўлёткі з заклікам да байкоту выбараў выдаваць будзе можна толькі за асабістыя грошы кандыдатаў.

«Для таго, каб выбары ў Беларусі хаця б наблізіліся да дэмакратычных стандартаў, трэба рабіць зусім іншае», — кажа юрыст Уладзімер Лабковіч:

«Першае — унесьці прынцыповыя зьмены ў закон. І другое — забясьпечыць практыку іх выкананьня.

Уладзімер Лабковіч

Уладзімер Лабковіч

Што найперш трэба мяняць у Выбарчым кодэксе? Фармаваньне камісіяў — палітычныя партыі павінны атрымаць права накіроўваць у іх сваіх людзей наўпрост.

Наступны момант — датэрміновае галасаваньне, якое павінна быць альбо цалкам адмененае, альбо ўдзельнічаць у ім змогуць толькі тыя людзі, хто ні ў якім выпадку ня можа зрабіць гэта ў дзень галасаваньня.

І трэці момант — падлік галасоў. І сябры камісіяў, і назіральнікі павінны ясна бачыць, што бюлетэнь аддадзены на карысьць таго кандыдата, за якога прагаласаваў выбарца.

Гэтыя тры зьмены і дасканалая практыка іх прымяненьня могуць зрабіць правядзеньне выбараў больш свабодным і дэмакратычным. А ў зьвязку з гэтым вырас бы і давер да тых органаў улады, на якіх яны фармуюцца».

На сёньняшняй нарадзе некалькі разоў згадваліся і прапановы АБСЭ. Па выніках леташніх выбараў у Нацыянальны сход АБСЭ прапануе, напрыклад, каб кожны бюлетэнь паказваўся назіральнікам і прадстаўнікам кандыдатаў. Таксама ёсьць рэкамэндацыя пазбавіць кіраўніка дзяржавы права прызначаць старшыню Цэнтравыбаркаму. Ёсьць і іншыя прапановы.

Аляксандар Лукашэнка сёньня не адрынуў адразу, як гэта было раней, рэкамэндацыі АБСЭ, а сказаў, што да іх трэба прыгледзецца. Аднак «гэта не азначае, што мы згодныя з усімі іх падыходамі. Мы цудоўна разумеем, чаго хочуць ад нас людзі з АБСЭ, мы гэта ўжо на практыцы памацалі», — сказаў ён.

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

«Рыторыка Аляксандра Лукашэнкі прывязаная не да дзеяньняў, а да сытуацыі», — лічыць старшыня АГП Анатоль Лябедзька:

«Я нагадаю, летась перад пачаткам парлямэнцкай кампаніі, калі была патрэбная хоць нейкая легітымізацыя выбараў, Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію кітайскаму журналісту заявіў, што мы будзем праводзіць палітычную рэформу пасьля завяршэньня гэтай кампаніі. Кошт гэтых словаў нулявы, таму што кампанія скончылася, а рэфармаваньнем і ня пахне.

Сёньня яму патрэбныя грошы, крэдыты. Пад іх робяцца новыя заявы. Не пад рэформы, не пад рэальныя зьмены ў выбарчым заканадаўстве і правапрымяняльную практыку. А пад неабходнасьць атрымаць грошы».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG