Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На «Беларускім пяціборстве» перамаглі бабруйскія вучаніцы


Ангеліна (леваруч) і Наста Жыркевічы
Ангеліна (леваруч) і Наста Жыркевічы

25 лютага ў Магілёве ўганаравалі пераможцаў штогадовага інтэлектуальнага спаборніцтва «Беларускае пяціборства-2013».

Беларускамоўны спабор разам ладзяць абласная арганізацыя Таварыства беларускай мовы і Дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Куляшова. Урачыстасьць праходзіла на пэдагагічным факультэце гэтага ўнівэрсытэту.

Сёлетняе пяціборства адбылося 16 студзеня ў дванаццаты раз. Удзельнікам спаборніцтва, як і ў папярэднія гады, прапаноўваліся заданьні па пяці школьных прадметах: матэматыцы, прыродазнаўстве, гісторыі, літаратуры й мове. Па суме балаў вызначылі пераможцу. Адказы прымаліся толькі па-беларуску.

Пераможцам сёлетняга інтэлектуальнага спаборніцтва стала вучаніца восьмай клясы бабруйскай гімназіі № 3 Ангеліна Жыркевіч. Нягледзячы на перамогу, дзяўчына прызналася, што «расчараваная сваім веданьнем беларускай мовы і невысокім балам па ёй на Пяціборстве». «Цяпер буду яе вучыць», — паабяцала яна.

Другое месца заняла сястра пераможцы, адзінаццаціклясьніца той жа бабруйскай гімназіі Наста Жыркевіч. Акрамя таго, журы Пяціборства прызнала ейную мову найлепшай сярод 23 сёлетніх удзельнікаў спаборніцтва.

Наста прызналася, што ў двары размаўляе па беларуску час ад часу. «Напрыклад, на Дзень роднай мовы мы стараліся ў сям’і гаварыць на беларускай мове». Зь сябрамі Наста гаворыць па расейску, бо мяркуе, што яе ніхто не зразумее: «Вось з удзельнікамі школьных алімпіяд я па-беларуску гавару часьцей. Бо яны ведаюць мову і стараюцца на ёй гаварыць». Наста Жыркевіч у Пяціборстве ўдзельнічае ў трэці раз. У яе дзьве перамогі, а сёлета — 2-е месца.

Трэцяе месца заняла васьміклясьніца 1-й Магілёўскай гімназіі Марыя Пілецкая.
Міхась Булавацкі і Марыя Пілецкая
Міхась Булавацкі і Марыя Пілецкая

У намінацыі «Матэматыка» перамог Ягор Лаўрэнаў зь вёскі Пудаўня Дрыбінскага раёну. Вучань магілёўскай гімназіі № 1 Зьміцер Юркоў паказаў найлепшыя веды ў літаратуры. Алесь Гаўрыленка з той жа гімназіі стаў пераможцам у намінацыі «Прыродазнаўства». У намінацыі «Гісторыя» пераможцы журы ня выявіла празь нізкія веды ўдзельнікаў.
Пераможцы «Беларускага Пяціборства»
Пераможцы «Беларускага Пяціборства»

Сябра ТБМ Міхась Булавацкі, які прыдумаў «Беларускае пяціборства», заяўляе, што ўзровень веданьня вучнямі беларускай мовы працягвае горшаць: «Але трэба дзякаваць Богу, што ёсьць дзеткі, якія хочуць яе ведаць. Яны шукаюць у сваім асяродку тых, хто б ім дапамог, але не знаходзяць. Наста Жыркевіч, напрыклад, калі тры гады таму прыйшла да нас, то напісала: „Дзякуй вам, што далі пагаварыць па-беларуску“. Наша Пяціборства ўсё ж некаму дапамагае», — зазначае Міхась Булавацкі й дадае: «Дзяржава не зацікаўленая ў тым, каб дзеці ведалі беларускую мову. У нас жа роўныя мовы, паводле Канстытуцыі, — і патрабаваньні павінны быць роўныя. Высокія балы ставяць па беларускай мове за малыя веды. А вось па расейскай выціскаюць максымум, каб выставіць высокую адзнаку. Дзе ж тут роўнасьць?»

Паводле Міхася Булавацкага, вучні, якія прыходзяць на «Беларускае пяціборства», ня ведаюць беларускамоўных матэматычных і фізычных тэрмінаў, таму прыдумляюць свае.

Усе пераможцы Пяціборства атрымалі дыплёмы, ухвальныя лісты, рэдкія выданьні беларускіх кніжак ды іншыя памятныя ўзнагароды. Уручалі іх дэкан пэдагагічнага факультэту Аляксей Лаўшук, кіраўнік абласной арганізацыі ТБМ Яраслаў Клімуць, а таксама Міхась Булавацкі.
Дэкан пэдагагічнага факультэту Аляксей Лаўшук (праваруч) і кіраўнік абласной арганізацыі ТБМ Яраслаў Клімуць
Дэкан пэдагагічнага факультэту Аляксей Лаўшук (праваруч) і кіраўнік абласной арганізацыі ТБМ Яраслаў Клімуць

Упершыню інтэлектуальнае спаборніцтва прайшло ў 1999 годзе. Міхась Булавацкі высьветліў, што заданьні алімпіядаў па матэматыцы прапануюцца школьнікам толькі на расейскай мове, і паспрабаваў арганізаваць нефармальную алімпіяду па-беларуску. На яе прыйшло тры дзясяткі вучняў. Ад 2001 году спаборніцтва праводзіцца па пяці прадметах школьнай праграмы.

На «Беларускае пяціборства» запрашаюцца ўдзельнікі школьных прадметных алімпіядаў. Рэкордная колькасьць удзельнікаў на «Беларускім пяціборстве» была ў 2010 годзе — 42 вучні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG