Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьняволены лідэр «Маладога Фронту» Зьміцер Дашкевіч даслаў з-за кратаў допіс, апублікаваны газэтай «Народная воля».

— Падымайся, Дзімон! — гарланіў над вухам Ахмед, трасучы мяне за плячо.

Я ледзь расплюшчыў вочы, з яшчэ большымі высілкамі падняў галаву і глянуў на ягоны цёмна-матавы твар, які за час камернай адсідкі ніколькі не змяніў свой каўказскі колер.

— Колькі часу? — прабурчаў я, паваліўшыўся назад у падушку.

— А восьмай.

— Дык што ты тлуміш мне розум?! У мяне шчэ пяць гадзін! Ты ўчора дрыхнуў увесь дзень, і я цябе не падымаў.

— Не, не ў гэтым справа — там цябе са шмоткамі замовілі.

— З якімі шмоткамі? Хто замовіў? — запытаў я, сеў, па-усходняму скруціўшы ногі, на другім паверсе трохпавярховых нараў, якія мы дзялілі з Ахмедам на дваіх: мой час быў з 13.00 да 01.00.

У гэты час адчынілася «кармушка», і «прадольны» загадаў збірацца.

— Ну што, адчальваеш ад нас? — падышоўшы да мяне, запытаўся Паша, з якім мы ледзь «выграблі» ўчора з карцёжнай заварушкі.

Я кінуў яму з усмешкаю:

— Дык колькі можна цярпець вас тут, злых зэкаў?

— Гэта так... — сказаў ён. — Мо ўсё ж заварыць што на дарожку?

— Давай, — згадзіўся я і тут жа, узгадаўшы, як робіць гарбату Паша, папярэдзіў: — Толькі не смалу!

— Лайт, Дзімон! Ты ж ведаеш, як я вару!

— Ага, ведаю, таму і кажу.

Праз 15 хвілін я быў гатовы на выхад, і мы па чарзе рабілі па два глыткі з аднаго кубка, седзячы на пашынай шконцы — ніжніх вуглавых нарах, дзе звычайна месцяцца самыя аўтарытэтныя прадстаўнікі зэкаўскай народнасці. Сам Паша, што праўда, не блатаваў, шконка перайшла да яго ад сябра — Антохі Зялёнага, з якім на волі яны разам праколвалі накрадзеныя ў метро гаманцы і разам, з адной іглы, паднялі ВІЧ. Антоха ж, тры месяцы панаводзіўшы парадак у камеры, пару дзён таму паехаў на зону.

— Як надакучылі гэтыя пераезды, Паш, каб ты ведаў!

— Я дык ведаю. Больш напружваючага няма нічога ў турме, як пастаянна матацца туды-сюды.

— Каб хаця ведаць куды, а то ж ніколі нічога не гавораць.

— А што, не сказалі табе?

— А хто скажа?

— Зараз паспрабую даведацца.

Паша рушыў да дзвярэй. Аб чым ён там гаварыў, я ў гэтым гармідары не чуў, але і па жэстах падчас ягонай размовы з «прадольным» было зразумела, што нічога ён не даможацца.

— Ды ён — ні бэ ні мэ — старшынка гэны, — злосна вымавіў Паша, сядаючы побач. — Ты во што...

— Ну?..

— Калі прыйдзе корпусны за табою, прапар, ты ў яго запытай, а не скажа, проста адмаўляйся выходзіць. Я так заўсёды раблю.

— Відаць, так і зробім, — згадзіўся я і расшпіліў свой кешар, які перад тым паставіў тут жа, побач з нарамі. — Гэта ўсё добра, але трэба нешта і прэзентаваць табе на памяць.

— О! — абрадаваўся Паша. — Сала прэзентуй!

— Ага, дзе тут браць тое сала з гэтымі трагладытамі? — пажартаваў у адказ і я.

— На во, — працягнуў я яму невялікую кніжыцу пра Хрыста «Не проста цясляр», — не хлебам адзіным!

Паша ўзяў твор Джоша Макдаўэла, масава выдадзены яшчэ на стыку эпох, у гады нацыянальна-духоўнага адраджэння.

— Па-беларуску?

— Ну а як жа?! — усміхнуўся я. — Чытаеш на мове?

— Канешне. Я хоць з-за наркаты гэтай школу не скончыў, але ж як-ніяк беларус!

З супярэчлівым пачуццём суму і любові паглядзеў я на Паўла і адчуў, як мне нават шкада развітвацца з гэтым чалавекам — нейкая сяброўская іскра зблізіла нас сярод 50 мурашоў.

— Дзе Дашкевіч? — крыкнуў нехта ад дзвярэй.

— На месцы! — адгукнуўся я.

— Прыйшлі за табою!

Я падышоў да дзвярэй, ля якіх стаяў корпусны з маёй карткай.

— Сабраўся? Давай хуценька, і так затрымаліся!

— Паслухай, а куды мяне пераводзяць?

—Там пабачыш!

— Калі там гэткі ж бедлам, я нікуды не пайду.

Прапаршчык здзіўлена глянуў на мяне і зрабіў больш лагодны твар.

— Нармальная там камера, нармальная.

Я моўчкі глядзеў на корпуснога, разважаючы, верыць яму ці не.

— Ды нармальная, я табе гавару! — пацвердзіў ён яшчэ раз. — Пайшлі, толькі па-хуткаму.

— Ладна, зараз забяру рэчы.

— Давай, Паш, — прамовіў я, працягваючы руку, — пайду шукаць шчасця.

— Ну, трымайся там, Дзімон! Як трэба будзе што, ведаеш, як мяне знайсці.

Мы паціснулі рукі.

— Дзякуй, сябар, ведаю.

Я ўхапіў сваю торбу і пасунуўся да выхаду. З усіх бакоў загучалі галасы:

— Ну ўсё, апазіцыя, давай!

— Змітрук, сустрэнемся на барыкадах!

— Давай, Дзімон, як будзе дарога, адпішы!

— Давайце-давайце! — развітаўся я, цягнучы свае манаткі. — Як будзе, адпішу.

Падхапіўшы пад паху яшчэ і матрац, кімсьці для мяне скручаны і пакладзены ля парога, я выйшаў з камеры і гукнуў у адчыненыя дзверы:

— Жыве Беларусь!

— Жыве! Няхай жыве! Жыве вечна! — забухала навучаная доўгімі трэніроўкамі хата.

***

— Добры дзень! — павітаўся я, зацягваючы ў камеру торбу, пасля ўсіх пераходаў не такую ўжо і лёгкую, і вату. Хата адказала цішынёй. Змясціўшы пад сцяною свае рэчы, я разагнуўся і агледзеўся. Убачанае надзвычай здзівіла мяне — каля 5,5 метраў на 2,5; уздоўж адной сцяны — вузкі стол, другой — двое двайных нараў, і бліжэй да дзвярэй санвузел з умывальнікам, літарай «Г», адгароджаны ад камеры метровай цаглянай перагародкай і нацягнутай паверх шторкай для ванны.

Прыйсці ў шок было з-за чаго — у такіх хатах я яшчэ не сядзеў. Можа, гэта іх называюць на Валадарцы «камерцыйнымі»? Але не, відаць, не камерцыйная — у тых, кажуць зэкі, ёсць душ, халадзільнік... а тут усё больш сціпла. Ды што мне тыя халадзільнікі — у тым ужо ўдача, што пашэнціла неяк вырвацца з тлуму на паўсотні чалавек, дзе сядзяць адзін на адным, дзе спаць нельга ні ўдзень, ні ўначы — апроч штук трыццаці заўсёды трымаючых варту глотак гарланяць два прымачы, і адзін-два тэлікі. А тут толькі чатыры пары галасавых звязак, улічваючы мае ўласныя, і адзін тэлевізар. Два насельнікі камеры спяць, адзін сядзіць на нарах і ціхенька чытае, а блакітны экран зусім адключаны ад сеткі.

Таму адрэагаваў на маё вітанне толькі той, што чытаў, адарваўшы галаву ад газеты, пакруціў ёю пару разоў, назіраючы, як я ўкладваю рэчы, і паглыбіўся ў нешта жоўценькае зноў.

Усё гэта было страннавата... Хацелася заварыць гарбаты, але грымець посудам і шукаць разеткі ў гэтым сонным царстве было няёмка. Што ж, сунуцца ў чужую хату са сваімі ўстаноўкамі ніяк не выпадала, і я вырашыў пашпацыраваць на метрах двух прасторы — ад дзвярэй да стала.

— Сядай, во, пасядзі, — паўшэптам прамовіў аматар прэсы — ужо ў гадах дзядзька, невысокага росту, увесь белы і са спужана-добразычлівым тварам.

— Ды не, дзякуй, я пахаджу троху.

Пасядзець у гэткім узбуджаным стане ў мяне не атрымалася б нават пры ўсім жаданні.

— Цябе за што арыштавалі? — яшчэ праз пару хвілін ціхенька запытаў белы дзядзька.

— За хуліганку.

— І што пагражае?

— Ужо нічога.

— Гэта як?

— Свае два ўжо ўзяў.

— Два гады... гэта таксама шмат.

— Шмат? — усміхнуўся я. — Гэта ў разоў некалькі меней, чым я чакаў пару месяцаў таму. Ды і што такое два гады? На адной назе.

Дзядзька запытальна глянуў на мяне.

— Ну, гэта ў зэкаў такі афарызм ёсць «На адной назе» — калі гаворка пра невялікі тэрмін. У нас жа звычайна як? Менш пяці не даюць, і гэта лічыцца, што ты сарваўся.

Па тым, як здзіўлена лыпаў вачыма мой суразмоўца, было абсалютна ясна, што ў камернай сістэме ён першы раз і зусім нядаўна — пакуль яшчэ ягоны мозг не мог спасцігнуць, як пяць год можна лічыць зрывам.

— Вас за што пасадзілі?

— За злоўжыванні.

— О, гэта сур’ёзнае злачынства, — сыранізаваў я. — І дзе вы злоўжывалі?

— На фабрыцы. Быў дырэктарам.

Белая галава схілілася над счэпленымі рукамі.

— А чаго ж вы жадалі, трэба было кантрыбуцыю выплачваць крышуючым структурам, лазенку тапіць, стол накрываць і гэтак далей, па патрэбах.

Дырэктар згодна затрос сівой галавой — не раз, відаць, разважаў ён над гэтай прычынай свайго тут знаходжання.

— Не для таго я жыццё пражыў, каб ім сталы накрываць. Такіх гнюсотаў я і за саветамі цярпець не мог.

— Гэта, канешне, годна, — спыніўся я і прамовіў, выдыхаючы: — За гэта можна і пасядзець.

— Э, разумнік, ты мо супакоішся? — прабухцела галава з-пад коўдры на вуглавых ніжніх нарах.

— А ў чым праблема? — здзівіўся я.

— У тым, што трэба цішэй быць!

— Дык а я што, скандалю?

Няправільная інтанацыя не спадабалася аматару дзённага адпачынку, і ён прыпадняўся на локаць.

— Ты з якой хаты?

— Восем-дзевяць

—І што ты ездзіш па турме?

— Мяне возяць — я і езджу.

Гэтае «нахабства» маё канчаткова разварушыла цела пад коўдрай — яно паднялося і села на шконцы. Цяпер яго можна было агледзець — было ў ім прыблізна цэтнера паўтара масы, зверху цела месцілася вялікая галава з вялікім носам, вялікімі вушамі, аплыўшым тварам, што цягнуў год на 45, і двайным падбародкам, які пераходзіў адразу ў тулава; да тулава мацаваліся дзве нагі-калодкі і таўшчэзныя рукі са сціснутымі кулакамі, якімі цела упёрлася ў нары і прарычэла:

— Ты, я бачу, борзы надта?

Я працягваў рабіць па пары крокаў узад-уперад: апраўдвацца было неразумна, а нешта тлумачыць — бессэнсоўна. Не дачакаўшыся на рэакцыю адказу, гаспадар хаты зайшоў з іншага боку:

— У цябе, увогуле, усё роўна?

— У мяне дык роўна.

— Мо прабіць, хто ты такі, чым дыхаеш?

— Бяры прабівай, — абыякава адказаў я.

— Ты ведаеш сматрылу за корпусам?

— Я ведаю за турмою, можаш адпісаць яму па вечары.

— І адпішам, а то стрэмнаваты ты нейкі — па турме цябе носіць, тут прыпёрся кіпішыць. Ты за што сядзіш увогуле?

— Кажуць, хуліган я.

— Паслухай сюды, ты давай нармальна!

— Што значыць «нармальна»? — перапытаў я, хаця разумеў зрэшты, пра што загад, — не першую сотню разоў мне яго агучвалі.

— Без гэтых тваіх «кажуць»!

— Ну, гэта дазволь мне самому вырашаць.

— Ты што, нешта не разумееш?

— Я разумею ўсё, але загадваць мне, як размаўляць, ты не будзеш.

— Так, прысядзь! — гаркнуў бас і паляпаў далонню па лаве насупраць сваіх нараў.

— Для чаго?

— Прысядзь-прысядзь, — настойваў ён.

Я падышоў да нараў і прысеў на лаву, маючы ілюзію, што, можа, седзячы атрымаецца паразумецца. І як толькі я ўсеўся, бораў схапіў з падлогі свой тапак і ўрэзаў мне ім па твары. Першае імгненне я не зразумеў нават, што гэта такое адбылося. Але тут жа падарваўся з лавы і я, і падскочыў дырэктар, які, уціснуўшыся паміж мною і гарою, якая так і засталася сядзець на нарах, запратэставаў:

— Валодзя, хлопцы, супакойцеся! Вы што?!

Па правілах жанру трэба было біць у зубы. Хаця і было ясна: калі б гэты дабраўся лапішчамі сваімі да майго кадыка, дык былі б усе шанцы з Сімонам Пётрам сустрэцца раней прызначанага тэрміну. Зрэшты, справа была не ў тым, што пачалося б потым. Таксама і не прыхільнік я небіблійнай тэорыі, якая падаецца некаторымі як біблійная, што ўсё павінны мы цярпліва зносіць. Усё-ткі трэба вялікая мудрасць, каб сарыентавацца, калі трэба, не зважаючы на абставіны, «шашки наголо!», а калі трэба сцярпець. Не скажу, што я асабліва мудры, але ў такіх выпадках, бывае, трэба і пацярпець. Тым больш, калі ўжо рабіць, дык трэба было адразу, а я пачаў злякацца, разважаць нешта, глядзець на гэтага абаронцу свайго, што махаў рукамі... Карацей, атака была завалена. І, як я пазней пераканаўся, гэта быў мой чарговы турэмны ўрок.

На верхнім паверсе нараў, над Валодзем, заварушыўся яшчэ адзін жыхар.

— Цяпер ясна, для каго раніцай месца вызвалялі.

— Во, генерал, закінулі на нашу голаву.

Генерал пачаў злазіць з ложка, і я прысеў да дырэктара — размінацца на маленечкім пятачку ўжо не было як.

Валодзя нешта яшчэ лаяўся; высокі вусаты зэк з вайсковай мянушкай пацягнуўся да санвузла курыць; дырэктарскі корпус невядома што, але вычытваў; я паглыбіўся ў роздум, як далей быць у якасна новай абстаноўцы, зусім ужо не радуючыся «элітарным» умовам утрымання.

— Паслухай, цябе як? — ізноў сцішана запытаў дырэктар, адарваўшыся ад газеты.

— Зміцер.

— Як-як?

— Зміцер. Калі цяжка, можна Дзіма.

— Не, мне не цяжка, — перайшоў ён раптам на беларускую. — Я і сам у 1994-м за Пазьняка галасаваў. Але ты... гэта... можа, па-расійску давай?

— Не, не буду, — адказаў я нават з усмешкаю, ці то сябе шкадуючы, ці то дырэктара.

— Дык будуць жа праблемы, — перасцярог прыхільнік Зянона.

— Не першы і не апошні раз.

— Ну глядзі, я б лепш па-расійску...

***

— Прагулка! — крыкнуў паставы, ляпнуўшы па дзвярах, і зазірнуў у вочка.

— Ідзём! — адказаў генерал, кінуў акурак ва ўнітаз і запытаўся: — Валодзя, ты застаешся?

— Як заўсёды.

— А ты, Францавіч?

— Не, Міхалыч, мушу зараз да следчага ісці, — адказаў дырэктар.

У мяне генерал не запытаўся нічога.

— Пойдзеш на прагулку, Зміцер? — кінуў мне Францавіч, па выразы твару якога было бачна, як няёмка яму ад гэтай варажнечы ў камеры.

— Пайду, трэба праветрыцца.

Праз некалькі хвілін мы выходзім з хаты.

На калідоры старшына запісвае ў нататнік нумар камеры і колькі нас ідзе ды крычыць на ніжні паверх: «Пятнаццатая, два!» Мы сыходзім па лесвіцы на другі паверх, да наступнага паста, з якога галосяць тое ж: «Пятнаццатая, два!» Спускаемся яшчэ ніжэй, на першы паверх, які пяццю прыступкамі пераходзіць у нулявы падвальны, дзе чарговы дзяжурны раве таксама: «Пятнаццатая, два!», паварочваем направа, адлічваем пяць тых крокаў уніз і, пакідаючы новы корпус, уваходзім у сутарэнні старога — доўгі шырокі калідор з арачнымі столямі. Вось справа ад нас капцёрка, куды здаюць зэкі матрацы і рэчы, калі едуць на суд, мы ідзём далей; вось злева жалезныя дзверы — ці не самыя масіўныя ў турме — за імі «спецкалідор» з камерамі для асабліва небяспечных і смяротнікаў, тут жа сядзіць на зэдліку яшчэ адзін «прадольны» з нататнічкам, і, калі мы раўняемся з ім, ён занатоўвае дзве лічбы і голасна іх агучвае: «Пятнаццатая, два!» Трымаючы рукі за спінаю, рушым наперад; вось дзверы, за якімі адзін пралёт наверх вядзе да выхаду са старога корпуса на турэмны двор (там яшчэ адзін корпус і — дзверы на свабоду, яны ж — дзверы ў турму, і нам звычайна выпадае другі варыянт); і вось далей па гэтым жа баку паварот на прагулачныя дворыкі, ля якіх нас чакае апошні пост (за ім праз метраў сем канец сутарэння, у якім месціцца матрацная, дзе ў першы дзень сваёй турэмнай прапіскі кожны шчасліўчык атрымлівае вату і бялізну і здае ўсё гэта перад этапам на зону). І калі працэсія наша падыходзіць да гэтага пятага паставога, каторы пяты раз за апошнія пару хвілін крыкам паўтарае «Пятнаццатая, два!», паварочваем направа, трапляючы ў адну з вежаў (якраз тую, што абрынулася ў 2008-м), і адразу выходзім у бетонны лабірынт з трох бетонных калідораў і сарака бетонных камер з кратамі і нацягнутай на іх сеткай замест столі. Старшына, што працуе сёння на дворыках, запускае нас у даволі прасторную каробачку і зачыняе за намі дзверы.

Я пачаў шпацыраваць з аднога боку дворыка, генерал, таксама сам сабе, з другога.

— Дык ты што, з «дзекабрыстаў»? — запытвае ўсё ж ён праз нейкі час.

— Відаць, што з «дзекабрыстаў». Толькі з «дзекабрыстаў» 18-га, а не 19-га.

— Чаму 18-га?

— Бо накрылі за суткі.

— А, нейкія там у дварах накінуліся?

— Ну.

— Чыталі мы пра справу вашу. А з гэтым тваім, як яго...

— Эдуардам?

— Так, Эдуардам, сядзеў пару дзён на Акрэсціна.

— І як ён там быўшы?

— Нармальна, цвёрды такі хлопец. З дэсантуры толькі і ў заварушку такую — з агню ды ў полымя.

— Так, пашчасціла яму і вайсковую шыхтоўку прайсці, і зэкаўскую распачаць.

Генерал спыніўся.

— Тут ты можаш па-руску, тут ужо выпендрывацца не трэба.

Канешне, адкуль было ведаць беларускаму генералу пра беларускую шыхтоўку? Нешта я не разлічыў. Але якая розніца — разлічыў бы з шыхтоўкаю, не разлічыў бы яшчэ з чым-небудзь — усё гэта пытанне толькі часу.

— А перад кім мне выпендрывацца? Зэкі ўсе роўныя перад абліччам «правасуддзя».

— З намі можаш па-нармальнаму, — настойваў генерал. — У Беларусі дзве дзяржаўныя мовы, таму давай-ка па-руску.

— Цікава, выходзіць ва ўсіх вас, — з іроніяй прамовіў я, — канстытуцыйнае двухмоўе — гэта заўсёды канстытуцыйная падстава забараніць размаўляць па-беларуску. І кожнаму, хто ў Беларусі забараняе размаўляць па-беларуску, гэтая забарона падаецца цалкам лагічнай! Чаму ж я, спасылаючыся на двухмоўе, не затыкаю вам рот, каб вы па-руску не гаварылі, а вы лічыце законным заткнуць мне, каб я ў сябе ж дома на сваёй жа мове размаўляць не смеў?!

— Таму, што беларускую мову ніхто не разумее і ніхто на ёй не размаўляе, апроч толькі во, — і генерал хітнуў у мой бок, — адшчапенцаў.

Гэткае вызначэнне сацыяльнага статусу і смяшыла, і абурала адначасова, прымусіўшы мяне павялічваць абароты.

— Хто гэтыя «ніхто»?! Я сяджу з зэкамі, многія з якіх добра калі школу скончылі, і яны мяне цудоўна разумеюць. А некаторыя нават пераходзяць на мову! Я з каўказцамі сяджу, якія і па-руску ледзь размаўляюць, і то яны мне кажуць: «Добра, гавары как гаварыш, калі што не панімаць, мы спрашываць». А як можна скончыць беларускую школу, беларускі ўніверсітэт, потым мо яшчэ і акадэмію якую беларускую — і не разумець беларускае ж, не ў стане і двух слоў звязаць на мове народа, які цябе выкарміў і адукацыю даў?! Гэта проста трэба даўнам быць, а не чалавекам з вышэйшай адукацыяй.

— Дык што гэта такое, твая беларуская мова? Гэта бедная, калгасная гаворка, руска-польская мяшанка.

— Калі мова першай у Еўропе Канстытуцыі і чацвёртай у свеце друкаванай Бібліі бедная такая і нікчэмная, — як на машынцы, адгрукаў кожнае слова я, — забараніце яе зусім! Стагоддзямі з захаду і ўсходу дабівалі, ды не дабілі, дык няхай свае ж манкурты дадушаць. Тады ўсё будзе зразумела. Тады, нарэшце, кожны будзе мець законнае права, пачуўшы мову «забраннага краю», загадаць любому: «Заткніся ж ты!»

Далей мы ўжо гулялі моўчкі. І гэта, відаць, было лепшае. Мяне не пакідала думка аб тым, што ўляпаўся я канкрэтна з гэтым пераводам. Тут за пару тыдняў ці звар’яцееш, ці раскруцішся, і трэцяга не дадзена. Сапраўды, хоць ты бяры ды зашывай рот да самых вушэй і так сядзі. Вось табе і гармідар на паўсотні зэкаў, горш якога, я думаў, і няма нічога. І як дзіўна ды невытлумачальна выходзіць — былы наркаман без сярэдняй адукацыі гаворыць: «Канешне, разумею, я ж — беларус!», а гэтыя, з адукацыяй і сярэдняй, і вышэйшай, будуць далдоніць: «Не, не разумею!», «Не, не магу!» ці яшчэ лепей: «Забейся!» Хаця ці так ужо невытлумачальна гэта? Вось Хрыстос кажа пра самых мудрых з народу Свайго, пра адукаваных і знатных: «Слаўлю Цябе, Ойча, Госпад неба і зямлі, што закрыў гэта перад мудрымі і прадбачлівымі і адкрыў гэта малым; так, Ойча, бо так спадабалася Табе» (Лк.10:21). Так, Ойча, бо так спадабалася Табе!

За перажываннямі сваімі я не асабліва заўважыў, як генерала вывелі «на кабінеты» і як потым за мною прыйшлі.

— Давай, харош тупацець тут ужо! — міралюбіва прыкрыкнуў малады старшына.

— Ага, пайшлі.

***

Вярнуўшыся ў камеру, я застаў аднаго только Валодзю. Моўчкі зайшоў і сеў на нары дырэктара, ды, каб нечым заняць сябе, узяў нейкую газету і пачаў чытаць словы, якія ніяк не жадалі аб’ядноўвацца ў сказы і артыкулы.

— Гарбату будеш? — нечакана для мяне запытаў гападар.

— Можна, — згадзіўся я. Гарбаты хацелася вельмі.

Вова ўключыў імбрык — таксама дзіковінку для камернай сістэмы. Наш брат усё больш прывык да перапаленых кіпяцільнікаў. Я дастаў пластыкавы слоічак з-пад пюрэ, які служыў мне кубкам, і заварку.

— Ты што, з гэтага п’еш?

— А з чаго піць, калі ўсё забаронена? Калі ў шостым сядзеў, дык дазвалялі посуд. А цяпер такі вось маразм...

— На, будзе твой, — мой нядаўні вораг паставіў на стол пластмасавы кубак.

— Дзякуй... вялікі, — уразіўся я і ўзяў пакруціць кубак у руках — зэкі, і я сярод іх, любяць усё, што блішчыць. Асабліва калі нічога няма.

Мне захацелася чымсьці аддзячыць.

— Пачастуйся гарбаткаю з прысмакамі.

— Гэта што такое? — заглянула ў развязаны пакунак вялікая галава.

— Ну, тут чорная гарбата і розныя там кветачкі-ёлачкі, шышачкі-іголачкі, — працытаваў я аднаго расійскага рокера і патлумачыў пазіцыю: — Проста чорнай гарбаты я не асаблівы аматар, тым больш яе на чыф зэкі хутка расцягваюць.

— Дык давай, паспрабуем.

Мы насыпалі зёлак у кубкі, Валодзя заліў кіпень, пасля чаго пачаў выкладаць прадукты з тумбачкі.

— Перакусіш што?

— Ды не, не галодны, — схлусіў я.

— Зараз закінем тое-сёе, — не надаў увагі адмове маёй дзіўным чынам палагаднеўшы чалавек-гара, — во, тут матуля толькі ўчора перадала цудоўных сардэлек, маіх любімых — вараных.

Спонсар банкета ўручыў мне кавалак хлеба і сардэльку, якая амаль вокамгненна была праглынута.

— Ну, я бачу, ты зусім есці не жадаеш.

— Ага, зусім, — усміхнуўся я, узяўшы яшчэ адну сардэльку, мне працягнутую.

— Паслухай, ты не сіні на мяне за раніцу.

— Нічога, усякае бывае.

— Ты разумееш, дасталі мяне ўшчэнт гэтыя пракуроры, генералы, фабрыканты! Ніякай сілы няма з імі — ні паесці сабе зрабіць не могуць нічога, ні хату прыбраць. Як нянька ім!

— Што зробіш, нетурэмныя людзі.

— А мы што, нарадзіліся ў турме?

— Здаецца мне часам, — адказаў я, перажоўваючы дабаўку, — што і нарадзіліся...

— Э, кінь ты глупства! Не нараджаліся, а проста не прывыклі ні на чыіх шыях сядзець. А гэтыя без мамкінай ці жончыный спадніцы — нікуды. Дык хай выпісваюць сабе пакаёвак, каб соплікі выціралі, — усё абураўся Валодзя, але, заўважыўшы, што другая сардэлька знікла там жа, дзе і першая, працягнуў мне чарговую і кавалак хлеба з кетчупам.

— На, еш, гэтым, — ён хітнуў у бок сцяны, — я нікому не даю — абыдуцца.

— Ну, хіба апошнюю, бо бакі ўжо запраўлены.

— Таму я на такім узводзе суткамі, — тлумачыў далей замучаны генераламі зэк. — А тут ты яшчэ, я з прасоння разумею праз слова. Падумаў спачатку, што ты ўвогуле глум ловіш.

— Ды не, які глум можа быць!

— Канешне, цяпер ясна... А так, я ж ніколі не сустракаў, хто на мове гаворыць. Ды і па тэліку ж нават няма такіх каналаў, каб па-беларуску былі.

— Не ведаю, я тэлік даўно выкінуў.

— На волі я і сам бы выкінуў, а тут сумнавата без яшчыка, — згадзіўся Валодзя і працягнуў сваю думку далей: — Раней неяк я з L. сядзеў, ведаеш?

— Ведаю.

— Добры хлопец такі, ні за што не пераймаўся, як за правал.

— Так, чэл адданы. А што правал, дык правал... ды толькі ці ён вінаваты ў тых правалах?

— Ага, ніхто не вінаваты, і так ужо 18 год. Во, якраз перад табою яшчэ адзін невінаваты быў — N., якога і перавялі, каб табе месца вызваліць. Ведаеш яго?

— Ведаю.

— І што скажаш пра яго?

— Нармальны чэл, калісьці актыўнічаў, потым сышоў з-за працы.

— Тут ён спакойна сядзеў, пытанняў не было — любіў падрыхнуць і перакусіць добра.

— Дык а хто ў турме не любіць перакусіць? — засмяяўся я і запытаў: — З кім яшчэ сядзеў?

— Кандыдат ваш, R., ведаеш такога?

— Ведаю. І цікава, як ён табе?

— Мне спадабаўся вельмі. Надзвычай грунтоўныя рэчы гаварыў, адукаваны, інтэлігентны — такія і павінны кіраваць краінай. Даў ён мне кантакты свае, выйду — абавязкова звяжуся. У мяне ёсць чым дапамагчы, і сябры талковыя. Харош ужо кукішы на кухні круціць. А ты падтрымліваў яго?

— Я не падтрымліваў. Не вельмі пасавала мне ягоная стратэгія выбарчая. Але, бачыш, кожны знайшоў свайго: табе гэты спадабаўся, камусьці — іншы.

Валодзя, ці то згаджаючыся, ці то разважаючы аб чым сваім, паківаў галавою.

— Пайду трошкі асвяжуся, нешта ажно ў пот кінула ад гэтай траўкі-мураўкі, — запытальна прамовіў я, калі зрабіў апошні даўкі глыток.

— Ну, гарбата ў цябе са спецэфектамі, — пацвердзіў Вова, выціраючы пот рукавом з ілба. — Давай, толькі глядзі там асцярожней — кран скручаны.

Апаласнуўшы рукі вадою, я ўзяў кавалак мыла і зірнуў у люстэрка, з якога глядзеў на мяне вораг народа з адбіткам на твары гумовага тапка 44-га памеру. Я ажно схамянуўся: няўжо так і прахадзіў паўдня?.. І ўсё з-за чаго? Здаецца нават, што з-за нічога, на роўным месцы. З-за таго толькі, што Валодзя разважаў пра мову, як пра глум над сабою. Але ці ён вінаваты ў гэтым? Гэта бяда народа нашага, і ён — толькі адзін з яго прадстаўнікоў. А хто вінаваты, дзяржтэлеканалы? Дык а з іх што спытаць? Палітыку генацыду ніхто не адмяняў, і яны — толькі бязвольныя паслугачы гэтага стратэгічнага кірунку.

«Дык дзе ж, дзе корань нацыянальнага нігілізму?» — крычала ўва мне пытанне. І тут адкрылася мне дзікая, але простая, як Божы дзень, і ўсёвытлумачаючая думка: «Корань — у нас саміх!» Так, перш за ўсё самі і вінаватыя ў бяспамяцтве гэтым. Падумаць сабе: толькі за апошні месяц, толькі ў гэтай камеры сядзелі тры барацьбіты за новае жыццё, і ні ад кога — ні ад кога з іх! — не пачуў Валодзя беларускага слова!

Ну добра, Эдуарда, з якім сядзеў генерал, я не лічу — ён толькі з войска, з якога за пару месяцаў да выбараў прыйшоў у МФ. Я і сам, калі далучыўся да руху, з паўгода пераадольваў свае комплексы і псіхалагічныя бар’еры, каб перайсці на матчыну мову. Таму зразумець я магу сябра майго, які ўжо з зоны пачаў пісаць лісты толькі па-беларуску.

А як жа з тымі трыма быць?

L. — МФавец нулявых, па-геройску бараніў Курапаты, на Акрэсціна ўсе камеры выкачаў, гутарыў па-беларуску. І што, вось ён на Валадарцы, і ён знямеў? Так, на жаль, знямеў, але толькі на беларускую мову.

N. — МФавец цяперашні, на «фронце» ахвяраваў усім — і вучобай, і стасункамі з роднымі, па-беларуску заўсёды, як рэпу грызе. І вось ён у турме — і што? Знямеў? Божа, знямеў, але таксама толькі на беларускую мову.

А гэты — кандыдат R., ледзь не самы галоўны патрыёт у нядаўнім мінулым, за якім свядомыя стаялі тысячнымі шэрагамі. І ягоныя выбары скончыліся ў камеры. Што з ім? Ён знямеў? Так. Ён знямеў па-беларуску. Як і ўвесь народ наш.

Дык а што мы патрабуем ад людзей паспалітых? Мы дамагаемся іншых законаў, канстытуцыйных фармулёвак і нават улады, прыкрываючы ўсё гэта ідэаламі адраджэння Бацькаўшчыны, тады як для адраджэння Бацькаўшчыны не трэба нічога — ні законы, ні канстытуцыя, ні нават улада. Для адраджэння Бацькаўшчыны трэба толькі адно — каб патрыёты мовы пачалі на гэтай мове размаўляць. І ўсё! І з гэтым лічыліся б і тыя, хто Беларушчыну ненавідзіць. Калі б заўтра на вуліцах нашых гарадоў хаця б кожны трэці загаварыў на роднай мове, дык «рускі са знакам якасці» сам бы перапісаў імгненна і законы, і канстытуцыю.

Аднак якой можна трызніць беларусізацыяй, калі самыя пасвячоныя адважваюцца на геройства размаўляць па-беларуску толькі ў партыйных офісах?! Дзіка? Дзіка. Дзічэй і не прыдумаць.

Але не, што гэта я брашу, даруй Божа! Прыдумаць можна і яшчэ дзічэй. Дзічэй — гэта калі эліта — людзі, якія прэтэндуюць на ролю настаўнікаў для 10-мільённага народа, на ролю лідараў перамен, — баяцца, саромеюцца па-беларуску размаўляць нават у офісах партыйных. І зноўку, гаворка ж не пра тых, хто, пачуўшы мову Купалы, можа цвердзіць адно толькі: «Ненавіджу! Ненавіджу! Ненавіджу!», гаворка пра альтэрнатыўную афіцыйнай нацыянальную і палітычную эліту! Дастаткова ўключыць Радыё Свабода, каб пераканацца, як шмат у Беларусі гэтых сімвалаў новага жыцця, якім нават у эфіры РС сорамна пару слоў адкаменціць па-беларуску. І іх жа ніхто не прымушае ўсё жыццё сваё мяняць на беларускі лад, не. Але ж пару слоў па-беларуску на беларускае пытаннечка можна? Канешне можна! І пару слоў можна, і напоўніць усё жыццё новай зямлі сваёй, якой ты служыць бярэшся, таксама можна. Было б жаданне! І прыкладаў — тысячы! Але — не! Як жа, сорамна і ганебна!

Госпадзі, пад якім жа мы ўсе комплексам жывём — комплексам нацыянальнай непаўнавартаснасці! Мы лічым сябе, зямлю сваю, старажытную мову — усё тое, чым адарыў Ты нас, — і, адпаведна, народ свой лічым — непаўнацэннымі! Пра якія перамены можна гаварыць? Хто іх даможацца? Хто павядзе да духоўнага і нацыянальнага адраджэння? Тыя, хто лічыць сябе другасортным?

Дык як жа быць?..

Не, мы не расчаруемся ў блаславенствах Тваіх. Яны непаўнацэннымі быць не могуць. Яны цудоўныя. І не кожны, далёка не кожны народ так шмат і ў такой прыгыжосці іх мае. Таму мы будзем абвяшчаць Слова. Мы не знямеем. Мы не засаромеемся. Нават калі будзе цяжка. Нават калі будзе невыносна. Мы будзем гаварыць.

Я намыліў твар і амыў яго халоднай вадой.

Будзем. Нават калі першым давядзецца атрымаць гумовым тапкам па мордзе, тым, хто ідзе за намі, будзе прасцей.

Мазыр,

ПК-20,

1.XI.2012.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG