Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кнопка раздору ў Вярхоўнай Радзе


Перамовы аб разблякаваньні працы Вярхоўнай рады Ўкраіны зайшлі ў тупік. Сёньня споўнілася роўна два тыдні, як дэпутаты парлямэнцкай апазыцыі ад «Бацькаўшчыны», праварадыкальнай «Свабоды» і партыі Віталя Клічка УДАР праводзяць акцыю пратэсту ў парлямэнцкай зале, патрабуючы ўвядзеньня ў дзеяньне сыстэмы пэрсанальнага галасаваньня «Рада-3».

Яе галоўнай асаблівасьцю зьяўляецца сэнсарная кнопка, якую неабходна ўтрымліваць на працягу ўсяго часу галасаваньня. Такім чынам, дэпутат ня зможа націскаць клявішы за сваіх адсутных калегаў. Супраць выкарыстаньня такой сыстэмы выступае кіроўная Партыя рэгіёнаў. Шэраг яе дэпутатаў ня могуць так часта зьяўляцца ў парлямэнце (восем дзён у месяц!), А бяз іх «рэгіяналы», калі будзе працаваць «Рада-3», не атрымаюць мінімальна неабходныя для зацьвярджэньня законаў 226 галасоў.

Па словах аднаго з лідэраў «Бацькаўшчыны» Сяргея Собалева, чарговы раўнд перамоваў з партыяй улады — адносна прадугледжанага Асноўным законам краіны пэрсанальнага галасаваньня — скончыўся бязвынікова, таму для выхаду з крызісу апазыцыя прапануе правесьці датэрміновыя парлямэнцкія і прэзыдэнцкія выбары.

У Партыі рэгіёнаў раяць апазыцыі ўстрымацца ад абмеркаваньня сцэнару датэрміновых выбараў. Улады палохаюць сваіх апанэнтаў тым, што могуць пайсьці на пазачарговыя выбары Рады, але не па зьмешанай (як на мінулых выбарах восеньню 2012-га), а толькі па мажарытарнай сыстэме. У гэтым выпадку «рэгіяналы», па словах прадстаўніка гэтай палітычнай сілы Міхаіла Чачота, атрымліваюць не цяперашнія 208 дэпутацкіх мандатаў, а канстытуцыйную большасьць 300 галасоў.

Артыкул 90 Канстытуцыі Ўкраіны прадугледжвае права кіраўніка дзяржавы распусьціць парлямэнт, калі на працягу 30 дзён адной сэсіі пленарныя паседжаньні ня могуць пачацца. Улічваючы, што парлямэнцкая трыбуна заблякаваная з 5 лютага, то крайні тэрмін, калі Вярхоўная Рада павінна пачаць працу, мінае 6 сакавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG