Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байцы ўкраінскага спэцаддзелу «Бэркут» адціснулі народных дэпутатаў і тых, хто пратэстуе супраць прыняцьця моўнага закону, ад службовага ўваходу ва Ўкраінскі дом, дзе мелася адбыцца прэс-канфэрэнцыя прэзыдэнта.




У міліцыянтаў ляцяць плястыкавыя бутэлькі, мітынгоўцы скандуюць: «Банду — гэць!». Як паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода, міліцыянты ўжылі да мітынгоўцаў сьлёзацечны газ, акрамя таго некалькі чалавек атрымалі пашкоджаньні.

Пакуль у «Бэркута» не атрымалася разблякаваць усе ўваходы ва Ўкраінскі дом.

Міліцыя зрабіла жывы ланцуг ля ўезду ў будынак. Вакол працягваюцца сутыкненьні, у якіх, у прыватнасьці, прымаюць удзел і журналісты. Над натоўпам падкідваюцца шлемы бэркутаўцаў.

Удзельнікі мітынгу сьпяваюць гімн Украіны.

Паводле інфармацыі агенцтва «Інтэрфакс», прэс-канфэрэнцыю прэзыдэнта, заплянаваную на 11.30 ва Ўкраінскім доме, перанесьлі, а Віктар Януковіч зьбірае кіраўніцтва парлямэнта і лідэраў фракцый.

Старшыня Вярхоўнай Рады Ўкраіны Ўладзімір Літвін на сёньняшнім пасяджэньні парлямэнту падаў у адстаўку на знак пратэсту супраць прыняцьця закону аб статусе расейскай мовы.

Літвін лічыць, што законапраект ня быў гатовы да разгляду, ён абураны, што ўчорашняе галасаваньне было праведзена ў яго адсутнасьць.

Аб адстаўцы заявіў і віцэ-сьпікер Мікалай Таменка з апазыцыйнай фракцыі «Блёк Юліі Цімашэнкі-Бацькаўшчына».

У аўторак увечары каля Ўкраінскага дому ўжо адбыліся сутыкненьні паміж праціўнікамі закону і спэцаддзеламі міліцыі.

Згодна з законам аб моўнай палітыцы, расейская мова атрымае статус рэгіянальнай у 13 з 27 абласьцей Украіны. Гаворка ідзе ў асноўным аб расейскамоўных усходніх і паўднёвых абласьцях, дзе пражываюць пераважна выбаршчыкі кіруючай Партыі рэгіёнаў.

3 ліпеня Вярхоўная Рада галасамі 248 дэпутацкіх картак прыняла закон «Аб асновах дзяржаўнай моўнай палітыкі», які пашырае сфэру прымяненьня расейкай мовы. Апазыцыя заяўляе, што закон быў прыняты зь вялікай колькасьцю парушэньняў, а, магчыма, яго прыняцьце наогул сфальшаванае.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG