Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працэс Забабуры: спрэчкі экспэртаў

абноўлена

Андрэй Забабура
Андрэй Забабура

Суд Фрунзэнскага раёну Менску працягвае разглядаць справу Андрэя Забабуры, кіроўцы «Поршэ Каен», які насьмерць зьбіў 9-гадовага школьніка каля СШ № 23. Жывы рэпартаж з судовае залі.

16:40 Перапынак да 10:00 13 лютага.

15:28 Працэс аднавіўся. Запрасілі супрацоўніка ДАІ, але ён не заходзіць.

Суд прапануе пацярпеламу боку выказацца адносна пакараньня і заяўленьня прэтэнзіяў.

Алена Грудзьева просіць даць ёй магчымасьць выказацца ў спрэчках.

Пракурор просіць агаласіць пэўныя матэрыялы, дзе ёсьць разыходжаньні ў паказаньнях абвінавачанага.

Пракурор Ірына Лапцэвіч зачытвае тыя паказаньні. Але зноў ціха і неразборліва.

На допыце Забабура кажа пра дрэннае асьвятленьне двара школы, дае тлумачэьні пра сутыкненьне з хлопчыкам, што не адчуў сутыкненьня. Таксама кажа пра знак, прызнае, што бачыў знак. «Я не праігнараваў знак, я ехаў, бо падвозіў майго сына на заняткі сэкцыі каратэ», — тлумачыць Забабура

«Убачыў сілуэт, што гэта быў дзіцёнак, асэнсаваў пазьней, калі ўбачыў сілуэт, да яго было не больш мэтра».

Пракурор: Вы казалі на допыце ў судзе, што ехалі да школы праз стаянку. Але на допыце ў сьледчага вы пра гэта не казалі. Як патлумачыце?

Забубура: Тады не пыталіся пра гэта, да таго ж у мяне быў стан афекту і я ня ўсё памятаў. Сьледчы не цікавіўся маршрутам маім.

Забабура паўтарыў, што правільныя паказаньі ў судзе — што ён заехаў да школы праз паркоўку. ці бачыў знак, не памятае. Не так часта там езьдзеў, каб запамінаць.

Пракурор зачытвае паказаньні, якія Забабура даваў сьледчым:

— Ці бачылі вы знак?
— Так, бачыў.
— Чаму вы праігнаравалі знак?
— Я не праігнараваў, я вёз сына.

Забабура пытаецца: а ў чым тут супярэчнасьці?

Пракурор: У тым, што тады вы не адмаўлялі, што ехалі пад знак.

Суд зрабіў заўвагу абвінавачанаму, што той перапыняў пракурора і не адказваў на пытаньні пэўна.

Адвакат Папкоўскі: Якімі маршрутамі можа праехаць да месца здарэньня?

Забабура: Двума: пад знак і праз стаянку. Тады я не надаваў значэньня знаку.

Прадстаўніца пацярпелых: там быў знак, куды вы заехалі? — Магчыма.

Забабура кажа, што ня толькі бацькі, але і настаўнікі ставілі свае аўтамабілі каля школы і ехалі туды праз стаянку.

Пракурор зачытвае пратакол допыту ад 22 лістапада.

Тады Забабура таксама сказаў, што ведаў пра знак «рух забаронены», але кіраваўся тым, што падвозіў сына да і ад школы. Пасьля трэніроўкі той мог прастудзіцца

Цяпер ён пацьвердзіў, што даваў такія паказаньні.

Пракурор: Вы раней казалі, што чулі, як хлопчык ударыўся аб аўто, а ў судзе кажаце, што ня чулі?

Забабура: Удару ня чуў. На радыятары нават няма драпіны, толькі сьцёрты пыл. Гэта быў сьлізготны ўдар.

Забабура кажа, што званіў жонцы.

На допыце казаў, што званіў, як паехаў ад школы, а ў судзе — што пасьля ДТЗ. Цяпер кажа, што пасьля ДТЗ.

У судзе агалошаныя зьвесткі пра ранейшыя парушэньні Забабуры: штрафы за парушэньні правілаў руху, перавышэньне хуткасьці, за тое, што зьехаў зь месца здарэньня.

Адвакат хадайнічае пра новую комплексную экспэртызу і зьмену меры стрыманьня.

Пры гэтым адвакат просіць, каб наступную экспэртызу экспэрт МУС і незалежны экспэрт праводзілі разам.

Пракурор выступіў супраць абодвух хадайніцтваў.

Бок пацярпелых пакінуў на вызначэньне суду пытаньне пра меру стрыманьня, аднак выказаўся супраць новай экспэртызы.


15:20 Экспэрт Канапліцкі ў перапынку паўтарыў свае высновы:
Сама меней трэба 1,3 сэкунды. Але ў Забабуры было толькі 0,3 сэкунды

«Сама меней 0,3 сэкунды трэба было, каб заўважыць, што нехта (у дадзеным выпадку хлопчык) перабягае праз дарогу. 0,24 сэкунды трэба было, каб прыняць рашэньне, потым час на тое, каб затармазіць. Такім чынам, сама меней трэба 1,3 сэкунды. Але ў Забабуры было толькі 0,3 сэкунды».

15:10 Перапынак на 15 хвілінаў.

14:20 Працэс аднавіўся.

Суд апытвае экспэрта крыміналістычнага цэнтру МУС па аўтатэхніцы Леаніда Плескацэвіча.

Ён начальнік аддзелу тэхнічных экспэртызаў.

Ён падтрымлівае ранейшыя высновы экспэртызы.

Плескацэвіч: Мы бралі за аснову тыя дадзеныя, якія нам указвалі сьледчыя, дадзеныя сьледчага экспэрымэнту. Саму мэтоду экспэрымэнту мы не аспрэчвалі.

Паводле гэтага экспэрта, выпадак быў адназначны, дадатковых разьлікаў не патрабаваў. Зыходных дадзеных для вырашэньня пастаўленых пытаньняў хапала.

Прадстаўніца пацярпелых: патлумачце дзеяньне знаку, які быў там усталяваны — «Абмежаваны рух». Тое месца — гэта дарога?

Экспэрт: Паводле правілаў гэта дарога, бо аўтамабілі там рухаліся і маглі рухацца. На гэтай дарозе кіроўца мусіў кіравацца правіламі дарожнага руху.
Экспэрт вызначыў, што часу, каб спыніцца і прадухіліць ДТЗ, у Забабуры хапала. Ён прызнаў, што тая сытуацыя ня мела яўных прыкмет узьнікненьня прычынаў ДТЗ. Але там, паводле экспэрта, патрабавалася павышаная ўвага, бо вакол былі дзеці. Таму пры вызначэньні часу на рэакцыю ўлічваліся мінімальныя значэньні — гэтак паводле мэтадычных указаньняў.

Адвакат: Знаку «Дзеці» там не было.

Адвакат: Вы кажаце, што дзіцёнак быў відаць за 3 сэкунды да ДТЗ. Але аказалася, што дадзеныя пра месца здарэньня недакладныя. Вы маглі б даць заключэньне і пабудаваць новую мадэль падзеяў з улікам усіх іншых дадзеных? У тым ліку ўлічваючы час у 0,3 сэкунды?

Адвакат прапануе гэтаму экспэрту зрабіць мадэляваньне сытуацыі разам зь незалежным экспэртам.

Плескацэвіч не дае пэўнага адказу. Пытаецца пра дадзеныя.

Паводле яго, супярэчлівасьць дадзеных сьледчых можна было б выправіць, калі б была інфармацыя ўдзельнікаў падзеяў. Экспэрт пакуль ня бачыць неабходнасьці ў такім мадэляваньні. «Калі суд даручыць...»

Суд: Ці можна зараз выявіць і выправіць памылкі?

Плескацэвіч: Экспэртызы праводзяць і празь некалькі гадоў. Калі суд паставіць пад сумнеў зыходныя дадзеныя, то ўсё магчыма. Але пакуль у мяне няма дадзеных, якія б дазвалялі мне засумнявацца.

Зазабура: Вы сказалі, што экспэрымэнт павінен быць максымальна набліжаны. У вас ня ўзьнікла сумневу ў дадзеных, якія вам далі?

Плескацэвіч: Тое, што мне далі, — не.

Забабура: На падставе якіх дадзеных вы вырашылі, што за 3 сэкунды я мог прадухіліць ДТЗ?

Плескацэвіч спасылаецца на свае вынікі. Зыходныя дадзеныя ён палічыў годнымі веры.

Незалежны экспэрт Канапліцкі таксама задае пытаньні. Плескацэвіч не адказвае на пытаньне Канапліцкага: то была дарога ці не? Плескацэвіч кажа, што гэта не было аб’ектам дасьледаваньня.

Далей пачынаюцца спрэчкі экспэртаў пра каэфіцыэнт тармажэньня для розных аўтамабіляў, пра час рэакцыі.

Плесацэвіч зьвяртаецца да мэтадычных рэкамэндацыяў. Канапліцкі выкладае сваё меркаваньне. Ён пытаецца, ці ўлічваеце вы тое, што патрэбны час на апазнаньне, на вырашэньне?

Прадстаўніца пацярпелых хадайнічае пра тое, каб экспэрта Плескацэвіча азнаёмілі з высновамі, якія зрабіў незалежны экспэрт Канапліцкі.

Суд пытаецца: маглі б вы да заўтра азнаёміцца? Плескацэвіч ня бачыць у гэтым неабходнасьці. «Навошта нам уступаць у дыскусію? Мы і так часта сустракаемся і размаўляем».

Плескацэвіч: Калі будзе прызначана паўторная экспэртыза, тады я згодны.

Суд вырашыў на гэтай стадыі адхіліць хадайніцтва.


Далей абвінавачаны хадайнічае аб тым, каб экспэрт вывучыў мэтодыку правядзеньня сьледчага экспэрымэнту і даў сваё заключэньне.

Суд удакладняе, як гэта можна зрабіць: экспэртызу ў судзе ці комплексную экспэртызу?

Адвакат тлумачыць: мы маем права выказацца аб прызначэньні комплекснай экспэртызы, дзе будзе ацэньвацца і мэтодыка экспэрымэнту.


12:57 Перапынак да 14:00.

12:40 У судзе пачынаюць допыт сьведкі Фаміной.

Прывезла знаёмага на бацькоўскі сход. Чакала ў аўтамабілі «БМВ». Размаўляла па тэлефоне і бачыла, што едзе чорны аўтамабіль, ехаў ня хутка, раптам імгненна спыніўся. Выйшаў кіроўца, і я пачула крык мужчынскі. Дзеці да таго бясконца бегалі сюды-туды цераз дарогу, і я падумала, што кіроўца на іх лаецца, што яны бегалі цераз дарогу. Але потым я пачула плач, выйшла з аўтамабіля і пайшла да школы бліжэй. Убачыла, што хлопчык ляжыць на тратуары. Кіроўца стаяў побач і крычаў «Чаму?! Як?!» У яго быў шок.
Калі ўсё здарылася і я пайшла да месца здарэньня, то ішла зусім навобмацак — настолькі там было цёмна

Фаміна: Сам наезд на дзіцёнка я ня бачыла. Ня бачыла, каб хлопчык выскачыў і яго ўдарыла. Там было цёмна. Калі ўсё здарылася і я пайшла да месца здарэньня, то ішла зусім навобмацак — настолькі там было цёмна. Я ўключыла ліхтарык. Я яшчэ сядзела і думала, што, здаецца, бацькоўскі сход, але чаму ня ўключана сьвятло каля школы?! Дзеці лёталі сюды-туды, і было цёмна.

Сьведка прысутнічала на сьледчым экспэрымэнце. Паводле яе, падзеі рэканструяваліся дакладна.

Адвакат Папкоўскі: Ці можаце вы апісаць дзеяньні дзяцей пасьля здарэньня?

Фаміна: Не, я на іх ужо не глядзела.

Экспэрт Канапліцкі: Ці ў вашай прысутнасьці замяралі памеры аўтамабіляў на экспэрымэнце?

Фаміна: Так. Пры мне.

Суд зрабіў заўвагу экспэрту, што той у пытаньні выказвае меркаваньне.

Сьведка ўдакладняе, што адлегласьці паміж аўтамабілямі на экспэрымэнце вызначаліся прыблізна.

10:55 Запрашаюць незалежнага экспэрта Аляксандра Канапліцкага.

У яго пасьведчаньне экспэрта ад Мін’юсту.

У яго ёсьць ліцэнзія экспэрта-аўтатэхніка. Таксама ён навучаўся па курсе судовай экспэртызы. Паводле адукацыі ён інжынэр-мэханік. Усе гэтыя ўдакладненьні рабіла прадстаўніца пацярпелых Ксенія Кобаса. Яна запярэчыла таму, каб быў выслуханы гэты экспэрт, з той прычыны, што экспэрт не праходзіў курсаў падвышэньня кваліфікацыі.
Ксенія Кобаса пра сваю пазыцыю ў судзе
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:40 0:00
Наўпроставы лінк

Адвакат Папкоўскі спрачаецца з гэтым і апэлюе да дзяржаўнай ліцэнзіі, якая ёсьць у экспэрта Канапліцкага. Той кажа суду, што няма ніякіх зьвестак пра тое, што ягоная ліцэнзія спынена. Тыдзень таму ён выступаў у судзе. У выніку суд вырашыў выслухаць меркаваньне Канапліцкага.

Адвакат Папкоўскі ўдакладняе: вы працуеце шмат гадоў па пытаньнях ДТП, а кім вы працавалі яшчэ ў гэтым кірунку?

Экспэрт кажа, што працаваў больш за 10 гадоў сьледчым па ДТП, працаваў раней і супрацоўнікам ДАІ.

Заключэньне гэтага спэцыяліста зробленае ў лютым 2013 году. Адвакат зачытвае высновы Канапліцкага. Заключэньне, як выглядае з залі, — каля 20 старонак.

Паводле экспэрта, агляд месца здарэньня, які зрабілі супрацоўнікі ДАІ, быў праведзены «неналежным чынам». Таксама недакладна пададзеныя зьвесткі пра месцазнаходжаньне розных аўто. Яны не адпавядаюць тэхнічным характарыстыкам, і таму месца здарэньня апісана недакладна.

Паводле экспэрта, Забабура ехаў па дарозе і ягоныя дзеяньні не супярэчылі правілам.

Экспэрт мяркуе, што здарэньне адбылося на дарозе, а не на праезьдзе па прылеглай тэрыторыі.
Экспэрт спасылаецца на тое, што правілы дарожнага руху ад 2006 году не распаўсюджваюцца на прылеглыя тэрыторыі, на якой, паводле экспэрта ДАІ, адбылося здарэньне

Экспэрт спасылаецца на тое, што правілы дарожнага руху ад 2006 году не распаўсюджваюцца на прылеглыя тэрыторыі, на якой, паводле экспэрта ДАІ, адбылося здарэньне. Экспэрт Канапліцкі называе гэтую сытуацыю прававым казусам.

Экспэрт ставіць перад сабой задачу высьветліць, ці мог кіроўца прадухіліць здарэньне. Прыводзяцца адлегласьці паміж усімі ўдзельнікамі сытуацыі. Улічваюцца паказаньні сьведкі Яраслава Шалковіча пра тое, што «Грудзьеў рухаўся хаатычна». Цытуюцца іншыя сьведчаньні. Аўто рухалася з хуткасьцю 18 км на гадзіну. Паведамляецца, хто як рухаўся, зь якой хуткасьцю.

Паводле экспэрта, некаторыя паказаньні супярэчаць адно аднаму. Экспэрт робіць выснову. што немагчыма высьветліць дакладна, як што было ў той момант.

Толькі за 0,2 сэкунды да ДТЗ мог бачыць пацярпелага кіроўца Забабура, вынікае з паказаньняў аднаго са сьведак, мяркуе экспэрт.

Паводле другога сьведкі, як разьлічыў экспэрт, Забабура мог бы бачыць пацярпелага цягам 0,3 сэкунды.

Паводле сьведкі Мілашэўскага — да 0,3 сэкунды, мяркуе экспэрт.

Таксама экспэрт кажа, што пры гэтых падліках магчымыя дапушчэньні: «Толькі паводле некаторых меркаваньняў Забабура мог цягам 0,3 сэкунды бачыць аб’ект, які рухаецца. Яшчэ 0,3 сэкунды трэба чалавеку, каб павярнуць вочы і пазнаць аб’ект. Перавод позірку ў пэрыфэрыйную зону патрабуе ад 0,3 да 0,5 сэкунды».

Гэтага часу ў Забабуры не было, і ён ня меў магчымасьці прадухіліць здарэньне, мяркуе экспэрт.

Пра знакі, якія былі ўсталяваныя. 3.2 — «Рух забаронены» і «Стаянка забароненая». Знак «Рух забаронены» не распаўсюджваецца на некаторыя транспартныя сродкі. Гэты знак не забараняе рух цалкам, а толькі абмяжоўвае яго ў залежнасьці ад ведамаснай прыналежнасьці ці месца працы і жыхарства. Экспэрт лічыць, што гэты знак не адпавядае сваёй функцыі.

Паводле экспэртнага заключэньня, немагчыма высьветліць, ці парушаў кіроўца знак «Рух забаронены», бо немагчыма вызначыць тэрыторыю, на якой ён дзейнічае.

Суд задае ўдакладняльныя пытаньні экспэрту, у тым ліку — пра дакумэнты, якія экспэрт вывучаў і выкарыстоўваў.

Суд: ці можна аўтамабіль прыватнай асобы лічыць «спэцтранспартам»?

Экспэрт тлумачыць, што зона знаку «рух забаронены» ня вызначаная дакладна, і гэта часта супярэчыць іншым знакам. Экспэрт паўтарае, што каля школы няма агароджы і не было ўказальнікаў, што праезд — гэта тэрыторыя школы. Панятку «мясцовы праезд» няма, ёсьць ці заезд, ці дарога. «Нават цяпер, калі я еду там праз стаянку, то гэтага знаку я не парушаю». Экспэрт даводзіць, што Забабура ня ехаў пад знак «рух забаронены», а павярнуў да яго.

Экспэрт: Зона дзеяньня знаку 3.2 «Рух забаронены» ня вызначаная ўвогуле.

Прылеглыя тэрыторыі не ўваходзяць у склад дарогі, і таму правілы дарожнага руху на іх не распаўсюджваюцца, кажа экспэрт.

Прадстаўніца пацярпелых: а наколькі вы ўпэўненыя, што кіроўца ехаў праз стаянку, калі заяжджаў да школы?

Экспэрт: Ня ўпэўнены, і я на гэта ўказаў. Калі ён ехаў наўпрост да школы, то мінаў знак і парушаў. Калі ён ехаў праз стаянку, то не парушаў.
Як можна замяраць памер машыны і памыліцца на 0,5 мэтра?

Экспэрт кажа: я не даю ацэнку экспэртызе ДАІ, а толькі ўказваю на памылкі. Як можна замяраць памер машыны і памыліцца на 0,5 мэтра? Паводле тэхнічных парамэтраў машына на 30 см вышэйшая, чым пазначана ў пратаколе, а значыць, немагчыма было бачыць хлопчыка. Экспэрты памыліліся з памерам колавай базы, і ў выніку аказалася іншая карціна сытуацыі.

Адвакат Папкоўскі: Паводле экспэрымэнту ДАІ, для апазнаньня аб’екту ў кіроўцы было 3 сэкунды. Экспэрт кажа, што небясьпеку кіроўца мусіць найперш вызначаць па ходу руху — гледзячы наперад. Калі ён бачыць нешта збоку, то трэба яшчэ дадатковы час, каб вызначыць, што гэта.

Папкоўскі: Паводле вашых разьлікаў, было толькі 0,3 сэкунды, каб убачыць і вызначыць. Экспэрымэнт быў карэктны, як вы мяркуеце?

Экспэрт
: Не, паводле той схемы аўто стаялі ня так, як было, таму што была няўлічаная колавая база. «Цэлы мэтар недакладна ўказаны, і я гарантую, што калі паставіць аўто па тых памерах, якія ўказаныя, яны ня стануць».

Экспэрт: Было там 4 хлопчыкі. Усе яны паказваюць траекторыі руху, якія супярэчаць адна адной. Я карыстаўся дадзенымі сьледчага экспэрымэнту, дзе была пазначаная хуткасьць, месцы. У гэтым я давяраў экспэртызе.

Паводле экспэрта, кіроўцу трэба ня меней за 0,3 сэкунды, каб асэнсаваць, калі ён бачыць наперадзе перашкоду. Трэба павярнуць галаву, разгледзець у цемры, вырашыць — што там мільганула. 3 сэкунд у Забабуры не было. Як лічаць афіцыйныя экспэрты, у яго было ня болей за 0,3 сэкунды, і таму немагчыма было за гэты час зрэагаваць, мяркуе экспэрт.

Адвакат спасылаецца на афіцыйную мэтадычку, у якой сьцьвярджаецца, што час рэакцыі кіроўцы — ад 0,6 да 1,5 сэкунды.

Адвакат: Вы лічыце, можна было гэта браць за аснову?

Экспэрт: Яны ўзялі мінімум, але ці ўлічылі абставіны? Цёмны час, аб’ект знаходзіцца збоку. 0,6 сэкунды — гэта час, калі кіроўца прымае рашэньне, а ў тых умовах яшчэ трэба было ўбачыць, вызначыць небясьпеку і прыняць рашэньне. Для гэтага трэба больш часу, чым 0,6 сэкунды.

Суд: Ён едзе і бачыць знак, там ён не жыве і не працуе, можа ехаць?

Экспэрт: Ня можа.

Суд: І ўсё ж едзе, бачыць справа дзіцёнка, які стаіць (Мацьвея Мілашэўскага, за якім бег Улад Грудзьеў). Якія ягоныя дзеяньні?

Экспэрт: Едзе і мусіць зрабіць захады, каб пазьбегнуць здарэньня. Але ён мусіць рабіць захады, калі бачыць небясьпеку. А наперадзе яе не было, і ён ехаў. Калі чалавека ня бачна, то за 0,3 сэкунды немагчыма апазнаць і прыняць нейкія рашэньні.

Пракурор: А ці павінен кіроўца ўзмацніць увагу? Вось ён убачыў хлопчыка, які стаяў збоку...

Экспэрт: Павінен.

Пракурор: А што гэта значыць?

Экспэрт: Кіроўца павінен ехаць наперад. Калі машына едзе па дарозе, кіроўца не павінен спыняцца насупраць кожнага пешахода на тратуары.

Прадстаўніца пацярпелых: Чаму ў сваёй вэрсіі так шмат увагі вы аддаяце мэдычным фактарам, за які час можна ўбачыць?

Экспэрт: Я спасылаюся толькі на той час, які самі сьведкі кажуць (...) Ня я прыдумаў дарожныя правілы. Ёсьць панятак «дарога», а ёсьць панятак «прылеглая тэрыторыя». У правілах ёсьць дакладнае вызначэньне, што такое дарога. А з 2006 году ў новых правілах — правілы дзейнічаюць толькі на дарогах. А ёсьць панятак «прылеглая тэрыторыя». Панятку «мясцовы праезд» не існуе.

Суд: Значыць, там ня трэба і правілы ўжываць?

Экспэрт: Фармальна так. Я не вінаваты ў тым, што з 1 лютага 2006 году дзеяньне правілаў дарожнага руху на прылеглых тэрыторыях спынілі.

Прадстаўніца пацярпелых прапанавала спыніць гэтую дыскусію, бо «экспэрт тлумачыць правілы, як хоча».

Адвакат: Але экспэрт Канапліцкі прыводзіць пэўныя цытаты з правілаў, ён іх не трактуе.

Экспэрт: У пратаколе агляду ДТЗ дакладна напісана, што ДТЗ адбылося на прылеглай тэрыторыі. Таму трэба вызначыцца, гэта была дарога ці прылеглая тэрыторыя. Бо з пункту гледжаньня правілаў ад 2006 году, калі гэта была прылеглая тэрыторыя, то там ня дзейнічаюць правілы дарожнага руху. Таму гэта супярэчыць абвінавачаньню, якое выстаўленае Забабуру.


10:40 Выклікаюць судмэдэкспэрта — Вяслоў Канстанцін.

Ён рабіў адну з экспэртызаў — кантакту цела загіблага з аўтамабілем.

Судзьдзя зачытвае тэкст экспэртызы, але гэтак хутка і нягучна, што ў залі нічога не разабраць.

Экспэрт цалкам падтрымаў тыя высновы, якія ён зрабіў раней.

Цялесныя пашкоджаньні ў Грудзьева ад розных фактараў, розных сілаў з розных кірункаў. Гэтыя пашкоджаньні не маглі быць ад дапамогі, якую хлопчыку аказвалі пасьля здарэньня. Толькі ад удару аўтамабіля.

Адвакат: Ці праўда, па-вашаму, што Ўлад сутыкнуўся з аўто правым бокам?

Вяслоў: Так.

Адвакат Папкоўскі: Ці можна было зрабіць выснову пра тое, ці быў хлопчык строга вэртыкальна ці нахілены ў момант сутыкненьня з той інфармацыі, якой вы валодалі?

Вяслоў: Можна зрабіць выснову, што хлопчык быў на нагах, а ў якой позе, нахілены больш ці не, сказаць немагчыма.

10.40 Суд зачытвае паказаньні сьведкі Крымянецкага, які знаходзіцца ў доўгатэрміновай камандзіроўцы. Дачка гэтага сьведкі вучыцца ў школе.

13 лістапада ён быў у школе на бацькоўскім сходзе.

Ён каля школы пачуў, што было здарэньне і хлопчыка задушыла аўто.

Сьведка ўбачыў чорны аўтамабіль «Поршэ каен», побач было цела хлопчыка.

Цытата з паказаньня: «Я пачаў аказваць мэдычную дапамогу хлопчыку. Побач быў вадзіцель гэтага аўто. У двары школы было шмат прыпаркаваных аўтамабіляў».


10:22 Наступны сьведка — Яраслаў Шалковіч, вучань 3"Е" клясы 23 школы.

Як і ўчора ў першай палове дня, абвінавачаны Андрэй Забабура выслухвае ўсе паказаньні стоячы. Ён зьмяніў кашулю на чорную.

Шалковіч пералічыў хлопчыкаў, зь якімі гуляў у «даганялкі». Усяго іх было 5-6 чалавек. Хавацца ў гэтай гульні ня трэба, толькі даганяць. Улад даганяў, але каго, сьведка ня памятае. Памятае, як ён пабег з Андрэем і яшчэ хлопчыкам у бок школы. І яны убачылі, як Улад перабягае дарогу.

Выехала машына, вялікая, чорная. Тады было сутыкненьне. Машына выехала справа ад яго, ударыла яго пярэднім бокам. Пасьля гэтага яны ўсе разьбегліся. Улад бег проста, не хаваўся. Сьвятла там было мала. У школе сьвяціліся вокны 5 і 6 паверхаў.

Прадстаўнік пацярпелых: А хто першы зьявіўся на дарозе, Улад ці машына?

Шалковіч: Здаецца , Улад.

А каго вы ўбачылі першым?

Шалковіч: Абодвух.

Адвакат Папкоўскі: На экспэртызе ты паказаў, што Ўлад рухаўся хаатычна, у розныя бакі. Такое было?

Шалковіч: Было.

Адвакат: А зь якога месца ён пабег праз дарогу?

Шалковіч: Ужо каля аўтамабіля.

Адвакат: Яшчэ пыталіся пра хуткасьць аўто і хуткасьць бега, гэта было правільна?

Шалковіч: Пра аўто не разьбіраюся. А пра хуткасьць Улада — ён бег хутка.

Адвакат просіць агалосіць некалькі радкоў паказанняў Шалковіча ў матэрыялах справы. Суд дазваляе.

Адвакат зачытвае, што «Шалковіч зьвярнуў увагу на бягучага Грудзьева... пра хаатычныя рухі перад бардзюрным каменем, перад тым, як высачыць на дарогу».

Яраслаў гэта пацьвердзіў. Допыт сьведкі закончаны.

10:10 Першы сьведка — Раман Казак, аднаклясьнік Улада Грудзьева.

Казак распавядае, што звычайна ў 2-ую зьмену яны вучацца да 6-й вечара. Гэтак было і 13 лістапада. Пасьля заняткаў яны выйшлі і пачалі гуляць у «даганялкі». Пералічыў хлопчыкаў, зь якімі гуляў. Грудзьеў Улад, паводле сьведкі, даганяў. Падбег да дарогі і потым яго зьбіла машына. Гэта сьведка бачыў.

«Ён забег на дарогу і яго зьбіла вялікая машына (...) Бег роўна, не хаваўся, не нахіляўся. (..) Машына закранула яго бокам, правым (..) Улад бег бокам, машына ехала проста. Машына выехала і Ўлад пабег, ён машыну не заўважыў», — заявіў Казак.

«Гуляем гэтак ня часта. Людзей тады было ў двары ня шмат. Гулялі шумна, крычалі. Там было бачна: ішло сьвятло з вокнаў і быў ліхтар з вуліцы» — аказаў на пытаньні пракурора школьнік.

Пытаньне сьведку задае прадстаўніца пацярпелых. Удакладняе бок, правы ці левы, якім ударыла машына Улада. «Правым». Паводле сьведкі, тым вечарам было аўтамабіляў больш, чым звычайна.

Адвакат абвінавачанага: ты бачыў гэтую машыну да таго моманту, як яна наехала на Ўлада?

Казак: Бачыў. Заўважыў яе, бо там быў прасьвет паміж аўто.

Адвакат: Падчас экспэрымэнту ўсё было правільна?

Казак: Так.

Адвакат: А аўтамабіль ехаў хутчэй як на экспэрымэнце ці не?

Казак блытаецца: хутчэй, а потым цішэй.

Адвакат: Ці вы дамаўляліся перад гульнёй, як трэба гуляць?

Казак: Мы ведалі, што нельга перабягаць дарогу, па якой езьдзілі машыны, але Ўлад туды пабег. Там быў ужо Мацьвей, і ён даганяў яго.

10:05 Працэс пачаўся

9:50 Маці загінулага Алена Грудзьева заявіла напярэдадні другога дня судовага паседжаньня, што не давярае экспэртам, якіх зьбіраюцца запрасіць на працэс з боку падсуднага. «Для мяне галоўнае, што сказала афіцыйная экспэртыза. Што часу было дастаткова, каб затармазіць і прадухіліць наезд на майго сына. Усё астатняе — ня ведаю, як да гэтага ставіцца. Паглядзім, што скажа іх экспэрт. Але я яму не давяраю», — сказала маці загунулага Ўлада Грудзьева карэспандэнту Свабоды.

12 лютага на працэсе ў Фрунзэнскім судзе мусяць выступіць экспэрты, якія рабілі афіцыйную экспэртызу, а таксама супрацоўнік ДАІ і незалежны экспэрт, якога абавязаўся прадставіць бок абвінавачанага.

Адвакат Ігар Папкоўскі напярэдадні даводзіў суду, што паводле высноваў незалежнага экспэрта, абвінавачаны Андрэй Забабура ня мог пасьпець затармазіць, каб ня зьбіць Улада Грудзьева, калі той перабягаў праезд у школьным двары перад ягоным аўтамабілем.

Судзьдзя — Юлія Блізьнюк.

37-гадовага Забабуру вінавацяць паводле крымінальнага артыкулу «парушэньне правілаў дарожнага руху або эксплуатацыі транспартных сродкаў, што пацягнула па неасьцярожнасьці сьмерць чалавека». Яму пагражае да пяці гадоў пазбаўленьня волі.

Кіроўца «Поршэ Каен»: Я вінаваты толькі маральна
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG