Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіроўца «Поршэ Каен»: Я вінаваты толькі маральна


Андрэй Забабура

Андрэй Забабура

Суд Фрунзэнскага раёну Менску пачынае разглядаць справу супраць кіроўцы «Поршэ Каен», які насьмерць зьбіў 9-гадовага школьніка каля СШ № 23.

16.15 Перапынак да заўтра да 10.00

16.13 Суд пастанівіў выклікаць у суд экспэртаў-аўтатэхнікаў і адмысдоўцу, якога просіць абарона падсуднага.

16.00 Зачытвае экспэртызу агляду цела хлопчыка, які загінуў. Шмат мэдычных і анатамічных тэрмінаў . Гаворка пра тое, што цела хлопчыка аўтамабіль пераехаў і ён памёр на месцы.

Экспэртыза ўсталявала таксама, што да наезду хлопчык быў зьбіты ў вэртыкальным становішча. Есьць сьляды на назе пацярпелага. Бок абвінавачанага вынікі экспэртызы не аспрэчвае.


15.50 Высновы наступнай зачытанай судова-мэдычнай экспэртызы загіблага хлопчыка абарона падсуднага не аспрэчвае.

15.45 Заключэньне апошняе, якое даў экспэрт Далідовіч, абарона аспрэчвае. У заключэньні сказана, што ўбачыць дзіця можна было за 3 сэкунды да таго, як ён апынуўся на дарозе, і таму кіроўца нібыта мог убачыць дзіця да наезду. Але, кажа адвакат, гэтыя зьвесткі ўзятыя з іншага экспэрымэнту, ранейшага, дзе «дэманстратар адмыслова рабіў рухі нагамі і рукамі». Гэта некарэктны экспэрымэнт, лічыць адвакат.

Таму адвакат просіць выклікаць ў суд іншага, незалежнага экспэрта Канапліцкага, як і экспэртаў Далідовіча і Пліскачэвіча, якія праводзілі афіцыйную экспэртызу. Каб яны далі тлумачэньні ў судзе і патлумачылі пытаньні, якія адвакат лічыць спрэчнымі.

14.45 Працягваюць вывучаць матэрыялы справы. Пратакол агляду аўтамабіля "Поршэ Каен". Тлумачэньні падсуднага пасьля здарэньня. Што ён рухаўся з хуткасьцю не больш за 10 км/г. З-за недарожніка зьлева ад мяне выскачыў дзіцёнак. Я затармазіў, але дзіцёнак ударыўся аб пярэднюю левую фару, яго зацягнула пад пярэдняе кола. Я дастаў дзіцёнка. Людзі вакол выклікалі хуткую дапамогу.

Зачытвае характарыстыку на падсуднага. Станоўчая. Зарэкамэндаваў сябе са станоўчага боку... Прымае актыўны ўдзел ў жыцьці прадпрыемства, тактычны...

У матэрыялах справы ёсьць зьвесткі, што абвінавачаны раней прыцягваўся да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасьці.

Дакумэнты, якія сьведчаць, што адміністрацыя школы зьвярталася ў розныя інстанцыі, каб агарадзілі школу і ўсталявалі шлягбаум.

Заключэньне экспэртаў. Зьвесткі пра тое, што тармазы спраўныя. Абарона абвінавачанага гэта не аспрэчыла. Адвакат абвінавачанага на адрас пракурора кажа, што нічога не чуваць, што яна кажа.

Замеры на сьледчым экспэрымэнце...Кантрольныя кропкі...праежджая частка...Бачны хлопчык ў поўны рост...Можна было ўбачыць...

14.25 Працягваецца допыт. Сьведка Курсевіч Натальля, намесьнік дырэктара СШ 23.

Прадстаўнік пацярпелых: як арганізавана тэрыторыя школы?

Завуч: Ёсьць праект, паводле якога будынак школы і тэрыторыя школы пазначаны. Месца, дзе адбылося здарэньне, уваходзіць ў тэрыторыю школу. Дарога да школы — ёй карыстаюцца для падвозу харчоў дзецям ў сталоўку, хуткая дапамога ды для іншых патрэбаў. Гэты праезд не для падвозу дзяцей бацькамі. Вонкава бачна, што гэта тэрыторыя школы, там да ДТЗ быў адзін знак «Рух забаронены». Каб патрапіць на паркоўку, трэба праехаць міма знака, яго не заўважыць немагчыма.

Прадстаўнік пацярпелых: Ці рабіла што адміністрацыя, каб не езьдзілі там бацькі?

Завуч: Так. Мы шмат разоў накіроўвалі лісты, каб там усталявалі шлягбаўм і «штучную няроўнасьць», нам адказвалі, што няма сродкаў. ДАІ казала, што калі ёсьць знак, то «сьпячы паліцэйскі» непатрэбны. Мы і з бацькамі працавалі, рабілі ўласныя заўвагі, вывешвалі аб’явы. Нам казалі бацькі, што гэта не ваша прыватная ўласнасьць і вы не маеце права нас абмяжоўваць. Таксама тлумачылі дзецям. Раз на месяц у кожнай клясе заняткі пра гэта. Асабіста яна загіблага не ведала.

Адвакат: вы непасрэдна да абвінавачанага зьвярталіся, што нельга тут ставіць аўто.

Завуч: Не памятаю дакладна, у нас шмат дзяцей, не магу сказаць дакладна.

Так, тады быў бацькоўскі сход для навучэнцаў малодшых клясаў.

Адвакат: вы маглі тады паставіць дзяжурных?

Завуч: У нас было 2 адміністратары, яны сачылі за парадкам ў школе.

Адвакат: вы меркавалі, што мог быць наезд у двары школы?

Завуч: А хто будзе забясьпечваць бясьпеку ў школе?

Супраць пытаньня адваката падсуднага пярэчыць прадстаўніца пацярпелых. Суд просіць адваката задаваць пытаньні інакш.

Сказала, што супрацоўнікі школы мелі права заяжджаць на тэрыторыю школы.

Адвакат: Ці ёсьць адмысловыя пляцоўкі перад школай для гульняў дзяцей?

Завуч: За школай такая ёсьць.

Адвакат: Ці было вам вядома, што кожны дзень перад школай гуляюць малыя дзеці, а там езьдзяць аўтамабілі?

Завуч: Нам не было пра гэта вядома.

Адвакат: Ці пераконваліся настаўнікі, што дзеці сышлі дамоў?

Завуч: Іх абавязак быў пераканацца. У функцыянальных абавязках няма, каб іх весьці дадому.

Прадстаўніца пацярпелых: а ёсьць на тэрыторыі школы месцы, дзе дзецям нельга знаходзіцца?

Завуч: Такога месца няма. Дзеля таго і тэрыторыя школы, каб яны маглі знаходзіцца дзе заўгодна.

Пра асьвятленьне: да трагедыі быў адзін ліхтар-слуп і ліхтар з даху школы. Зараз вакол школы усё гарыць.

14.20 Паводле інфармацыі журналістаў, маці загінулага хлопчыка кажа, што будзе прасіць суд пра максымальнае пакараньне падсуднага, калі ён не прызнае сябе вінаватым. Гэта 5 гадоў зьняволеньня.

Агалошваюцца матэрыялы справы тома 1.

Прадстаўніца пракуратуры зачытвае дакумэнты. Апісаньне праежджай часткі на месцы здарэньня, знаходжаньне аўтамабіля ад дома 56 па вуліцы Панчанка.


14.15 Працэс аднавіўся.

Прадстаўніца пацярпелых просіць дапытаць намесьніка дырэктара школы № 23, каб тая распавяла пра сытуацыю каля школы і іншыя пытаньні. Абарона абвінавачанага не супраць.

12.30 Перапынак да 14.10




12.20 Допыт пацярпелых. Маці Улада Алена. Распавядае і плача. (Амаль нічога не чуваць) ..Калі яна прыехала на месца, сын ужо быў мёртвы...Там ужо была міліцыя.

Патрабаваньні кампэнсацыі шкоды будуць заяўленыя пазьней, сказала маці.

Адвакат: ці выявіў абвінавачаны удзел у дапамозе вам ў вашым горы?

Алена: Так, выявіў.

Адвакат: Якога пакараньня вы б жадалі?

Алена: Пакуль не магу сказаць, але потым выкажуся.

Бабуля Ўлада згадала, што ёй пазваніла дачка і сказала, што Ўлада каля школы зьбіла машына. Мы пабеглі з мужам да школы. Там вакол унука былі мэдыкі. Улад не шавяліўся. Я пачала шукаць «чалавека, які забіў майго ўнука». Каля супрацоўнікаў ДАІ стаяў малады чалавек. Я убачыла спакойны твар гэтага чалавека, які сказаў «Я забіў». Я пачала рыдаць.

Судзьдзя: Ці будзеце вы выстаўляць патрабаваньні?

Бабуля: Пакуль не, потым. Гэтаксама і адносна магчымага пакараньня выкажацца пазьней.

Муж бабулі кажа, што дадаць нічога не можа.

Адвакат Папкоўскі: вы зьвярталі ўвагу на тое, што унук затрымліваўся пасьля заняткаў на цэлую гадзіну?

Бабуля: Ён заўсёды затрымліваўся. Бывала званіў, што на двары школьным.


11.50 Працэс аднавіўся. Прапануецца даць паказаньні падсуднаму.

У яго 15 гадоў стаж кіроўцы. Аўтамабіль належыць прыватнаму прадпрыемству, ён яго выкарыстоўвае з 2008 году. Няспраўнасьцяў няма.

Старэйшы сын хадзіў на сэкцыю каратэ, ён яго прывозіў.

Калі праяжджаў міма другога аўтамабіля, убачыў цень. Ударыў па тармазах, удару не чуў, пераезд не чуў. Хлопчыка кола пераехала. Узяў хлопчыка пад галаву і перанёс на тратуар. Прыбеглі людзі, якія мяне адхілілі, пачалі выклікаць хуткую. Я сам хацеў званіць, але ўжо званілі. І я пазваніў жонцы, а потым ў міліцыю.

Школа вельмі дрэна асьвятлялася. У полі майго зроку усё было застаўлена аўтамабілямі. Што гуляюць дзеці, не бачыў. далей бачыў дарослых і некалькі дзяцей. Бегаючых дзяцей не бачыў. Пракурор просіць яшчэ раз распавесьці пра тое, што ён бачыў перад здарэньнем.

Што бачыў цень, як цень зьнік, ён адразу затармазіў і вывярнуў руль управа.

Пракурор: А як тады дзіця апынуўся пад колам вашага аўто?

Андрэй Забабура: Гэта не магу патлумачыць. Гэтага не могуць патлумачыць нават сьледчыя.

Прадстаўніца пацярпелых Ксенія Кобаса: вы сказалі, што бачылі цень. А дзе?

Андрэй Забабура: У раёне левай фары не больш за мэтар ад машыны. Цень ў сьвятле фар.

Прадстаўнік пацярпелых: Вы чулі крыкі іграючых дзяцей?

Андрэй Забабура: Не. Аўтамабіль не дазваляе чуць іншыя гукі. Лічыў, што меў права заехаць пад знак, бо завозіў свайго сына да школы. Зараз разумее, што гэтага рабіць было нельга.

Адвакат: Час, калі бачыў цень, працяглы?

Андрэй Забабура: Імгненьне. Я глядзеў на дарогу і на другога дзіцёнка, які нерухома стаяў каля дрэва справа.

Адвакат: Да таго паміж стаячымі зьлева аўто вы нешта бачылі. Што вас магло насьцярожыць?

Андрэй Забабура: Не, нічога.

Адвакат: А перад школай ёсьць стаянка. Вы ёй карысталіся?

Андрэй Забабура: Так. Некалькі разоў. Але стаянка была занесеная пяском і таму рэдка ёй карысталіся.

Адвакат просіць абвінавачанага намаляваць маршрут свайго шляху з вуліцы Панчанка. Заявіў пра гэта асобнае хадайніцтва. Суд дазволіў.

Абвінавачаны намаляваў і камэнтуе сваю схему.

Адвакат: вы праяжджалі сам знак «Праезд забаронены»?

Андрэй Забабура: Не, я зьвярнуў да яго. Я не задумваўся пра тое, парушаю ці не гэты знак.

Суд далучыў гэтую схему да матэрыялаў справы.

Абвінавачаны паведаміў, што «усё, што здарылася зь ім, ён вельмі цяжка перажывае, калі б мог нешта зьмяніць, ён бы зьмяніў. Ён сустракаўся з мамай Улада Аленай, яму забаранялі гэта зрабіць раней сьледчыя. „Мы з ён пагаварылі. паплакалі. Я аказаў ёй дапамогу. Яна вельмі добры чалавек. І далей я зьбіраюся ёй дапамагаць, бо адчуваю вялікую адказнасьць за тое, што здарылася“. Абвінавачаны дадаў, што па працы займаўся часта дапамогай дзецям і таму яшчэ больш перажываў за тое, што адбылося».

Жонка абвінавачанага знаходзіцца ў адпачынку па догляду за дзіцём. Малодшаму — 2,5 года.


11.25 Перапынак на 15 хвілін.

Адвакат абвінавачанага Ігар Папкоўскі. Прадстаўніца
пацярпелых у перапынку сказала, што ў канцы працэсу яны заявяць сваю пазыцыю — на якім абвінавачаньні яны будуць настойваць.

11.14 Сьведка Фядзюк. Быў каля школы, гуляў з дзецьмі. Яшчэ калі ішоў туды, зьвярнуў увагу на тое, што там хлопчыкі бегалі. Гулялі-гулялі, раптам чую гук калёс і ўдар. Падняўся на насып і чую страшны крык «Не». Падбег і бачу, што дзіця ляжыць на тратуары каля аўтамабіля, аўтамабіль на праежджай частцы. Абвінавачаны быў побач. Стаяў. Не памятаю, што ён рабіў, бо глядзеў на дзіця. Мы пачалі яму аказваць яму нейкую дапамогу, праслухоўваць пульс, але нічога не праслухоўвалася. Было толькі шавяленьне вуснаў. Абвінавачаны быў у дрэнным стане, ён плакаў і пытаўся «за што гэта са мной?». Прыбегла жанчына на месца ДТЗ. Яна спрабавала зрабіць масаж сэрца, штучнае дыханьне. Людзі сталі зьбірацца.

Сьведка кажа, што там было цёмна, менавіта ў гэтым месцы на горцы. Машына стаяла на праежджай частцы. Ён, калі гуляў, чуў увесь час, што на горцы гуляюць дзеці. Ён іх не бачыў, бо быў унізе, але ўвесь час чуў.

Адвакат падсуднага: як стаялі аўто каля школы?

Фядзюк: Яны стаялі шчыльна. Сьведка сказаў, што ён таксама бываў прыяжджаў на тэрыторыю школы на аўто. 90% адсоткаў бацькоў прыяжджалі,- кажа сьведка.


10.55 Другі сьведка Яўген Субат. 9 гадоў. З той жа клясы . Ягоная прадстаўніца — маці Субат Алена.

Згадаў, як пасьля заняткаў пайшлі гуляць на школьны двор. Пералічыў хлопчыкаў, з якімі гуляў. Гульня была ў тым, каб дагнаць і дакрануцца. Было "цемнавата". Машыны стаялі там. Улад пабег каля тратуара праз дарогу да Мацьвея. Мацьвей быў на другім баку. Улада зьбіла машына. Ён бачыў ногі. Калі ўсё адбылося, кіроўца выйшаў і аказваў дапамогу Ўладу. Мы спужаліся і зьбеглі дамоў.

Яўген сказаў, што кожны дзень да таго здарэньня яны гулялі ў гульні каля школы. Не баяліся бегаць праз дарогу. Яны бачылі, што там езьдзяць машыны, але мала — раніцай і ўвечары толькі. Не памятае, каб ім нехта казаў, што там нельга бегаць. Яны лічылі гэтае месца школьнай тэрыторыяй.

Адвакат падсуднага: ты бачыў маршрут, па якім бег Улад?

Яўген кажа, што кепска бачыў Улада, толькі кавалак, як ён дабег да дарогі. Бег даволі хутка. Не хаваўся. Не памятае, якія даваў паказаньні падчас сьледчага экспэрымэнта. Яўген не памятае, як бег Улад праз дарогу: проста ці пад вуглом. На пытаньне судзьдзі Яўген сказаў, што стараўся міліцыянтам распавесьці ўсё, як было.

Яўген сказаў, што дарослыя не рабілі ім заўваг, калі яны там бегалі. На пытаньне падсуднага Яўген сказаў, што глядзеў ці былі машыны на дарозе.

Не памятае, ці крычалі яны падчас гульні. Ён чуў стук і потым тармазы. Маці: «Ён прыбег дамоў увесь белы і казаў, што там нехта патрапіў пад колы, а хто ён і ня ведае».


10.35 Вырашылі спачатку заслухаць непаўнагадовых сьведак. Мацьвей Мілашэўскі. 3 кляса. 2003 г.р. Судзьдзя зьвяртаецца да яго на Вы. Ягоная прадстаўніца — Якімовіч, маці. Хлопчык згадвае дзяцей, якія засталіся пасьля заняткаў і выйшлі з будынку, гулялі ў двары: бегалі, лавілі адзін аднаго і датыкаліся. Каля школы хаваліся, каб не знайшлі. Там было не вельмі сьветла, з дургога паверху сьвяцілі вокны. Хаваліся за слупы, за машыны. Уладзіслаў спачатку убягаў, а потым сам вадзіў. Уладзіслаў убачыў мяне і пабег за мной. І тут машына паехала. Сам моман удару я не бачыў. Калі падыйшоў, убачыў, што ён ляжыць каля задніх колаў і я збег. Калі я стаяў і да мяне бег Улад, я машыну не бачыў. Мы часта гуляем ў такія гульні. Праз гэтую дарогу звычайна машыны амаль не езьдзяць. Мы ўсё ж баяліся там бегаць. Гэтая дарога, мы лічылі, належыць школьнай тэрыторыі.

Згадаў, што звычайна каля гадзіны ў такую гульню гулялі. Каля паўгадзіны гулялі у той дзень. Ніхто з дарослых не сварыў іх за гэта. Заўваг настаўнікі ім не рабілі.

Гэтыю гульню хлопчыкі называлі "зомбі". Адвакат падсуднага параўноўвае гульню з "казакі-разбойнікі" і спрабуе высьветліць асаблівасьці гульні. Мацьвей падняўся — па росту ён такі самы, як і загіблы хлопчык. Мацьвей кажа, што добра запомніў месца, дзе здарылася і пацьвярджае, што на экспэрымэнце было ўсё дакладна.

Андрэй Забабура пытаецца: ты бачыў маю машыну, пакуль не убачыў Улада?

Мацьвеў Мілашэўскі: Не. Ён чуў тупат ног Улада, але на якой адлегласьці не памятае.

Падсудны канстатуе, што хлопчык ня мог чуць тупат ног і не бачыць аўтамабіля.

Мацьвей сказаў, што некаторых дзяцей падвозяць бацькі да школы -- тых, якія жывуць далёка.

10.30 Суд пачынае судовае сьледзтва. Пракурор зачытвае абвінавачаньне. У залі вельмі дрэнна чуваць. Хуткасьць была каля 18 км/г. Але там ехаць кіроўца ня меў права, бо гэта была прылеглая тэрыторыя да школы. Абавязаны быў улічваць, што дзеці непрадказуема могуць перасоўвацца. Не спыніўся. Зрабіў наезд, ад якога чалавек атрымаў траўмы і ад іх памёр.

Выставілі яму абвінавачаньне ў прычыненьні сьмерці па неасьцярожнасьці.

Абвінавачаны прызнаў маральную віну, але ен лічыць, што невінаваты як кіроўца.

10.22 Адвакат: Я зачытаў толькі адзін зварот да гэтага прыстойнага чалавека. Толькі па гэтаму звароту была аказаная матэрыяльная дапамога на 15 мільёнаў. Такіх зваротаў шмат. Адвакат прывёў яшчэ прыклад аб дапамозе на 10 мільёна рублёў, яшчэ на 10 мільёнаў рублёў, яшчэ на 15 мільёнаў. Усяго дапамогі на 105 мільёнаў.

Таксама адвакат хадайнічае аб далучэньні дадзеных незалежных экспэртаў. Адвакат кажа, што агляд месца здарэньня быў зроблены недакладна падчас сьледчай экспэртызы і сьледчага экспэрымэнта.

Адвакат хадайнічае таксама аб выкліканьні адмыслоўцы Канапіцкага у суд. Абаронца пацярпелых кажа, што гэтае пытаньне трэба вырашыць пасьля таго, як будзе вывучана экспэртыза сьледзтва. Суд задаволіў усе хадайніцтвы.

10.20 Забабура Андрэя трымаюць ў клетцы. Ён адмовіўся садзіцца і ўвесь час стаіць. Апрануты ў чорны строй, шэрая кашуля, трымаецца прыстойна.



10.18 Адвакат хадайнічае пра тое, каб далучылі да матэрыялаў справы дакумэнты пра дабрачынную дзейнасьць, якую аказвала фірма, якой кіруе Забабура Андрэй. Адвакат зачытвае звароты бацькоўскай арганізацыі "Сьветлячок" -- бацькі дзяцей-інвалідаў просяць аказаць ім дапамогу.

10.15 У працэсе таксама ўдзельнічае сацыяльны педагог, Аляхновіч. Ёй тлумачаць навошта яна выкліканая. Гэта зьвязана з тым што ў працэсе будуць браць удзел дзеці, якія будуць сьведкамі.

10.12 Апытваюць пацярпелую Алену Грудзьеву, маці загіблага хлопчыка. Таксама бабулю і дзядулю. Іх прызналі пацярпелымі.

10.10 Абвінавачаны, які знаходзіцца ў клетцы, паведаміў пра сябе: ён 1975 года нараджэньня , адукацыя вышэйшая, намесьнік дырэктара прыватнага прадпрыемства і дырэктар другога прыватнага прадпрыемства. Мае двух дзяцей.

10.08 Суд пачаўся. Забаранілі здымаць - гэтак вырашыў суд, прычым абвінавачаны быў не супраць. Пракурор спаслаўся на тое, што ў справе ўдзельнічаюць дзеці.

На працэсе каля 20 наведнікаў і журналістаў.

9.45 Стала вядома прозьвішча абвінавачанага — Андрэй Забабура.

Судзьдзя Юлія Блізьнюк.


37-гадовага кіроўцу, імя якога невядома, вінавацяць паводле крымінальнага артыкулу «парушэньне правілаў дарожнага руху або эксплуатацыі транспартных сродкаў, што пацягнула па неасьцярожнасьці сьмерць чалавека».

Яму пагражае да пяці гадоў пазбаўленьня волі.

Да суду кіроўца знаходзіцца пад вартай — хоць неаднаразова пісаў хадайніцтва, каб яго выпусьцілі зь СІЗА.

Розгалас

Пасьля сьмерці 3-клясьніка ў адстаўку падалі намесьнік начальніка менскай Дзяржаўтаінспэкцыі Канстанцін Страх і начальнік ДАІ Фрунзэнскага раёну сталіцы Юры Жыхараў.

Сваіх пасадаў таксама пазбавіліся старшыня камітэту па адукацыі Менгарвыканкаму Ўладзімер Шчэрба і начальнік упраўленьня адукацыі Фрунзэнскага раёну Станіслаў Койпаш.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG