Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэскім прэзыдэнтам стане сябар альбо Міхалевіча, альбо Статкевіча


Мілаш Зэман (зьлева) і Карэл Шварцэнберг (справа)
Мілаш Зэман (зьлева) і Карэл Шварцэнберг (справа)

У Чэхіі праходзіць другі тур галасаваньня на першых наўпроставых выбарах прэзыдэнта краіны. У другі тур выйшлі два кандыдаты: былы прэм'ер-міністар краіны і лідэр левацэнтрысцкай партыі Мілаш Зэман і міністар замежных справаў, дысыдэнт і блізкі паплечнік першага чэскага прэзыдэнта Вацлава Гаўла Карэл Шварцэнбэрг.

Былы прэм'ер, эканаміст па адукацыі Мілаш Зэман выйшаў у лідэры першага туру галасаваньня на першых у гісторыі Чэхіі наўпроставых выбарах прэзыдэнта, якія адбываліся два тыдні таму. Насуперак прагнозам сацыёлягаў, і, здаецца, нечакана нават для яго самога, другое месца заняў міністар замежных спраў Чэхіі, лідэр невялікай правацэнтрысцкай партыі Карэл Шварцэнбэрг. Абодва набралі амаль па чвэрці галасоў выбарцаў, і разрыў склаў менш за адсотак.

Прэзыдэнт у Чэхіі ня мае значных паўнамоцтваў. Акрамя прадстаўленьня краіны за мяжой, ён яшчэ прызначае старшыню Цэнтральнага банку і судзьдзяў Вярхоўнага суду. Але пасьля таго, як зьмянілі закон, і прэзыдэнта сталі абіраць не ў парлямэнце, а наўпроставым галасаваньнем, выбаршчыкі актыўна ўключыліся ў кампанію, бачачы ў сваім выбары сыгнал таго, куды пойдзе краіна пасьля двух прэзыдэнцкіх тэрмінаў цяперашняга кіраўніка дзяржавы, прагматыка і эўраскептыка Вацлава Клаўса і яго папярэдніка, паважанага першага прэзыдэнта Чэхіі, былога дысыдэнта і пісьменьніка Вацлава Гаўла.

Зэман супраць Шварцэнбэрга

Мілаш Зэман - 68-гадовы былы прэм'ер-міністар, старшыня левацэнтрысцкай партыі, эканаміст па адукацыі, сацыяліст па поглядах, будуе кампанію на сваёй блізкасьці да простага народу. Абыгрываецца ўсе, ад прозьвішча кандыдата, што азначае дробнага землеўладальніка, да яго звычкі прапусьціць пару чарачак у любы час дня. У зьнешняй палітыцы ад Зэмана, якому закідаюць занадта сяброўскія адносіны з буйным бізнэсам, чакаюць бліжэйшых стасункаў з Расеяй.

Мілаш Зэман на сваёй пасадзе прэм’ер-міністра наведваў Менск у 2002 годзе. Але тады ён падкрэсьліваў, што прыехаў афіцыйна як шэф Камітэту за мір, дэмакратыю і правы чалавека. «Адна з галоўных мэтаў майго візыту — гэта ініцыяваньне палітычнага дыялёгу паміж беларускай уладай і апазыцыяй, якога ад пэўнага часу не існуе,» — заявіў ён тады ў інтэрвію Радыё Свабода. Зэман паставіў умовай, каб пры ягонай сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам прысутнічаў старшыня беларускай сацыяльна-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада» Мікалай Статкевіч, з-за чаго сустрэча з кіраўніком Беларусі не адбылася.

Нашчадак старой арыстакратычнай сям'і, кіраўнік правацэнтрыскай партыі «ТОП-09» 75-гадовы Карэл Шварцэнбэрг, князь Шварцэнбэрг, да гэтага часу валодае значнымі маёнткамі ў Цэнтральнай Эўропе, пераважна ў Аўстрыі і Чэхіі.

Пасьля камуністычнага перавароту 1948 году маёнткі канфіскавалі, а сям'ю выправадзілі. Знаходзячыся ў выгнаньні, Шварцэнбэрг не пераставаў цікавіцца справамі на радзіме, даваў прытулак і дапамогу чэскім дысыдэнтам, а вярнуўшыся ў родную краіну пасьля «аксамітнай» рэвалюцыі, стаў блізкім паплечнікам прэзыдэнта Вацлава Гаўла. Супраць кандыдата - яго недасканалае веданьне чэскай мовы і звычка засынаць падчас палітычных сходаў.

Карэл Шварцэнбэрг вядомы як прыхільнік дэмакратычных сіл у Беларусі: ён асабіста тэхлефанаваў былому кандыдату ў прэзыдэнты Алесю Міхалевічу адразу пасьля таго, як той быў выпушчаны з СІЗА КДБ, а потым, менавіта Шварцэнбэрг спрыяў таму, каб Міхалевічу быў хутка прадстаўлены палітычны прытулак у Чэхіі. Карэл Шварцэнбэрг быў у Менску ў 2009 годзе ў сувязі з праскім самітам Усходняга партнэрства і сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам. У Празе ён прымаў старшыню Рады БНР Івонку Сурвілу, а таксама Аляксандра Казуліна, Алеся Мілінкевіча, Зянона Пазьняка і Станіслава Шушкевіча.

Даючы ў інтэрвію Свабодзе прагноз адносна будучыні Беларусі, Шварцэнбэрг зазначыў: «Як правіла, такія рэжымы паміраюць адразу пасьля таго, як сыходзіць чалавек, які трымаў усю ўладу ў сваіх руках. Але пакуль у яго застаецца запас хітрасьці і энэргіі, і пакуль ён у змозе забясьпечваць нейкі прымальны ўзровень матэрыяльнага дабрабыту сваім падданым, вельмі цяжка пазбавіць яго ўлады».

Які б кандыдат не прыйшоў на Праскі Град, рэзыдэнцыю прэзыдэнта, аглядальнікі чакаюць, што ён палепшыць адносіны з Эўрапейскім Зьвязам, непрымірымым крытыкам якога зьяўляецца цяперашні прэзыдэнт Клаўс. А вось якімі будуць нюансы гэтай палітыкі, у тым ліку і ў дачыненьні да ўсходніх суседзяў, будзе залежаць ад поглядаў і асобы новага гаспадара прэзыдэнцкага палаца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG